Вы тут

Гродзеншчына адзначыла гадавіну вызвалення абласнога цэнтра


Абласны цэнтр быў вызвалены 16 ліпеня. Але не канчаткова, баі ў «занёманскай» частцы вяліся ажно да 24 ліпеня. Тым не менш артылерыйскія залпы перамогі ў гонар вызвалення горада прагучалі ў Маскве менавіта 16-га. Сёлета праграма святкавання 75-й гадавіны знамянальнай падзеі прайшла ўрачыста па ўсіх райцэнтрах Гродзеншчыны.


Астравецкі раён першы на Гродзеншчыне сустрэў вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта адбылося ў той жа дзень, як і ў сталіцы, — 3 ліпеня. Затым хваля наступлення савецкіх войскаў ішла далей на захад. І ўжо праз дзень ад ворага была ачышчана Смаргоншчына. Сёлета падчас святкавання тут устаноўлены памятны знак воінам-ракетчыкам. Наступным вызваліцеляў сустракаў Ашмянскі раён, затым Навагрудак. Да 75-й гадавіны гэтай славутай даты ў горадзе была ўрачыста адкрыта Сцяна Памяці. Жыхары Карэліцкага раёна сустрэлі юбілейную дату 8 ліпеня на полі Фогеля, дзе вяліся апошнія кровапралітныя баі за малую радзіму. Цяпер тут устаноўлены манумент у гонар савецкай дывізіі, якой камандаваў Герой Савецкага Саюза Ян Фогель і быў тут смяротна паранены. Далей ішло вызваленне Дзятлаўскага, Лідскага, Слонімскага, Ваўкавыскага раёнаў...

У абласны цэнтр Перамога прыйшла 16 ліпеня з войскамі 2-га і 3-га Беларускіх франтоў. Асабліва жорсткія баі ішлі на ўзбярэжжы Нёмана, які цяпер дзеліць горад на дзве часткі. Некалькі разоў пераправа пераходзіла ад аднаго боку да другога. Калі правы бераг быў вызвалены 16 ліпеня, то «занёманская» частка толькі 24-га.

Як ішло вызваленне горада і які ён меў выгляд — аб гэтым быў прадэманстраваны дакументальны фільм, які падрыхтаваў гарадскі тэлеканал «Гродна Плюс» сумесна з гродзенскімі гісторыкамі. У фільме выкарыстаны рэдкія кадры кінахронікі 1944 года з архіўных фондаў, на якіх можна ўбачыць амаль поўнасцю знішчаны цэнтр горада. Снарады не закранулі толькі храмы. Унікальныя кадры былі прадэманстраваныя шырокай аўдыторыі ўпершыню.

Праграма святочных мерапрыемстваў пачалася зранку. У парку імя Жылібера, каля Вечнага агню, прайшоў урачысты мітынг і ўскладанне кветак. Тых ветэранаў, хто не змог прыйсці на ўрачыстасць, напярэдадні вітаў духавы аркестр. У іх гонар гучаў марш «Развітанне славянкі». Такую акцыю ўпершыню ініцыявала адміністрацыя Ленінскага раёна Гродна.

Дарэчы, канцэрты духавога аркестра «Гарадзенскія трубы» парадавалі ўсіх наведвальнікаў парка імя Жылібера, дзе 16 ліпеня прайшло ўрачыстае святкаванне 75-й гадавіны вызвалення горада. Канцэрты адбыліся на некалькіх пляцоўках. Цікавую праграму падрыхтаваў ансамбль «Памяць». У суправаджэнні баяніста прагучалі песні былых часоў, да выканання якіх маглі далучыцца ўсе прысутныя. Вечарам каля Нёмана гасцей сустрэла аглядальная пляцоўка «Ратонда-Арт» са святочнай праграмай, а ў цэнтры горада на пешаходнай вуліцы з балкона гучалі песні ў выкананні артыстаў Гродзенскай абласной філармоніі. У гала-канцэрце «Гродна-Памяць-Героі» прынялі ўдзел музычны тэатр «Рада», народная эстрадная студыя «Міленіум». Каля галоўнага фантана горада адбылася рэтра-праграма з удзелам духавога аркестра.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Крокі перамогі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».