Вы тут

Сяброўства вялікіх


Станіслаў Манюшка — адзін з самых вядомых беларусаў на зямным шары, сусветна знакаміты кампазітар, класік беларускай і польскай вакальнай лірыкі. Манюшка вучыўся ў Берліне, працаваў у Пецярбургу і Варшаве, але ніколі не забываўся на радзіму, звяртаючыся да яе меласу, фальклору і сябруючы з найвыдатнейшымі землякамі свайго часу.


Будынак, у якім жыў Станіслаў Манюшка (так званы «Дом масонаў»).

Станіслаў Манюшка і сябры тайных патрыятычных таварыстваў

Пачатак ХІХ стагоддзя. У легендарным для Беларусі Віленскім універсітэце пачынаюць дзейнічаць тайныя патрыятычныя таварыствы філаматаў (аматараў ведаў) і філарэтаў (прыхільнікаў дабрачыннасці). Гісторыя наўрад ці памятае прыклады таго, як згуртаванне студэнтаў-сяброў фактычна вызначыла напрамак развіцця нацыянальнай культуры на стагоддзі наперад, але менавіта гэта і адбылося ў тыя далёкія часы. Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Ігнат Дамейка, Аляксандр Ходзька, Антон Адынец, Францішак Маслеўскі, Юзаф Яжоўскі і іншыя — без гэтых асоб нельга нават уявіць, якімі б былі беларуская (і не толькі) літаратура, мастацтва і навука.

Амаль праз дваццаць гадоў, як лепшыя выхаванцы Віленскага ўніверсітэта апынуліся пад следствам і былі высланы; амаль праз дзесяць гадоў, як і сама навучальная ўстанова спыніла сваю дзейнасць па загадзе Мікалая І, у 1840 г., Станіслаў Манюшка ўладкоўваецца звычайным арганістам у касцёл Святых Янаў у Вільні. Для шляхціца (ды будучага сусветна знакамітага кампазітара) праца не вельмі прэстыжная, але то быў і незвычайны касцёл — ён уваходзіў у ансамбль былога Віленскага ўніверсітэта. Сімвалічная старонка біяграфіі Станіслава Манюшкі, бо менавіта ён стаў адным з прадаўжальнікаў ідэй патрыятычных таварыстваў. Віктар Скарабагатаў, адзін з выбітных беларускіх даследчыкаў кампазітара, ужо даўно зазначыў: «Калі знаёмішся з выданнямі вакальных твораў Манюшкі, што выходзілі пры яго жыцці, і перадусім з шасцю першымі выпускамі “Хатняга спеўніка” — сшыткамі, якія склаў ён сам, калі чытаеш артыкул у “Tygodniku Petersburgskim” ці перапіску кампазітара, усё больш і больш пераконваешся: менавіта Станіслаў Манюшка стаў найтрывалым спадкаемцам і прадаўжальнікам справы філаматаў на Беларусі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя».

Уплыў легендарных віленскіх студэнтаў на Станіслава Манюшку неаспрэчны. Чаго каштуе толькі «Гімн філарэтаў» на словы Антона Адынца: «…Стах, далі нам болейболей, чарку пусцім мы па коле, Зан суровы, будзь здаровы, віват, Тамаш Зан! Славіць далей ёсць ахвота. Хто больш сціплы за Чачота? Дык па новай, будзь здаровы, віват Чачот Ян!» (у перакладзе з польскай У. Мархеля). Непарыўная сувязь з былымі філарэтамі і філаматамі ўскосна ці прама праходзіць праз усё жыццё кампазітара. Станіслаў Манюшка вельмі любіў творчасць Адама Міцкевіча і шанаваў яго як вялікага паэта, а з Тамашам Занам і ўвогуле быў асабіста знаёмы: яны былі суседзямі ў мінскім так званым «доме масонаў». Асаблівая гісторыя стасункаў кампазітара з Янам Чачотам: на яго вершы Станіслаў Манюшка напісаў больш за ўсё твораў. Скончыўшы Берлінскую пеўчую акадэмію і вярнуўшыся на радзіму, кампазітар вырашыў зрабіць фундаментальную рэч — стварыць зборнік краёвых песень. Так з’явілася пры жыцці класіка шэсць выпускаў «Хатняга спеўніка», куды ўвайшоў беларускі і польскі мелас. Вось як апісвае спеўнік Станіслаў Манюшка ў «Tygodniku Petersburgskim»: «Вершы я стараўся выбіраць з найлепшых нашых паэтаў, перакананы ў тым, што гэтыя паэтычныя творы найбольш выявілі ў сабе мясцовы характар і каларыт… Вось чаму мой спеўнік можа выклікаць да сябе нейкую цікавасць. Бо калі цудоўныя вершы, паяднаныя з цудоўнай музыкай, здольныя адкрыць сабе доступ да вуха і сэрца не вельмі музыкальнага, то нават слабейшая, менш удалая музыка пры выдатнай паэзіі здабудзе сабе паблажлівасць; а тое, што ў ёй нацыянальнае, краёвае, мясцовае, што як рэха нашых дзіцячых успамінаў, ніколі насельнікам зямлі, на якой яны нарадзіліся і ўзраслі, падабацца не перастане».

У першым жа «Хатнім спеўніку» Манюшка змясціў тры «сялянскія песенькі» Чачота — «Ах, далёка», «Што там за кветка» і «Ой, бярозка міла». У рэшце рэшт, Віктар Скарабагатаў у цыкле нарысаў «Зайгралі спадчынныя куранты» адзначае: «З тысячы тэкстаў “сялянскіх песенек”, узноўленых Чачотам папольску, Манюшка адабраў дваццаць адзін. Гэта — своеасаблівы дзённік кампазітара, яго музычны сшытак лірычных замалёвак беларускага вясковага побыту. Тут пададзены розныя бакі гэтага побыту — вяселле, жніво, вайна, сіроцтва і шмат што іншае. Героі песняў — не толькі людзі, але і беларуская прырода, адухоўленая і ачалавечаная».

Станіслаў Манюшка і Уладзіслаў Сыракомля

Станіслаў Манюшка і Уладзіслаў Сыракомля пазнаёміліся, як звычайна бывала ў пазамінулым стагоддзі, у салоне. У гасцях у яшчэ адной выбітнай беларускай асобы — гісторыка-этнографа і выдаўца Адама Кіркора. Вершы Уладзіслава Сыракомлі таксама трапілі ў «Хатні спеўнік» (цыкл песняў «Лірнік вясковы», «Паходная песня літвінаў» і інш.). Сяброўства і творчае супрацоўніцтва кампазітара і паэта працягвалася ўсё жыццё. Уладзіслаў Сыракомля нават стаў хросным бацькам аднаго з сыноў Манюшкі — Яна Бабтысты. Сыракомля цаніў і вельмі верыў у талент кампазітара. У 1849 г. ён упісаў верш у альбом свайго сябра, дзе былі наступныя радкі: «Не толькі тут веліч твая многа значыць, тут лёс усталёўвае планы, Бог даў табе творчасць, агонь даў спявачы, пяеш ты — на тое пасланы. Цябе шчыра любім і плёну ўсе зычым: Літве прысвяціў ты натхненне і стаў як Арфей інструментам музычным, змякчаючы скалы, каменне» (пераклад У. Мархеля).

У 1857 г. Манюшка перабіраецца ў Варшаву. Сыракомля дакладна разумее, што беларуская зямля страціла яшчэ аднаго вялікага сына і балюча перажывае пераезд сябра. Паэт піша ў лісце да Яна Хэнцінскага: «Вось у гэтую хвіліну наш Манюшка, дрыжучы, чакае прысуду вашай публікі. Баюся прадказаць, але Бог ведае, ці будзе даспадобы вашай публіцы, спешчанай італьянскай музыкаю, цяжкая, класічная і адначасова хвалюючая музыка. Знаўцы пахваляць, але ці прымуць шырокія колы? Манюшка належыць патомным — ён спакойны за суд сучасных і будучых знаўцаў, але яму трэба, каб яго адчулі, зразумелі, палюбілі. Гэта болей значыць, чым апладысменты. Варшава ў гэтую хвілю маецца вынесці прысуд, але хай памятае, што гэты прысуд будзе яшчэ перасуджаны Еўропаю і нашчадкамі. Суддзі, майце на ўвазе!»

Як паказвае гісторыя, шырокія варшаўскія колы прынялі Манюшку надзвычай добра, настолькі, што і зараз лічаць вялікім полькім кампазітарам. Што праўда, безумоўна, але найперш Манюшка быў беларусам, што і зазначыў яго сябар. Верагодна, Сыракомля як ніхто бачыў трагізм пераезду Манюшкі з радзімы, дзе вельмі часта творцу трэба даказваць сваю вартасць за мяжой, каб яго пачалі шанаваць і самі беларусы. Ён пісаў у 1860 г.: «Я разумею, што Варшава павінна мець свае церні, але і адчуваю, што ў ёй вальней дыхаць грудзям мастака. З часу, як ты нас пакінуў, ты даў столькі бліскучых сведчанняў мастацкага жыцця, што нам і гонар перад Еўропаю, і сорам за сябе, што знакамітага земляка мы раней не ўмелі цаніць».

Станіслаў Манюшка і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Супрацоўніцтва гэтых двух творцаў падаравала нам оперу «Сялянка», дзе ўпершыню са сцэны прагучала беларуская мова, нацыянальныя мелодыі, прыказкі і прымаўкі, што было ў той час не проста смела, а амаль гераічна. Опера адразу была забаронена царскімі ўладамі, а ноты знішчаліся. На жаль, толькі два музычныя фрагменты захаваліся да нашых дзён. У цыкле нарысаў «Зайгралі спадчынныя куранты» Віктар Скарабагатаў адзначае і стаўленне Манюшкі да ДунінаМарцінкевіча: «Што да Манюшкі, дык, калі ўспомнім “Вершы я браў з найлепшых нашых паэтаў”, несумненна, ён залічыў туды Дуніна-Марцінкевіча», а потым даследчык дадае яшчэ адну важную думку ў разуменні светапогляду кампазітара і людзей яго часу: «Нельга не заўважыць, што ёсць вельмі прыкметны другі сэнс Манюшкавага слова “наш”. У вуснах беларускай інтэлігенцыі ХІХ ст. гэтае слова мела даволі выразны краёва-патрыятычны беларускі (ліцвінскі) сэнс. Як тут не ўспомніць назоў зборніка літургічных спеваў таго ж Манюшкі — “Песні нашага касцёла” ці, напрыклад, пачатак ліста Сыракомлі да Хэнцінскага ў Варшаву: “Вось, у гэтую хвіліну наш Манюшка, дрыжучы, чакае прысуду вашай (польскай) публікі”. І ў пазнейшы час гэтае слова азначала для беларусаў тое самае: газеты “Наша доля”, “Наша ніва”».

Стваральнікам беларускай нацыянальнай класічнай оперы каля ратушы ў Мінску ўстаноўлены помнік. Станіслаў Манюшка і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч быццам замерлі ў натхнёным абмеркаванні «Сялянкі», нават не здагадваючыся, што будзе значыць іх твор для нашчадкаў.

Ганна ВАРОНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.