Вы тут

Павел Сапега (1610—1665)


Бываюць часы цяжкіх выпрабаванняў, калі патрэбны самаахвярны і мужны правадыр, які павёў бы за сабой іншых, усяліў у іх сэрцы веру ў перамогу. Роля асобы ў гісторыі часам бывае выключнай і нават вырашальнай. Такім чалавекам быў Павел Сапега, які ў гады «крывавага патопу» ўзначаліў абарону Рэчы Паспалітай ад заваёўнікаў. Як ён пісаў: «З удзячнасці мілай маёй Маці-Айчыне не шкадаваў для яе фартун, здароўя і крыві маёй».


Сын усвяцкага старосты Яна Пятра Сапегі і Софіі Вэйгар Павел вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбургу і ў 1631 годзе пасля заканчэння вучобы вярнуўся на радзіму. Пачалася яго палітычная і ваенная кар'ера. Ён удзельнічаў у 1632—1633 гадах у Смаленскай вайне і кіраваў коннай харугвай. І ледзь не загінуў пры штурме крэпасці Белай, калі побач з ім выбухнула міна. У часы вайны з украінскімі казакамі ён узначаліў полк і ўдзельнічаў у найбуйнейшых бітвах. Кароль Ян Казімір высока ацаніў заслугі і падараваў яму мястэчка Лёзны. А пасля смерці стрыечнага брата Казіміра Леона Сапегі, калі яму дасталіся Ружаны, Косава, Ляхавічы, Стары Быхаў, Бяроза, Чарэя і іншыя ўладанні, Павел Сапега стаў адным з найбагацейшых людзей у дзяржаве.

Так ужо здарылася, што ў першы перыяд вайны з Маскоўскай дзяржавай у 1654 годзе Павел Сапега знаходзіўся ў Бярэсці і збіраў войскі. Загадаў біць са свайго родавага срэбра грошы і плаціць жалаванне жаўнерам. У гэты час амаль усё Вялікае Княства Літоўскае разам са сталіцай была захоплена рускімі войскамі, а Жамойць акупавалі шведы. Частка магнатаў ВКЛ на чале з віленскім ваяводам і вялікім гетманам Янушам Радзівілам перайшла на бок Швецыі і заключыла з ёй Кейданаўскую унію. Войска Вялікага Княства пакінула свайго правадыра і падалося да Паўла Сапегі. Толькі ён у гэты цяжкі час мог абараніць Айчыну. Першае баявое хрышчэнне войска Сапегі адбылося 27 лістапада 1655 года каля вёскі Вярховічы, што за 25 вёрст ад Бярэсця. У Сапегі на той час было 6 тысяч жаўнераў супраць 28-тысячнага корпуса ваяводы Урусава, але ён прыняў бой і спыніў варожую раць. Гэта была першая перамога войска ВКЛ у вайне, якая ўзняла патрыятычныя памкненні ліцвінаў.

Неўзабаве войска Паўла Сапегі вырасла да 12 тысяч жаўнераў. Шведскі кароль і рускі цар прапаноўвалі Сапегу сваю пратэкцыю, але ён заставаўся верным каралю і вялікаму князю Яну Казіміру. І ўзнагародай яму сталі пасады віленскага ваяводы і вялікага гетмана літоўскага. Кароль прасіў Паўла Сапегу весці войска ў Польшчу ваяваць супраць шведаў, і ён у пачатку 1656 года выступіў у паход.

Прыход сапежынскага войска быў дарэчы. Каля Сандаміра польскае войска акружыла 10-тысячнае шведскае войска на чале з каралём Карлам Густавам. Сапега з 8 тысячамі жаўнераў спыніўся на правым беразе ракі Сана і закрыў шведам адзіны выхад з акружэння. Аднак 5 красавіка 1656 года шведы пераправіліся цераз Сан, збілі перадавыя заставы сапежынцаў і вырваліся з вонкі. Сапега вызваліў ад шведаў Люблін, а пасля ўзяў у аблогу Варшаву. 1 ліпеня пасля штурму шведскі гарнізон капітуляваў. Утрымаць сталіцу ў сваіх руках Яну Казіміру не ўдалося. Шведы зноў захапілі Варшаву, але ўтрымаць яе не змаглі. 8 кастрычніка пад Просткамі ў Прусіі войска Сапегі разбіла шведска-брандэбургскі корпус. Пералом у вайне са Швецыяй надышоў. Павел Сапега вярнуў веру ў перамогу, паказаў прыклад самаахвярнасці. Ён не шкадаваў сябе: «... усё ў сябе страціў, са скрухі знясілеў, не чую сваёй галавы, сэрца ўсё ссохла».

Новы вораг рушыў у 1657 годзе на Рэч Паспалітую — семіградскі князь Юрый Ракашы. У Вялікае Княства Літоўскае Ракашы паслаў універсалы, у якіх заклікаў выбраць яго вялікім князем. Ліцвінская шляхта і шляхта Люблінскага ваяводства пастанавілі на з'ездзе ў Бельску: «З кім будзе гетман Павел Сапега, з тым будзем і мы». А Сапега быў верны законнаму ўладару каралю Яну Казіміру.

Ракашы і яго саюзнік шведскі кароль Карл Густаў захапілі Бярэсце. Аднак Сапега вызваліў горад і пайшоў у пагоню за Ракашы. Пад Меджыбогам на Валыні польскае войка і войска Сапегі акружылі Ракашы, і той вымушаны быў капітуляваць.

У 1658—1659 гады Сапегу давялося змагацца на два франты — супраць шведаў і маскавітаў. Сіл не ставала. Сапежынскае войска (якое называлі Сапежынскай дывізіяй) ваявала ў Курляндыі са шведамі і вызваліла там шэраг гарадоў. І толькі калі ў 1660 годзе быў заключаны мір з Швецыяй, стала магчыма кінуць усе сілы супраць царскіх рацей. «Я увесь знясілены на здароўе, але не стамлюся зычліва старацца, каб айчыну ў такім цяжкім становішчы выратаваць», — заявіў Сапега.

28 чэрвеня 1660 года каля вёскі Палонка непадалёк ад Ляхавіч адбылася найбуйнейшая ў гэтай вайне бітва. Супраць 24-тысячнага войска ваяводы Івана Хаванскага выступіла дывізія Сапегі ў 8 тысяч жаўнераў і дывізія Стэфана Чарнецкага ў 6 тысяч жаўнераў. Хаванскі быў разбіты і ганебна ўцёк з поля сечы. Павел Сапега сціпла прамаўчаў пра сябе, але адзначыў гераізм жаўнераў. «Ахвоту, працу і непараўнальную дзейнасць войска цяжка выказаць. Сэрца радуецца, гледзячы, як іх Бог падбадзёрваў, і ўсе спадзяюцца і надзею нашу праз іх справавуюць». Затое Стэфан Чарнецкі адзначыў чынны ўнёсак у перамогу Паўла Сапегі: «Гетман мужна здароўя свайго не шкадаваў і супраць непрыяцеля працавіта стаяў».

Гэтая перамога была пачаткам пералому ў вайне з Маскоўскім царствам. Войска ВКЛ перайшло ў наступ і 3 ліпеня вызваліла Менск. Цар Аляксей Міхайлавіч паслаў на Беларусь 45-тысячную раць пад камандай князя Юрыя Даўгарукага. Бітва з ёй адбылася 8 кастрычніка 1660 года за дзве мілі ад Магілёва на рацэ Бася. У Сапегі і Чарнецкага было разам 12 тысяч жаўнераў. Хаванскі пахваляўся, што разаб'е іх за гадзіну. Але польскія і ліцвінскія воіны змагаліся як героі. Галоўны ўдар прыняла дывізія Паўла Сапегі, якая трымала цэнтр. Сам гетман знаходзіўся ў гушчы бітвы. Пад ім забілі каня, і Сапега цудам выратаваўся ад смерці. Гераізм сапежнікаў даў магчымасць флангам перайсці ў наступ і адкінуць непрыяцеля. Нягледзячы на колькасную перавагу, Даўгарукі схаваўся ў лагеры і стаў чакаць падыходу з Полацка войска Івана Хаванскага. Насустрач яму выступіў са сваёй дывізіяй Павел Сапега. І на гэты раз Хаванскі быў разбіты. З рэшткамі свайго войска ён уцёк у Полацк. Маральны дух рускіх воінаў быў падарваны.

Ян Казімір адзначыў, што Сапега, «не шкадуючы фартуны, дастатку свайго, без ніякага для сябе прыбытку не толькі ўласнасць сваю аддаваў, але і ў розных крэдытораў вялікія сумы на тыя высокія патрэбы браў і ахвотна даваў». Так была адзначана арганізацыйная роля Сапегі ў перамозе.

Пасля выступу жаўнераў (канфедэрацыі) Павел Сапега доўгі час не мог узначальваць войска — вельмі перажываў з гэтага. «Сіроцтва краёў беларускіх... і маё сціскае сэрца. Але што рабіць, калі Айчына прыходзіць на такую нешчаслівасць?» Састарэлы гетман гатовы быў служыць «асірацелай Айчыне». І ў 1663 годзе Сапега зноў узначаліў войска і падрыхтаваў яго для паходаў на Украіну, але ад хваробы вымушаны застацца дома.

Апошнія падзеі вайны адбываліся без удзелу Паўла Сапегі. Хвароба адняла сілы. 30 снежня 1665 года гетман памёр у Ружанскім палацы і быў пахаваны ў Бярозаўскім кляштары картэзіянцаў. Сучаснікі назвалі яго Lіberator Lіtvanіae — вызваліцелем Літвы. А гісторыкі адзначылі яго асаблівыя заслугі. «Калі Вялікае Княства Літоўскае захавалася ў цэласці і адабрана з непрыяцельскіх рук, то гэта ўсё Паўла Сапегі дзейнасць».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».