Вы тут

Агляд чытацкай пошты


«Жыццё такое, якім мы яго робім...»

З прафесарам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, правадзейным членам Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук Расійскай Федэрацыі, аўтарам 40 манаграфій, вучэбна-метадычных дапаможнікаў і амаль 300 навуковых прац Марыяй Жыгалавай я пазнаёмілася даўно — у адной з бібліятэк, на творчай сустрэчы з чытачамі. І, помню, уразілі тады не столькі рэгаліі гэтай абаяльнай і мудрай жанчыны, колькі дзіўная святланосная энергія.

Пра яе, заслужаную настаўніцу Беларусі, ураджэнку вёскі Збураж, што на Маларытчыне, — мне захацелася расказаць чытачам «Звязды».

— Марыя Пятроўна, мы з вамі добра ведаем, што ў беларускіх вёсках нарадзілася шмат цудоўных паэтаў. Нямала, відаць, і вучоных... У вашым маленстве нешта прадказвала, што спыніце свой выбар на педагогіцы, станеце прафесарам?

— Пасля 9-га класа я збіралася вучыцца на геолага, пазней хацела стаць спявачкай, бо з поспехам выступала нават на раённых і абласных мерапрыемствах, аднак бацька сказаў, што для сур'ёзнага жыцця гэта не прафесія. Таму пасля школы я падалася на фізмат, недабрала паўбала, пайшла працаваць піянерважатай, а ўжо налета апынулася на філфаку...

Сёння, азіраючыся на ўжо пройдзены шлях, думаю, што ў лёсе чалавека, як у тога ж геолага, павінен быць і пошук, і правільны матэматычны разлік. Дарэчы, не толькі ў навуцы, але і ў асабістым жыцці: у мяне сёння трое дзяцей, пяцёра ўнукаў, два праўнукі...

— Дарога — як можна падумаць — была без асаблівых перашкод, але ж я ведаю, што гэта не так, што вам давялося перажыць нямала пераломных момантаў, якія маглі карэнным чынам змяніць жыццё...

— І сапраўды, у досыць маладым узросце (малодшаму сыну было чатыры гады) я перанесла клінічную смерць ад анафілактычнага шоку, доўга лячылася, год не працавала, бо дрэнна хадзіла, былі праблемы з памяццю... Мне тады ўсё настойлівей гаварылі пра групу інваліднасці, я ад яе адмаўлялася, і муж мяне ў гэтым падтрымліваў... У выніку пасля аздараўленчых працэдур у санаторыях Крыма, Каўказа, Балгарыі я, дзякаваць богу, без усялякіх лекаў вярнулася да ранейшага жыцця і праз нейкі час ужо ўдзельнічала ў навуковых семінарах, збіралася паступаць у аспірантуру пры Інстытуце нацыянальных праблем адукацыі ў Маскве і для таго, каб здаць кандыдацкі мінімум у Мінску па філасофіі, у Маскве і Брэсце — па замежнай і расійскай літаратуры, вечарамі, пасля работы, можна сказаць, за свет, ездзіла на курсы...

Абараніўшы кандыдацкую дысертацыю, засела за доктарскую, пасля якой былі іншыя прыступкі, якія і вабілі, і вабяць уверх, не даючы спыніцца.

Такі вось лёс, такое вось, можна сказаць, другое жыццё, якое толькі пацвярджае веліч светапабудовы і ўсявышняга.

— Вы, трэба разумець, выраслі ў сям'і, дзе веру не адмаўлялі?

— Бацькі заўсёды былі для мяне і апорай, і абаронай, якая дадавала сіл. Перажыўшы вайну і страты, яны ведалі цану сапраўднаму шчасцю, якое заключалася ў міры (у шырокім сэнсе гэтага слова, а значыць — яшчэ і ў сям'і). Яны ведалі цану гармоніі ў адносінах паміж мужчынам і жанчынай, паміж працай фізічнай і духоўнай, без якой не можа адбыцца сапраўдная асоба. Ведалі, што шчасце здабываецца ў штодзённай барацьбе чалавека са сваімі слабасцямі. З дому сваіх бацькоў я вынесла мудрае: «Набярыся смеласці, калі хочаш нешта змяніць, набярыся цярпення, калі нешта змяніць не можаш, і набярыся розуму, каб адрозніць, калі патрэбная смеласць, а калі цярпенне».

Найскладаней, вядома, было з апошнім, з розумам, бо адкуль ён у вясковай дзяўчынкі, якая сама пракладвала сабе дарогу і таму набівала шмат гузакоў.

— У барацьбе за існаванне чалавецтва мае велізарнейшы досвед. Ён — у незлічонай колькасці кніг... Як у гэтым бязмежжы выбраць патрэбнае? Якія кнігі дапамагалі вам?

— У школе я з задавальненнем чытала класіку — і айчынную, і рускую, ва ўніверсітэце і пасля яго — праграмныя мастацкія кнігі, у тым ліку па псіхалогіі і філасофіі, цяпер у сталым узросце... Назаву хіба некалькі імёнаў і твораў: Колас, Купала, Караткевіч... «Што такое не шанцуе і як з ім змагацца» Міхаіла Велера, «Дыялектыка Пераходнага Перыяду з Ніадкуль у Нікуды» Віктара Пялевіна, «Алхімік», «Мактуб» Паўла Каэльё, «Імперыя анёлаў» Бернара Вербера...

На мой погляд, галоўнае ў выбары кніг — кіравацца ўнутранай патрэбай у чытанні, пастаяннай матывацыяй да пазнання свету, а значыць, і самога сябе, такога, як ёсць.

— А якія мы? Цяпер усё часцей сустракаюцца людзі хмурныя, пакрыўджаныя на лёс: маўляў, усё не так. А як трэба, у прыватнасці, на ваш дасведчаны погляд? Якімі правіламі ў жыцці кіраваліся вы, што можаце параіць іншым?

— Людзей, незадаволеных жыццём, я таксама сустракала часта.

Неяк у маршрутцы ехала з маладым чалавекам, якога пасля вучобы размеркавалі на работу ў вёску. Ён страшэнна скардзіўся на лёс! Мы з кіроўцам доўга слухалі, а нарэшце, я не вытрымала — папрасіла хлопца паглядзець направа. Усё там радавала вочы: дагледжаная зямля, кветкі... Спытала, што ён адчувае? Хлопец сказаў: «Ну, вядома ж, радасць». Потым я папрасіла яго паглядзець налева, дзе надоечы, мякка кажучы, пасваволіў вецер — паламаў дрэвы (малады чалавек скрывіўся і адвёў вочы). А я ўрэшце сказала, што гэта паездка, дарога — і ёсць наша жыццё, у якім заўсёды быў, ёсць і будзе як пазітыў, так і негатыў. У які бок глядзець, кожны чалавек выбірае сам. І адпаведна жыццё яго будзе прабягаць, як гэта маршрутка — альбо ў радасці, альбо ў расчараваннях... Малады чалавек на нейкі час змоўк, задумаўся, а потым падзякаваў мне за атрыманы ўрок...

Я заўсёды, нават у негатыве, шукаю пазітыў. Нездарма ж у народзе кажуць, што не было б часам шчасця, ды няшчасце памагло...

Што датычыцца пакрыўджаных на свой лёс, то тут адназначнага адказу няма: у жыцці хапае ўсялякага. Але ж калі чалавек фізічна здаровы, то незадаволенасць найчасцей вынікае ад яго... ненаеднасці — незадаволенасці матэрыяльным бокам жыцця. Памятаеце ў Хэмінгуэя? «Дайце чалавеку неабходнае — і ён захоча выгод. Забяспечце яго выгодамі — ён будзе імкнуцца да раскошы...» Таму я заўсёды дзякую богу за тое, што дае мне і маёй сям'і сапраўды неабходнае, радуюся справам, якія пашчасціла зрабіць, стараюся знаходзіць дробязі, здольныя ўзняць настрой, пераканаць у праўдзівасці крылатага «Жыццё цудоўнае, нават тады, калі яно жахлівае».

— Гэта, будзем лічыць, правіла першае. Ёсць наступныя?

— Так: сумнявайся, пралічвай, разважай да таго часу, пакуль не пачнеш справу, а вось пачаўшы, — ужо ідзі, не адступай назад, нават тады, калі будуць перашкоды і не будзе прызнання; не бойся вучыцца новаму, не помні зла, любі жыццё і людзей... Жыві, урэшце, будучым, а не мінулым і сённяшнім: як любіла паўтараць мая бабуля, планы павінны быць за гарамі, нават тады, калі смерць за плячамі.

— Марыя Пятроўна, вы апублікавалі мноства навуковых прац. У іх сабраны вельмі цікавы і багаты матэрыял, яны бліскуча напісаны. Вам уласцівая неверагодная працаздольнасць!.. Які павінен быць распарадак дня, каб усё паспяваць?

— Кожнаму ў гэтым жыцці даецца па ягоных сілах... Адкуль яны бяруцца? Відаць, ад бацькоў, чый аптымізм і энергію я атрымала ў спадчыну. А сама проста прывыкла берагчы і шанаваць адведзены час. Калі нехта пытае пра адпачынак, я звычайна адказваю, што ў навукоўца яго проста няма, таму што ход думак спыніць немагчыма. Да таго ж любую справу я заўсёды раблю з душой. Таму кожны дзень азіраюся на тое, як ён пражыты, і хібаў, можна сказаць, не бачу. Жыццё, згадзіцеся, такое, якім мы яго робім.  Упэўнена, што любы чалавек можа ажыццявіць сваю мару, галоўнае — нястомна, кожны дзень набліжацца да яе — хоць бы на крок.

Валянціна Паліканіна

г. Мінск


«Не пытайце, хлопцы-дзеўкі,

Дзе бяром для вас прыпеўкі?»

Трактары

мы выпускалі

У святле

Ленінскіх ідэй.

Так што

тэхнікі хапае,

Нам бы ў вёсачкі...

людзей!

* * *

Цёмны лес гудзе

сурова,

Сухастоіна стаіць,

Каб узяць яе

на дровы,

Трэба грошыкі

плаціць.

* * *

Навігатары прыдбалі,

Аказалася — дарма.

У грыбы пайшлі —

прапалі:

У лесе сувязі няма!

* * *

У Еўропе, за мяжой,

Наш ляночак

цэніцца.

Як насеем-

прададзім —

Жытка пераменіцца.

* * *

Не пытайце,

хлопцы-дзеўкі,

Дзе бяром

для вас прыпеўкі?

Ды ў сарокі

на хвасце:

Лес сякуць,

а ён расце.

Іван Астроўскі

г. Мінск


 «...Таму што ў ёй — пра ўсё і для ўсіх»

Найперш — шчыры дзякуй газеце за родную мову, за цікавую інфармацыю і карысныя парады.

Я працую выхавацелькай у дзіцячым садку. Не так даўно мы там думалі, як адсвяткаваць выпускны. Была прапанова наконт запуску балонікаў. І быў артыкул Сяргея Расолькі «Замест святочных шарыкаў — пасадка дрэў». Дык цікавая ж ідэя!.. Яе з ахвотай падтрымалі бацькі нашых дзетак. І з мая ў садку, на адмысловай алеі, ужо расце туя з шыльдачкай «Выпуск-2019»...

Цяпер на дварэ ліпень, я набіраю групу малечы, якой вельмі патрэбны развіццёвыя дыванкі, гульні. І тут мне зноў дапамагае «Звязда», артыкул пра гомельскую кампанію «Метэарыт Плюс», прадукцыя якой упрыгожвае цяпер групу дашкалят, служыць для развіцця маўлення і маторыкі рук.

Ёсць у любімай газеце і любімыя рубрыкі, аўтары. я ніколі не прапускаю артыкулы Алены Ляўковіч, Святланы Яскевіч, Валянціны Доўнар, Надзеі Нікалаевай, чакаю выпускаў «Сямейнай газеты». І наогул (як і ўсе ў нашай сям'і) чытаю газету, можна сказаць, ад радка да радка, таму што там — жыццёвыя пытанні асобнага чалавека і праблемы краіны, там — пра ўсё і для ўсіх.

Адкуль мае пажаданні: «Звяздзе» — далейшага росквіту, звяздоўцам — натхнення і аптымізму. А сабе — сустрэч з журналістамі, прычым — не толькі на старонках. Адна з маіх мар — пабываць у рэдакцыі.

Ну чаму б і не? Думкі ж, рэч матэрыяльная?

Вольга Змітраковіч, падпісчыца «Звязды» з 1986 года

г. Крупкі

Р.S. Да ведама ўсіх, хто чарговы ці першы раз выбраў для сябе «Звязду»: заўтра ў рэдакцыі адбудзецца чарговы розыгрыш прызоў, на які (і, вядома ж, пасля якога...) да нас прыходзяць падпісчыкі.

А таму — да сустрэч. І не толькі на старонках газеты!

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.