Вы тут

Чый каравай вышэйшы, той у хаце галоўны


Прыкмячалі палешукі падчас адмысловага вясельнага дзейства


Каравай — гэта не проста хлеб, а знак дабрабыту, абавязковы атрыбут многіх абрадаў і свят. На Палессі караваю здаўна прыпісвалі магічныя функцыі: ён бярог ад бяды ў дарозе, бараніў дом ад пажару. Асабліва яго магічныя сілы ўзмацняліся падчас вяселля, калі для маладых наступаў пераломны, таму і небяспечны момант у жыцці. Традыцыйна ў Беларусі пасля Пятроўскага посту, які заканчваўся 11 ліпеня, пачыналі праводзіць вяселлі.

Галоўным сакральным атрыбутам выступаў каравай. Амаль тры гады таму вясельная каравайная традыцыя аграгарадка Моталь Іванаўскага раёна была занесена ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Убачыць гэты ўнікальны абрад і паўдзельнічаць у ім можна сёння ў Мотальскім музеі народнай творчасці.

— Абрад «Вясельны каравай» — гэта звычай выпечкі, упрыгажэння і міжродавага раздзелу абрадавага хлеба — караваю, — распавяла дырэктар музея Вольга Кульбеда. — Выпякаюцца два караваі: адзін — у доме жаніха, другі — у нявесты. Адметнасцю з’яўляюцца гузы ці шышкі — ачышчаныя галінкі садовых дрэў з пэўнай колькасцю разгалінаванняў. У караваі нявесты павінна абавязкова быць тры шышкі з двума парасткамі і дзве шышкі з трыма парасткамі. А ў караваі жаніха — чатыры шышкі з двума парасткамі і адна — з трыма. Затым шышкі абкручваюцца доўгімі палоскамі цеста і запякаюцца над полымем у печы. Далей іх, упрыгожаных барвінкам, аўсом і папяровымі кветкамі, утыкалі ў каравай і змацоўвалі чырвонай стужкай, якую варта было захоўваць і пасля вяселля, бо яна, паводле павер’я, набывала гаючыя ўласцівасці. Займаюцца гэтым спецыяльна запрошаныя жанчыны — каравайніцы, старэйшая над якімі — хросная маці. Лічыцца, што выбар каравайніцы можа паўплываць на лёс маладых. Таму запрашаюць толькі самых паважаных і гаспадарлівых жанчын.

Рэцэпт каравая немудрагелісты: мука, малако, алей, цукар, дрожджы, яйкі, ванілін, гарэлка, соль. Частка цеста ідзе непасрэдна на булку, астатняя — на ўпрыгожванне і шышкі.

…Жаніх прыязджае да нявесты з караваем. А пасля вянчання сваты пад музычны акампанемент уносяць яго ў святочную залу. Пры гэтым важна несці каравай максімальна высока. Чый знаходзіцца вышэй, той і будзе ў сям’і галоўны.

Мотальскі абрад «Вясельны каравай» ад пачатку да канца суправаджаецца малітвамі, дабраславеннямі, адмысловымі абрадавымі песнямі. Гэтыя песні ўнікальныя, бо пазбеглі ўплыву суседніх культур і сёння, як і ў старадаўнія часы, маюць адзін напеў і адметную манеру выканання і надаюць каравайнаму абраду своеасаблівы каларыт, эмацыянальную сілу. Песні выступаюць разам з караваем магутным абярэгам усяго дзейства.

— Першы дзень вяселля выпадаў, як правіла, на суботу, — заўважае Вольга Кульбеда. — На другі дзень вяселля, у нядзелю, адбываўся падзел каравая. Кожны атрымліваў сваю долю ўзамен на падарунак і добрыя пажаданні маладым. Шышкі падчас вяселля таксама раздаюцца гасцям: першая з кавалкам каравая аддаецца маладым, другая — бацькам, а апошняя — музыкам. Гэтыя шышкі таксама набываюць магічную сілу.

Дарэчы, Мотальскаму музею народнай творчасці аднаму з першых у 2001 годзе была ўручана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за шматгранную працу па прапагандзе і папулярызацыі народнага мастацтва і традыцыйных промыслаў.

Раіса МАРЧУК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.