Вы тут

Ляляўскі vs Пушкін: усе трагедыі вялікія


Жудасны век, жудасныя сэрцы… Так казаў Пушкін, і даўно тое было. Што змянілася? Няма рыцараў, але па зямлі ўсё так жа ходзяць сквапныя людзі, гатовыя ахвяраваць адносінамі з блізкімі дзеля ўласнай скарбонкі. Ёсць геніі і тыя, хто ім зайздросціць. Ёсць спакуснікі і тыя, хто гатовы спакушацца: чалавек жа слабы, недасканалы. Чалавек хоча адчуваць жыццё напоўніцу, калі яго фінансавы стан, здароўе, мараль дазваляюць «адарвацца», не звяртаючы ўвагі на тое, што навокал пануе бяда, — як даводзіцца часам чуць: «Адзін раз жывём». Можа быць…


З маленькага зла вырастае вялікае, нават калі падаецца, што тычыцца яно нейкага аднаго чалавека, які для агульнай карціны свету зусім нязначны. Няпраўда, лічыць рэжысёр Аляксей Ляляўскі, і спрачаецца з самім Аляксандрам Пушкіным, аўтарам «Маленькіх трагедый». Усе аргументы на сваю карысць пастаноўшчык спектакля «Пушкін. Вельмі маленькія трагедыі» ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек  знаходзіць у тэксце класіка. Але ўжо па першай жа частцы «Скупы рыцар» — па тым, як вонкава пададзены герой і як прамаўляецца тэкст, — разумееш, што кожны «нязначны», нават смешны грашок, можа ператварацца ў вялікую трагедыю для іншых. Па значнасці тэмы гэты спектакль для мяне — адзін з самых яркіх у мінулым сезоне.

Аляксей Ляляўскі — той рэжысёр, які ўмее ўзняцца над тэмай і нават дробнае разгледзець на ўзроўні глабальнага. Не дзіва: зусім іншы век, а жудасныя сэрцы здольныя ўплываць на сусветныя маштабы.

Адпаведны канцэптуальны выбар рэжысёра, дзе акцэнт робіцца ў першую чаргу на чатырох жарсцях чалавечых (для гледача яны адмыслова пазначаныя пры пераходзе ад гісторыі да гісторыі), і пад іх жа прыдумана ўвасабленне герояў. Напрыклад, скупы рыцар — мілы і пухнаты хамячок, у якім грэх не пазнаць чалавека з пэўнай жарсцю. Ён падлашчваецца пад герцага — тут для метафарычнага абазначэння героя дастаткова (і сапраўды ж!) вялікай спагадлівай рукі. Моцарт — наогул непарушны бюст (нават некалькі, якія ў наш час дзе толькі не тыражуюцца), і што супраць яго маленькі лялечны Сальеры? Альбо як у «Каменным госці» выглядае маленькая лялька Дона Гуана супраць вялікай лялькі Доны Ганны — яна ў вачах іншых увасабляе прыстойнасць. А на «Балі падчас чумы» пануюць акцёры-людзі — гэта той час, калі хавацца бессэнсоўна, кожны сам за сябе, такі як ёсць. Такі, як пойдзе на найвышэйшы суд. Напэўна…

Для рэжысёра тут няма сумневу. Гэта зразумела і па рытміцы, у якой рушыць дзея ўсяго спектакля: спачатку повольная, а напрыканцы паскараецца. І ў гэтым ёсць логіка: час не той, што пры жыцці Пушкіна. Час паскараецца, спрасоўваецца, няма магчымасці рэпеціраваць жыццё і думаць, што ўсё можна будзе яшчэ паправіць. Значыць, з людзьмі трэба размаўляць больш канкрэтна. Нават жорстка.

І не так пяшчотна-павучальна, як няня з Сашам Пушкіным — але па факце пра тое ж. Гэтыя дыялогі ўстаўлены ў спектакль і яднаюць яго часткі, у тым ліку дазваляючы адчуць часавую адлегласць. Таму што самі гісторыі ў спектаклі распавядаюцца як прыпавесці. Нягледзячы на вонкавы гістарызм (паводле стыляў эпох), ёсць адчуванне нашага часу, які паўстае са сцэны: прыпавесці Ляляўскага разлічаны на яго гледачоў, а не на чытачоў Пушкіна пры жыцці аўтара. Наш час — у візуальным вырашэнні, дзе ёсць жаданне абысціся без лішняга антуражу. Ён у эстэтычным выяўленні (сцэнограф Таццяна Нерсісян), нават у выбары колераў: у сцэнічным змроку нібыта раствораны дух, які не трэба казаць словамі, яго адчуваеш, седзячы ў зале, і гэты дух імкнецца прарвацца са сцэны ў залу. Напрыканцы выходзіш з поўным адчуваннем, што сам жывеш у змроку, заціснуты ўмовамі і правіламі, не слухаеш свой дух, што, бывае, вярэдзіць сумленне і вядзе да неспакою. Але за гэтымі непрыемнымі адчуваннямі і дыскамфортам — дзейснасць, жаданне нешта зрабіць, змяніць.

Спектакль Ляляўскага не кажа ў лоб. Ён на тонкіх, дасціпных нюасах. Глядзіш за лялькамі ў «Каменным госці» — і разумееш, наколькі малы, нязначны чалавек, што напаўняе сваё жыццё жывёльнай жарсцю. Чалавек, які кідае выклік грамадству, нават Богу, наадварот, вялікі — і ва ўласных вачах, і ў вачах тых, хто гатовы маліцца на яго як на ўладара. Не, не лялькі галоўныя ў «Балі падчас чумы». Не хочуць быць сучасныя людзі лялькамі ў руках ці то сляпога лёсу, ці то сілы, якую адмаўляюць: дзяўчына ў балаклаве з’яўляецца прадстаўніцай нашага часу, але параджэннем мінулай эпохі, якая расплюшчыла чалавека цяжарам жудасных трагедый. Тут Пушкін гучыць не тое што ў маралізатарскім тоне, а нават апакаліптычна. Старшыня (варыянты імёнаў будуць з’яўляцца ў кожнага падчас прагляду ў залежнасці ад колькасці пражытых гадоў і ведаў найноўшай гісторыі) правіць баль, і навошта яму цяпер абцяжарваць сябе думкамі пра памерлых ад чумы маці ды жонкі? Ён гаспадар гэтага моманту. Магчыма…

Пакуль не гучыць апошні маналог, а разам з ім становяцца гучнейшыя і не паскараюцца ў рытме гукі. Нібыта набат адбівае тэрмін. Адбівае не яго — старшыні — імгненні. Гэтыя набатныя гукі ўжо пасля выхаду спектакля аддаюцца ў галаве, з пульсацыяй крыві пранікаюць у клеткі арганізма. Такім чынам рэжысёр умудраецца кінуць выклік трагічнай безнадзейнасці: верыць, што чалавек можа не загінуць, яго можна і трэба абудзіць і ўзняць. І гэта самы няпросты вынік спектакля, таму што невідавочны. Той вынік, які можа быць зусім недаспадобы тым, хто не катэгарычна прымае выклік, хто любіць піры і аддаецца жарсцям, для каго чужая маленькая трагедыя — не бяда. Але з маленькіх бед складаецца карціна татальнай трагедыі. Татальнай яе робіць у тым ліку абыякавасць ці не менш татальная прага забаў і бесклапотнага існавання (у тым ліку ў тэатры) без згадак, што чалавеку можа быць балюча.

У цяперашнім тэатры я бясспрэчна вітаю любую спробу неабыякавасці. Бо адседзеўшы ў татальнай цемры ўвесь спектакль, першае, што хочацца зрабіць — выйсці ў белы свет і глытнуць чыстага паветра, спадзеючыся, што яно будзе чыстым і святло — яркім.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Выклік безнадзейнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».