Вы тут

Пранізлівыя сімвалы незабыўнага часу


3 ліпеня ў найноўшай гісторыі суверэннай Беларусі не толькі нацыянальнае свята — Дзень Рэспублікі. Гэта яшчэ і дата вызвалення Мінска ў 1944 годзе ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якая літаральна і сімвалічна знайшла яркае эпічнае адлюстраванне ў карціне вядомага беларускага мастака Валянціна Волкава. Праца так і называецца «Мінск. 3 ліпеня 1944 года». І знаходзіцца яна на самым бачным, пачэсным месцы ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.


Зрэшты, у розных выставачных залах, але ў адной мастацкай прасторы сустракаюцца працы тых беларускіх мастакоў, чыя жыццёвая біяграфія непасрэдна спазнала гады Вялікай Айчыннай вайны. Што асабліва сімвалічна ў тыя дні, калі краіна адзначае вызваленне Мінска ад фашысцкіх захопнікаў. Айчыннае выяўленчае мастацтва змагло захаваць да падзей мінулай вайны самае сур’ёзнае стаўленне. Ні адзін з буйных мастакоў, чые імёны ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнай культуры — Заір Азгур, Валянцін Волкаў, Андрэй Бембель, Іван Ахрэмчык, Яўген Зайцаў, Міхаіл Савіцкі, Віктар Грамыка, Гаўрыла Вашчанка, Уладзімір Стальмашонак, Май Данцыг, Леанід Шчамялёў, Васіль Сумараў і іншыя — не змог застацца ў баку ад гэтай тэмы ў сваёй творчасці.

22 чэрвеня 1941 года Беларусь апынулася ў самым эпіцэнтры ваенных падзей Другой сусветнай вайны. У канцы жніўня ўся яе тэрыторыя была занятая нямецкімі акупантамі. У 1942 годзе пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання былі створаны Цэнтральны і Беларускі штаб партызанскага руху. Нядзіўна, што Беларусь называлі «партызанскай рэспублікай». У ходзе «рэйкавай вайны» і ваеннай аперацыі «Баграціён» у чэрвені-ліпені 1944 года яна была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Лёс мастацтва Беларусі цесна звязаны з ходам тых ваенных падзей. Частка мастакоў апынулася на фронце, некаторыя патрапілі ў эвакуацыю або засталіся на акупаванай тэрыторыі, частка далучылася да партызанскага руху. Калекцыю даваеннай Дзяржаўнай карціннай галерэі (папярэдніцы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь) не паспелі эвакуаваць: большая частка твораў была разрабавана або знішчана ў часе бамбёжак і пажараў.

Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, беларускія мастакі працавалі і ў перыяд вайны. Яны знайшлі для сябе больш зручныя формы адлюстравання рэчаіснасці: маленькія эцюды, накіды, франтавыя замалёўкі, плакаты і карыкатуры, партрэты. Пасля вызвалення Беларусі мастакі здзяйснялі шматлікія творчыя камандзіроўкі па месцах ваенных падзей, стваралі вобразы герояў вайны.

Так, ваенная эпоха — цэлы велізарны свет пачуццяў і перажыванняў са сваімі сацыяльнымі, псіхалагічнымі, маральнымі асаблівасцямі. І кожнае пакаленне мастакоў шукала ўласны ключ да раскрыцця гэтага свету. Мастацтва 40–50‑х гадоў мінулага стагоддзя, якое па сутнасці з’яўляецца пунктам адліку ў развіцці ваеннай тэмы, прынята папракаць у своеасаблівым «лакаванні» падзей. Аднак, разглядаючы творы, не варта забываць, што гэтая, на наш цяперашні погляд, «лакіроўка» перадавала шчырыя пачуцці. З’яўляючыся адначасова і дакументам эпохі, і асабістым перажываннем мастака, і часткай усеагульнага духоўнага ўздыму, яны могуць быць адэкватна зразумелыя толькі ў такім адзіным кантэксце. А да своеасаблівай выяўленчай літаратурнасці, інсцэніроўцы ваенных падзей прыводзіў сам мастацкі метад «вялікага стылю», які патрабаваў шматлікіх падрыхтоўчых эцюдаў і эскізаў, уласцівая беларускай школе сацыялістычнага рэалізму ўстаноўка на дакладную перадачу натуры.

Мастацтва таго часу было непасрэдным водгукам на зусім нядаўнія, яшчэ, што называецца, не астылыя падзеі вайны. Адсюль — вастрыня і ўсхваляванасць творчага выказвання, разгорнутасць драматычнай фабулы.

Вядучыя мастакі першага пасляваеннага пакалення абавязкова знаходзілі пераканаўчыя выяўленчыя рашэнні для сваіх карцін, што і вызначыла іх творчае даўгалецце. Класікай сталі маштабныя шматфігурныя кампазіцыі Яўгена Зайцава, Сяргея Раманава, Івана Ахрэмчыка, Валянціна Волкава, скульптурныя партрэты Заіра Азгура і Андрэя Бембеля. Важную ролю ў фармаванні ваенна-патрыятычнай тэматыкі выяўленчага мастацтва зрабілі франтавыя малюнкі і эцюды, у якіх аўтарамі былі зафіксаваныя будзённыя імгненні вайны. Ужо ў тыя гады былі выпрацаваны сюжэты і матывы, якія сталі ў далейшым тыповымі: трагедыя гібелі героя, супрацьстаянне, горыч страт, драматычныя калізіі бою, бедствы вайны і акупацыі, партрэты-тыпажы. Вядучае месца сярод іх заняў партызанскі эпас, які раскрываў мноства разнастайных жыццёвых і маральных аспектаў вайны, шмат у чым вызначыўшы эвалюцыю беларускага выяўленчага мастацтва.

З цягам часу стаўленне да ваеннай тэмы пачало змяняцца. З’яўляюцца іншыя матывы і акцэнты, галоўным становіцца не дакументальная дакладнасць, а раскрыццё глыбокага філасофскага сэнсу падзей, сувязі часоў, абагульненне і публіцыстычнасць. Ваенна-патрыятычную тэматыку з поспехам распрацоўвалі тыя ж Леанід Шчамялёў, Георгій Паплаўскі, Віктар Грамыка, Мікалай Назарчук, Мікалай Назаранка, Барыс Аракчэеў. Маральныя матывы, якія амаль не сустракаліся ў іх творах раней, робяцца галоўнымі. На палотнах — драма чалавечых лёсаў. Наватарскімі ў вырашэнні тэмы сталі «Партызанскае вяселле» Мая Данцыга, «Нараджэнне» Леаніда Шчамялёва, творы Міхаіла Савіцкага, дзе з дапамогай метафар і сімвалаў зменьваліся шэрагавыя падзеі.

Так, для многіх мастакоў, у тым ліку і для ўдзельнікаў ваенных дзеянняў, з часам галоўнымі ва ўвасабленні вайны становяцца звязаныя з ёй разнастайныя чалавечыя эмоцыі, якія знаходзяцца па-за ідэалагічных рамак. Напрыклад, на карціне Язэпа Белановіча «22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць» фігура маці ў жалобным адзенні з дзіцем на руках асацыюецца з класічным матывам памінання. З лірычнай мяккасцю гэтая тэма вырашана ў адной з самых знакамітых карцін Фёдара Бараноўскага «Лазня». Жыццярадасны бытавы сюжэт, які ўслаўляе жаночую прыгажосць, стварае ашаламляльны кантраст з нечалавечай трагічнасцю ваеннага часу.

Несумненна, для мастакоў старэйшага пакалення вайна была часткай біяграфіі. Многія іх творы станавіліся проста эпічным расповедам, часта які быў пабудаваны на канкрэтыцы рэальных сюжэтаў. Але чым далей адыходзіць ад нас час ваенных падзей, тым часцей мастакі звяртаюцца да іх з дапамогай вобразнай трактоўкі: псіхалагічнай, рамантычнай або лірычнай. Вайна стала набываць «чалавечы» твар. Новыя аўтары не толькі адлюстроўвалі пэўныя рэальныя абставіны і ўчынкі герояў сваіх карцін, яны шукалі асацыяцыі, перадавалі эмоцыі, тужылі, радаваліся, выказваючы ўсё гэта, стоячы ля мальберта. Для мастакоў неяк натуральна адкрылася магчымасць перадаваць таемныя, інтымныя думкі, пачуцці.

Так, можна смела сказаць, што ў XXI стагоддзі ваенна-патрыятычны жанр атрымаў далейшае развіццё. Але ўся розніца ў тым, што калі раней пра вайну казалі «ад першай асобы», аўтары асабліва арыентаваліся на ўласныя ўспаміны, то сёння мастакі «прачытваюць» тэму асацыятыўна, перакладаючы яе на гістарычную праблематыку, на мужнасць людзей у барацьбе з ворагам, на адлюстраванне радасці за Перамогу. Кіраўнік студыі ваенных мастакоў, створанай пры міністэрстве абароны Мікалай Апіёк лічыць: «Наша задача — не страціць тое лепшае, што было дасягнута папярэднікамі. Мы практычна не маем табуяваных тэм. Усё залежыць ад здольнасцяў і смеласці мастака, яго грамадзянскай пазіцыі. Калі хтосьці імкнецца паглыбляцца ў гісторыю, няхай не шукае для сябе толькі самыя эфектныя яе моманты. Гэта прынцыпова — паказваць не толькі перамогі, але і паражэнні, радасць і боль, сілу, смеласць і мужнасць. Неабходна быць сумленнымі перад гісторыяй і сучаснасцю».

Веніямін Міхееў

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.