Вы тут

«Белавія» выканала першы рэгулярны рэйс па маршруце Мінск — Мюнхен — Мінск


У ганаровай абстаноўцы адбыўся першы рэгулярны рэйс па маршруце Мінск — Мюнхен — Мінск. Яго ажыццявіла ААТ «Авіякампанія „Белавія“». Сярод першых пасажыраў быў і карэспандэнт «Звязды».


На адмысловай прэс-канферэнцыі ў Мінску выступілі генеральны дырэктар авіякампаніі, генеральны дырэктар Нацыянальнага аэропорта, Часовая Павераная ў справах ФРГ Аня Лютэр, прадстаўнікі знешнепалітычнага ведамства, авіяцыйных уладаў і сілавых структур. У Германіі з прывітальным словам выступілі віцэ-прэзідэнт па авіяцыі міжнароднага аэрапорта Мюнхен Андрэас фон Путкамэр і намеснік гендырэктара па маркетынгу і ЗЭД Ігар Чаргінец.

«Адкрыццё рэйса ў Мюнхен стала сапраўды значнай падзеяй, да якой мы рыхтаваліся некалькі гадоў. Авіяцыйныя ўлады Беларусі і Германіі ўвесну дамовіліся пра павелічэнне маршрутаў палётаў для авіяперавозчыкаў дзвюх дзяржаў. Дзякуючы гэтаму рашэнню „Белавія“ здолела дадаць гэты новы напрамак у маршрутную сетку», — адзначыў генеральны дырэктар авіякампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў.

Таксама ён дадаў, што Беларусь і Германія стануць бліжэй па ўсіх напрамках: для развіцця бізнес-кантактаў, міжкультурнага дыялогу, умацавання гандлёва-эканамічных узаемаадносін. Для гасцей Беларусі мінскі аэрапорт можа стаць зручным міжнародным портам для палётаў у іншыя краіны.

Палёты будуць ажыццяўляцца чатыры разы на тыдзень: па панядзелках, чацвяргах, пятніцах і нядзелях. Час вылету з Нацыянальнага аэрапорта Мінск — 12:35, прыбыццё — 13:35. У 14:15 самалёт адправіцца назад у сталіцу Беларусі. Прыбыццё запланавана на 17:15. Ва ўсіх выпадках пазначаны мясцовы час. На дадзены момант у галоўным горадзе зямлі Баварыя стрэлкі гадзіннікаў «адстаюць» на адну гадзіну.

Што праўда, сёння ўрачыстасці ў Мюнхене некалькі зацягнуліся, таму адваротны самалёт узляцеў на паўтары гадзіны пазней. Гэта вызвала абурэнне ў некаторых пасажыраў.

Пралятаем над Мінскам (вадасховішча Дразды, мікрараён Лебядзіны, рынак Ждановічы)...

... і над нямецкім гарадком.

Пасажыры будуць вандраваць на самалётах Embraer-195, якія могуць змясціць 76 пасажыраў. Кошт авіяквіткоў у адзін бок стартуе ад 115 еўра, уключаючы таксы і зборы. Пры куплі білетаў туды-назад заплаціць прыйдзецца як мінімум 255 еўра.

Міжнародны аэрапорт Мюнхена стаў чацвёртым аэрапортам «Белавіі» ў нямецкім напрамку. На рэгулярнай аснове нацыянальны авіяперавозчык ажыццяўляе палёты ў Берлін, Франфуркт-на-Майне і Гановер.

Для беларусаў, адзначылі ў авіякампаніі, горад будзе цікавы ўсім, хто хоча наведаць музеі, у тым ліку музей BMW, вывучыць архітэктуру розных стыляў і папрысутнічаць на вядомых па ўсім свеце фестывалях піва.

Дзмітрый СУГАНЯЕЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.