Вы тут

Міхась Мушынскі. Настаўнік, калега


Першае маё знаёмства з Міхасём Іосіфавічам Мушынскім, завочнае, адбылося, калі я была студэнткай беларускага аддзялення філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На чацвёртым курсе нам выкладалі прадмет «Беларуская літаратурная крытыка». І ў якасці дапаможніка рэкамендавалі кнігу Міхася Іосіфавіча «Беларускае літаратуразнаўства і крытыка» (Мінск, 1975). У бацькоўскай бібліятэцы я адшукала гэтую кнігу, пачала чытаць і была ўражана, проста зачаравана лёгкасцю апавядальнай манеры, багаццем слоўніка, тым, як аналізуе літаратурны і крытычны рух таго часу Мушынскі. Карысталася і другімі кнігамі па гэтым прадмеце, але з поўнай адказнасцю магу сказаць, што кніга Мушынскага была на парадак вышэйшая за другія. Акадэмічная і ў той жа час з элементамі навукова-папулярнага стылю, манера пісьма Міхася Іосіфавіча выклікала цікавасць, стымулявала да самастойных роздумаў і пошукаў.


Крыху пазней, у юбілейныя коласаўскія дні, я набыла ў краме цудоўна, з вялікім густам выдадзенную манаграфію «Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа» і, добра ведаючы прозвішча аўтара, адразу паглыбілася ў чытанне. Праз некалькі дзён мой бацька, вярнуўшыся дадому з «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі», дзе ён працаваў тады галоўным рэдактарам, дастаў з партфеля гэтую ж кнігу Мушынскага і сказаў: «Во, Мушынскі падпісаў сваю новую кнігу. Пра Коласа — жыццё і творчасць. Я на рабоце крыху пагартаў. Які малайчына! Амаль па гадзінах распісана, што рабіў класік!» — «А я ўжо набыла гэтую кнігу, але табе не паказала, бо адразу прынялася чытаць, мяркую, для дыпломнай работы што-небудзь вазьму», — сказала я.

У снежні 1986 года, пасля заканчэння аспірантуры на кафедры беларускай літаратуры БДУ, я прыйшла працаваць у тагачасны Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы, у аддзел (тады ён называўся сектарам) выданняў і тэксталогіі, якім кіраваў Міхась Іосіфавіч. Мушынскі вельмі прыязна мяне сустрэў, расказаў пра работу, якую вядзе аддзел, пра супрацоўнікаў і нават крыху пазнаёміў з традыцыямі, якія на той час ужо склаліся ў аддзеле.

Кіраваў аддзелам Міхась Іосіфавіч з пачуццём вялікага такту, нават з далікатнасцю. Да ўсіх ён ставіўся аднолькава ветліва, з павагай: і да малодшых навуковых супрацоўнікаў, і да старшых навуковых супрацоўнікаў, і да лабарантаў, і да сакратарак. Ніколі не павышаў голас, не інтрыгаваў, хоць кіраваць аддзелам было вельмі няпроста, бо ў ім былі адны жанчыны. Такі спосаб кіравання ўсе мы, супрацоўніцы аддзела, вельмі высока цанілі і былі за яго вельмі ўдзячныя Міхасю Іосіфавічу. Наш аддзел нават жартаўліва называлі радком з калісьці вельмі папулярнай песні: «Восем дзевак — адзін я». І сапраўды, Міхась Іосіфавіч — адзіны мужчына ў аддзеле, а нас, супрацоўніц, — восем. Вельмі любіў Міхась Іосіфавіч дні народзінаў супрацоўнікаў, калі ладзіліся гарбата і кава. Тут ён быў тамадой, расказваў шмат цікавых гісторый і анекдотаў, але больш любіў слухаць анекдоты і заўсёды весела смяяўся. Пры кожнай сустрэчы ён цікавіўся, што новага адбылося, што плануецца, хто чым займаецца, і гэта не была дзяжурная цікавасць: Міхась Іосіфавіч заўсёды стараўся выказаць сваё меркаванне па той ці іншай сітуацыі, даць слушную параду.

Нельга не сказаць і пра яго хобі. Справа ў тым, што Міхась Іосіфавіч займаўся здымкамі на кінакамеру. Здымаў усё, што было для яго цікава. Праяўляў. А потым рабіў прагляды таго, што было ім знята. Заўсёды мы, супрацоўнікі не толькі аддзела, але і ўсяго інстытута, з цікавасцю і захапленнем глядзелі гэты матэрыял. І гэта нягледзячы на тое, што не было гуку і адзняты матэрыял быў чорна-белы.

Некалькі разоў мне даводзілася браць на работу майго сына — малога Ваню, бо не было на каго пакінуць яго дома. Аднойчы я прыйшла з Ванем на працу і стала праглядаць паперы, якія трэба было тэрмінова падрыхтаваць. Святлана Васільеўна Забродская, каб нечым заняць чатырохгадовага Ваню, дазволіла таму перакладаць паперы ў шуфлядах свайго стала. Ваня сур’ёзна паставіўся да гэтай задачы, пачаў з вельмі важным выглядам даставаць паперы з шуфлядак, а потым роўненька складваць іх зноў у шуфлядкі. І тут у аддзел зайшоў загадчык, убачыў Ваню і ўсклікнуў: «Вось у нас і новы супрацоўнік! Малайчына! Маладую змену трэба рыхтаваць з малых гадоў. Ваня, будзеш тэксталогам?» — «Канешне, буду», — ні на секунду не разгубіўшыся, адказаў Ваня. І гэтым вельмі рассмяшыў Міхася Іосіфавіча.

Шырыня навуковых інтарэсаў Міхася Іосіфавіча проста ўражвала: гісторыя беларускай літаратурнай крытыкі, творчасць Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага, Максіма Багдановіча, Міхася Зарэцкага, Івана Шамякіна, тэорыя літаратуразнаўства… Але галоўная навуковая заслуга Міхася Іосіфавіча — даследаванне творчасці Якуба Коласа. Ён стаяў каля вытокаў «Каласавінаў» — міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая ўжо некалькі дзесяцігоддзяў праводзіцца Домам-музеем Якуба Коласа і прыняць удзел у якой лічаць за гонар даследчыкі з Украіны, Расіі, Літвы, Латвіі і іншых краін. Кожны год Міхась Іосіфавіч рыхтаваў даклад па адной з праблем коласазнаўства, і вынікам удзелу ў гэтых канферэнцыях стала манаграфічнае выданне «Мае Каласавіны» (яно пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская навука»: 1-е выд. — у 2010 г., 2-е — у 2016 г.). Сапраўдны навуковы подзвіг здзейсніў Міхась Мушынскі, падрыхтаваўшы ў 2012 годзе новае выданне «Летапісу жыцця і творчасці Якуба Коласа». Гэты фаліянт у 1127 старонак разы ў чатыры перавышае аб’ём папярэдняга выдання «Летапісу…». Ніводны пісьменнік Беларусі, акрамя Якуба Коласа, не мае такога падрабязнага навукова-абгрунтаванага «Летапісу жыцця і творчасці». Міхась Іосіфавіч падпісаў мне экзэмпляр гэтай кнігі: «Алесі Іванаўне і Сяргею Уладзіміравічу — у знак глыбокай асабістай павагі і з пачуццём шчырага захаплення тым, што яны робяць па зберажэнні памяці і прапагандзе спадчыны выдатнага сына беларускай зямлі, класіка нацыянальнай літаратуры, вучонага, грамадскага дзеяча, носьбіта лепшых рысаў нацыянальнага характару Івана Пятровіча Шамякіна. Жадаю Алесі і Сяргею доўгага шчаслівага жыцця, новых радасцей і новых поспехаў. 23.ХІІ.2012 г. Міхась Мушынскі». Гэтая кніга займае пачэснае месца ў нашай хатняй бібліятэцы.

Маючы багаты вопыт па стварэнні «Летапісу жыцця і творчасці Якуба Коласа», Міхась Іосіфавіч пачаў працу над «Летапісам жыцця і творчасці Івана Шамякіна». Значная частка гэтай працы змешчана ў апошнім, 23-м, томе Збору твораў Івана Шамякіна. Але Міхась Іосіфавіч не спыніўся на гэтым, ён працягнуў працу і далей, каб выдаць летапіс асобнай кнігай. Я мяркую, што гэта кніга з цягам часу пабачыць свет і зойме пачэснае месца сярод грунтоўных работ Мушынскага.

У апошнія гады жыцця, ужо цяжка хворы, Міхась Іосіфавіч рэгулярна тэлефанаваў мне, цікавіўся навінамі. З-за хваробы ён не браў удзел у навуковай канферэнцыі да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага ў лютым 2018 года. Міхась Іосіфавіч вельмі перажываў, што не здолеў выступіць з дакладам на гэтай канферэнцыі. Ён шмат займаўся вывучэннем творчасці Максіма Гарэцкага і, нягледзячы на вялікую колькасць ужо апублікаваных работ па жыццёвым і творчым шляху пісьменніка, заўсёды рыхтаваў новыя і цікавыя матэрыялы. Пасля правядзення гэтай канферэнцыі ён вельмі доўга распытваў мяне, хто і як выступаў, на якую тэму былі даклады і паведамленні. І быў вельмі задаволены, што адбылася такая падзея — юбілейная канферэнцыя да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага.

Міхась Іосіфавіч быў не толькі выдатным вучоным-філолагам, літаратуразнаўцам ад Бога, ён шмат займаўся падрыхтоўкай маладых навуковых кадраў, на працягу многіх гадоў быў нязменным сакратаром савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Паспяхова спраўляўся і з гэтай пасадай. На многія дысертацыі і аўтарэфераты ім напісаны станоўчыя водгукі. І я мяркую, што дысертанты былі за гэта яму вельмі ўдзячныя. У апошні час Міхасём Іосіфавічам на філалагічны факультэт БДУ быў перададзены цэлы стос аўтарэфератаў. А колькі разоў ён выступаў афіцыйным і неафіцыйным апанентам на абаронах дысертацый! Я буду ўсё жыццё вельмі ўдзячна яму за яго выступленне неафіцыйным апанентам на абароне маёй кандыдацкай дысертацыі ў 2001 годзе. Акрамя гэтага, ён хваляваўся, як ідуць у мяне справы па афармленні дакументаў і да абароны, і пасля яе. М. І. Мушынскі быў вельмі ўзрадаваны, калі я атрымала дыплом кандыдата філалагічных навук.

Міхась Іосіфавіч апекаваў з абаронай дысертацыі не толькі мяне. Ён падрыхтаваў да абароны кандыдацкай дысертацыі па тэксталогіі Тэрэзу Станіславаўну Голуб, якая зараз з’яўляецца адзіным дыпламаваным кандыдатам навук па тэксталогіі ў нашай краіне. Ён вельмі ганарыўся тым, што нарэшце была абаронена кандыдацкая дысертацыя па тэксталогіі.

Ён быў адкрыты ўсяму новаму, што з’яўлялася ў галіне тэксталогіі, — у нас, у Беларусі, у Расіі, у краінах Балтыі, ва Украіне… Памятаю, я прынесла ў аддзел першы том новага поўнага Збору твораў Сяргея Ясеніна. Міхась Іосіфавіч тут жа пачаў цікавіцца, як падаюць матэрыялы пра паэта расійскія тэкстолагі, якія новыя матэрыялы ўводзяцца ў навуковае выкарыстанне, якія новыя рубрыкі з’явіліся ў томе. Менавіта Міхась Мушынскі актыўна настойваў на тым, каб у новы Збор твораў Янкі Купалы было ўключана ўсё, што напісана рукой Песняра: не толькі мастацкія творы і лісты, але і дзелавыя запісы, нават нумары тэлефонаў. Неабходнасць такога ўключэння тлумачыў тым, што тэксталогія як навука не толькі акумулюе ўсё тое, што назапашана ў тэарэтычным і практычным літаратуразнаўстве і крытыцы, але і дае штуршок для новых даследаванняў літаратурнай спадчыны пісьменнікаў. І спасылаўся пры гэтым Мушынскі на аўтарытэт даследчыкаў з Інстытута сусветнай літаратуры імя Максіма Горкага Расійскай акадэміі навук.

Гэтак жа апантана Міхась Іосіфавіч пачаў знаёміцца з першым томам новага Збору твораў М.В. Гогаля. Калі я, па прастаце душэўнай, звярнула яго ўвагу на тое, што сам тэкст зборніка «Вечары на хутары паблізу Дзіканькі» менш за дзвесце старонак, а каментарыі да яго больш чым шэсцьсот, то Міхась Іосіфавіч мякка мяне ўпікнуў: «Творы Гогаля выходзілі акадэмічнымі выданнямі больш чым дзясятак разоў, а мы выдаём Купалу і Коласа з акадэмічнымі каментарыямі толькі трэці раз. Пачакай, Алеся! І ў нас будуць такія ж багатыя і змястоўныя каментарыі. Тэксталогія як навука не робіцца на пустым месцы, яна крышталізуе ўсе веды па літаратуры і творчым працэсе». Я добра запомніла гэтыя словы Міхася Іосіфавіча, таму што, як мне здалося, яны выразна і коратка характарызуюць тэксталогію як навуку, якой прысвяціў сваё жыццё руплівец на ніве літаратуразнаўства прафесар М. І. Мушынскі.

Алеся ШАМЯКІНА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.