Вы тут

Чым небяспечная нервовая анарэксія і як блізкія могуць выратаваць жыццё?


Даследаванні паказалі, што ў Беларусі на нервовую анарэксію пакутуе каля 4 % дзяўчат ва ўзросце ад трынаццаці да дваццаці гадоў. Сёння стройнасць цела па-ранейшаму ўзведзена ў культ. І калі нехта пачынае актыўна худзець, блізкія і сябры могуць правакаваць і падтрымліваць гэта імкненне. Калі дзяўчынка худзее, бацькі часта спісваюць гэта на падлеткавае дзівацтва. І мала хто задумваецца над тым, што прычынай змянення рэжыму харчавання можа быць смяротная хвароба — анарэксія. Аб яе прычынах, небяспецы ды аб тым, ці можна своечасова спыніцца і што залежыць ад блізкіх, расказала дацэнт кафедры псіхатэрапіі і медыцынскай псіхалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, урач-псіхатэрапеўт медыцынскага цэнтра «ЛАДЭ» Алена ТАРАСЕВІЧ.


— Анарэксія — слова, якое прыйшло ў наш ужытак са Старажытнай Грэцыі і літаральна яно азначае адсутнасць позываў да ўжывання ежы. У медыцыне, прымяняючы тэрмін «нервовая анарэксія», маюць на ўвазе сіндром, калі чалавек асэнсавана адмаўляецца ад ежы, у яго працяглы час адсутнічае апетыт і знікае асноўны інстынкт — голад, — тлумачыць Алена Уладзіміраўна. — Хворы з такім расстройствам успрымае ежу як нешта пагрозлівае, пры гэтым адчувае надзвычайную трывогу ў пытаннях, звязаных з масай цела ці зніжэннем вагі.

— Анарэксія — хвароба дзяўчат-падлеткаў?

— Так, хварэюць пераважна дзяўчаты — у 90—95 % выпадкаў. Мужчыны да такіх расстройстваў схільныя значна менш, але апошнім часам назіраецца рост і мужчынскай анарэксіі. Часцей за ўсё расстройства харчовых паводзінаў узнікае ў падлеткавым узросце, у 10—12—14 гадоў, калі з'яўляецца няўпэўненасць у сабе і ўяўленне, што маса цела большая, чым у равесніц. Але ёсць выпадкі, калі анарэксія пачынаецца нават з 8 гадоў.

— У чым яе прычыны?

— Не існуе адной прычыны, якая можа паўплываць на ўзнікненне анарэксіі. Звычайна задзейнічаны тры фактары: біялагічны (біялагічная і генетычная схільнасць), псіхалагічны (падлеткавая дэпрэсія, уплыў сям'і і ўнутраныя канфлікты) і сацыяльны (уплыў навакольных, перайманне). Часта спускавым механізмам для анарэксіі з'яўляюцца заўвагі аднакласнікаў ці настаўніка фізкультуры, танцаў. Дзіця не падцягнулася на брусах, — равеснікі сказалі «ты таўстуха». Гэтыя словы запускаюць псіхалагічны механізм «Мне трэба пахудзець». Дзяўчынка разумее, што трэба зніжаць масу цела, і ўсё ў жыцці скіравана на гэта. Часам сям'я імкнецца нават дапамагаць — маці гатуе нізкакаларыйныя стравы.

— Як бацькам зразумець, што іх дзіця захварэла на анарэксію? У які момант трэба біць трывогу?

— Калі з'явілася ўпартае імкненне да пахудзення, якое можа спалучацца з панічным страхам павелічэння масы цела. Пры гэтым уласнага знясілення дзіця не заўважае, а любымі сродкамі імкнецца пазбавіць арганізм ад ежы: выклікае ваніты, прымае слабіцельныя, пачынае харчавацца асобна, хавае ежу, перакладвае ў талеркі іншага, аддае хатнім жывёлам. На фоне галадання з'яўляецца імкненне перакормліваць іншых членаў сям'і, асабліва малодшага брата ці сястру. А прыгатаванне ежы ператвараецца ў складаны рытуал. Дарэчы, людзі, якія мелі такое расстройства, часта выбіраюць прафесію, звязанаю з ежай — кандытар, кухар.

Другая стадыя парушэння харчовых паводзін — булімія. Яна характарызуецца бескантрольным аб'яданнем — дзіця з'ядае ўсё, што ёсць у халадзільніку. Гэта ежа яго распірае, яно бяжыць у прыбіральню, каб выклікаць ваніты. Такім хворым складана кантраляваць працэс прыёму ежы — ім складана ўстаяць, нягледзячы на адсутнасць голаду, або немагчыма спыніцца нават наеўшыся.

І хоць у кожным выпадку ўсё вельмі індывідуальна, заўважыць змены не складана: пры анарэксіі ад недахопу харчавання развіваецца дыстрафія цягліц, спыняецца рост, цьмянеюць і выпадаюць валасы, псуюцца зубы, ад вымывання кальцыю становяцца крохкімі косці, перастае працаваць кішэчнік — з'яўляюцца запоры і «галодны» пах з рота, нарастае фізічная слабасць, галавакружэнні, могуць пачацца сутаргі. У дзяўчат парушаецца менструальны цыкл. Пры першых трывожных сімптомах варта звяртацца да ўрача, бо перспектыва выздараўлення ў многім залежыць ад своечасовага пачатку лячэння і ступені «паломак» у арганізме, якія паспелі ўзнікнуць.

— Калі дзяўчынка займаецца спортам, той жа мастацкай гімнастыкай і старанна сочыць за вагой...

— ...то, хутчэй за ўсё, гэта не анарэксія, а патрабаванне трэнераў ці педагогаў. Калі дзіця займаецца балетам, гімнастыкай, вага павінна быць у пэўных межах, каб заставацца ў спорце ці харэаграфіі. Трэба адрозніваць гэта ад расстройстваў харчовых паводзінаў, якія пачынаюцца як даніна модзе, імкненне пераймаць ці не адрознівацца ад равеснікаў.

— І якія перспектывы вылечыць гэта расстройства?

— На сёння медыцынская статыстыка такая: у 30 % стан паляпшаецца, у 18 % выпадкаў хвароба прымае хранічную форму, а 12 % пацыентаў гінуць з прычыны знясілення ці самагубства. На самай справе з такімі пацыентамі складана спраўляцца нават у стацыянары. У кожнай палаце ёсць санітарка, якая сочыць, каб пасля прыёму ежы хворыя не выклікалі рвоту. А пацыентка пры гэтым пад коўдрай умудраецца зрабіць 70 адцісканняў! Гэта сур'ёзная праблема. Часта справа даходзіць да рэанімацыі. Шмат гадоў таму адна мая пацыентка памерла ў васямнаццаць гадоў. Яе неаднаразова лячылі ў стацыянары, была нават прымусовая шпіталізацыя. Дзяўчына знясільвала сябе фізічнымі практыкаваннямі, праколвала пальцы і пускала кроў... У выніку яна загінула — памерла ад поліарганнай сімптаматыкі. Сэрца не атрымлівае неабходны аб'ём крыві, насычанай мікраэлементамі і пажыўнымі рэчывамі, непрыкметна перастаюць дзейнічаць ныркі, печань, прычым усё адбываецца вельмі хутка. У рэанімацыі іх імкнуцца выратаваць, ставяць кропельніцы, але часам гэта ўжо немагчыма — пункт незвароту пройдзены.

Таму блізкія павінны разумець, што без іх дапамогі пачаць лячэнне нерэальна. Самі хворыя часта адмаўляюць сваю праблему і хваробу. Верагоднасць трагедыі вельмі вялікая, калі ад пачатку расстройства да звароту па дапамогу прайшло больш за тры гады. Даказана, што са змяншэннем масы цела на кожныя 10 % ад ідэальнай для пэўнага ўзросту і росту, імавернасць смяротнага зыходу ад нервовай анарэксіі павялічваецца на 18 %.

— Колькі часу займае працэс лячэння?

— Не менш як год. У стацыянары пацыенткі могуць знаходзіцца 40 дзён і нават больш, медыкаментознае лячэнне доўжыцца ад паўгода, псіхатэрапеўтычнае — не менш за год. Лячэнне любых расстройстваў — працэс доўгі і складаны. На першым этапе аднаўляюць фізічнае здароўе. Калі стан стабілізуецца, пацыента паступова прывучаюць да нармальнага харчавання, дапамагаючы вярнуцца да здаровай вагі. Затым пачынаецца курс псіхатэрапіі, калі шукаюць прычыны хваробы і шляхі яе пераадолення, дапамагаюць пацыенту пазбавіцца ад скажонага ўяўлення аб уласным целе.

— Калі дзіця не жадае лячыцца і лічыць сябе па-ранейшаму тоўстым, што рабіць у такіх выпадках?

— Анарэксія — гэта барацьба за ўладу паміж дачкой і бацькамі ў межах празмерна звязаных адносін. Уласнае цела — апошняя сфера, дзе хворая можа адмежавацца ад патрабаванняў бацькоў. Звычайна ў такіх сем'ях дамінуе жаночы аўтарытэт — маці, бабулі. Таму бацькам трэба пастарацца змяніць самаацэнку дзіцяці, зрабіць так, каб яно пачало сябе паважаць, палепшыць узаемаразуменне ў сям'і.

— На ранніх этапах з анарэксіяй можна справіцца ў хатніх умовах?

— Неабходна ўвесці частае дробнае харчаванне, а пасля прыёмаў ежы цікавыя заняткі адцягваюць увагу і, каб пазбегнуць ірвоты хворага. Патрэбны пастаянны, добразычлівы, непрыкметны кантроль за хворым і стымуляцыя апетыту — доўгія трапезы са стравамі, у якіх ён раней не мог сабе адмовіць (яны павінны быць прыгожа аформленыя і г. д.). І самае галоўнае — дарыце любоў хвораму на анарэксію.

Пры станоўчым цячэнні трэба выкарыстоўваць метад узнагароджання жаданым падарункам і пашыраць асабістую свабоду хворага, праўда, надоўга без нагляду яго пакідаць нельга. Калі ён адмаўляецца есці, спасылаючыся на адсутнасць апетыту, прапануйце вадкую ежу — харчовую сумесь. Фіксуйце колькасць выпітай вадкасці і мачы, гэта вельмі важна для наладжвання водна-электралітных рэакцый у арганізме.

— Як паводзіць сябе з такім хворым? Кантактаваць з ім даволі няпроста...

— Найперш трэба эмацыянальна падтрымліваць сваё дзіця, не «апускаць» яго самаацэнку. Ні ў якім разе не крытыкаваць знешнасць і адмовіцца ад аўтарытарных заўваг у яго бок. І не дапускаць некарэктных заўваг кагосьці з навакольных — сваякоў, сяброў. Так можна нават папярэдзіць і своечасова пачаць лячыць выяўленыя сімптомы анарэксіі.

Калі захворванне ўжо развілася, то неабходна адмовіцца ад культу ежы ў сям'і або няправільнага падыходу да харчавання. Сваім асабістым прыкладам пакажыце, што вы не прыхільнік дыет і пры гэтым лічыце сябе дасканалым. Забудзьцеся на час пра свае праблемы і цалкам прысвяціце сябе хвораму. Толькі падтрымка, любоў, пачуццё патрэбнасці і такт!

Дзяўчаты з анарэксіяй хваравіта рэагуюць на заўвагі, таму забудзьцеся пра грубасць, знявагі, прымусовае харчаванне, сваркі і крыўды. Набярыцеся цярпення і пастарайцеся атрымаць як мага больш ведаў па гэтай праблеме.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Мне трэба пахудзець!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.