Вы тут

Летась 1476 жыхароў Беларусі памерлі ад выпадковага атручэння алкаголем


Ужываем менш, але ўсё роўна рызыкуем.

90 бутэлек гарэлкі па 0,5 л — столькі выпівае за год сярэднестатыстычны беларускі мужчына. У тыдзень гэта больш за 1,5 бутэлькі гарэлкі пры ўмове, што чалавек не піў іншага алкаголю. Сярод наступстваў такой рызыкоўнай мадэлі ўжывання спіртных напояў — 20 тысяч смярцей беларусаў у год, ці 50 смярцей у дзень. Такія звесткі прывёў каардынатар праграм Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) па грамадскай ахове здароўя краінавага офіса СААЗ у Беларусі Валянцін РУСОВІЧ.


Прадстаўнік СААЗ адзначыў першыя важныя поспехі нашай краіны па зніжэнні ўжывання алкаголю. Сапраўды, паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (бярэцца статыстыка за 2016 год), узровень спажывання алкаголю ў Беларусі знізіўся з 17,5 да 11,2 л на кожнага дарослага чалавека, старэйшага за 15 гадоў. Мы цяпер — на 27-м месцы ў свеце па спажыванні алкаголю на душу насельніцтва, хоць яшчэ некалькі гадоў таму былі адным з лідараў у сумным рэйтынгу.

Разам з тым СААЗ указвае, што ў нас ёсць вялікі патэнцыял у гэтым кірунку, рэалізуючы які мы маглі б у літаральным сэнсе выратаваць тысячы жыццяў, захаваць на ранейшым узроўні дзяржаўныя выдаткі і нават павялічыць паступленні ў дзяржбюджэт за кошт больш аптымальнай акцызнай палітыкі.

Кожны трэці мужчына

11,2 л чыстага спірту ў год — гэта сярэдні паказчык. На самай справе беларускія мужчыны выпіваюць 18 л спірту ў год, жанчыны — 5,5 л. Між тым, згодна з СААЗ, максімальны ўзровень спажывання павінен складаць 8 літраў на чалавека. Калі ён ніжэйшы за восем літраў — умомант зніжаецца і траўматызм, і смяротнасць ад знешніх прычын, і смяротнасць ад вострых атручванняў алкаголем.

Акрамя агульнага ўзроўню спажывання алкаголю, ёсць яшчэ адзін важны паказчык — мадэль яго ўжывання. Калі паглядзець, што п'юць беларусы, то можна ўбачыць, што 49 % у нас займаюць моцныя спіртныя напоі, 26 % — мацаваныя віны.

Пры гэтым СААЗ не рэкамендуе ўжываць больш за дзве стандартныя адзінкі алкаголю ў дзень мужчынам і больш за адну стандартную адзінку — жанчынам. І не менш чым два дні на тыдзень трэба цалкам устрымлівацца ад алкаголю. Пад адной стандартнай адзінкай алкаголю маецца на ўвазе 10 грамаў чыстага спірту. Напрыклад, гэта 0,33 л піва, або адзін фужэр сухога віна, або адна чарка ў 35 мл моцных спіртных напояў. Усё, што вышэйшае за гэтыя дазіроўкі, адносіцца да рызыкоўнага ўжывання алкаголю, пры якім рэзка павялічваецца імавернасць наступстваў для здароўя.

Ёсць яшчэ адзін парог — гэта шэсць і больш стандартных адзінак алкаголю для мужчын і чатыры і больш — для жанчын. Пры перавышэнні гэтага парога спецыялісты кажуць ужо не пра рызыкоўнае, а пра шкоднае ўжыванне. І нават калі чалавек вып'е больш за шэсць адзінак алкаголю адзін раз у год — медыкі ўжо адносяць яго да асоб, якія эпізадычна ўжываюць алкаголь у вялікіх колькасцях. У такога чалавека рэзка павялічваецца рызыка атрымання траўмаў, праблем з праваахоўнымі органамі і г. д.

Даследчыкі кажуць, што кожны трэці беларускі мужчына і 7 % беларусак ужываюць алкаголь па найбольш небяспечнай мадэлі, то-бок шэсць адзінак і больш, іншымі словамі, больш за 60 грамаў чыстага спірту за адзін раз.

Пры гэтым спецыялісты развенчваюць стэрэатыпы, якія склаліся вакол людзей са шкоднай мадэллю ўжывання алкаголю. Гэта не тыя, каго мы бачым раніцай у віна-гарэлачным аддзеле крамы. На самай справе сярэднестатыстычны чалавек са шкодным ужываннем алкаголю мае работу, сям'ю, дзяцей і водзіць аўтамабіль.

Смяротнасць ад ужывання алкаголю ў нас высокая і перавышае смяротнасць ад курэння. Акрамя 20 тысяч смерцяў у сувязі з захворваннямі, выкліканымі ўжываннем спіртных напояў, летась 1476 жыхароў Беларусі памерлі ад выпадковага атручэння алкаголем. Гэта 1186 мужчын і 290 жанчын. Пры гэтым толькі 10 % з гэтых смерцяў звязаныя з няякасным алкаголем ці ўжываннем метылавага спірту. Насамрэч амаль усе смерці ў гэтай катэгорыі — ад перадазіроўкі спіртнога. Сярэдняй смяротнай дозай спажывання алкаголю медыкі называюць 300 грамаў чыстага спірту, што адпавядае 1,5 бутэлькі гарэлкі на чалавека, спажытай на працягу шасці гадзін.

У справаздачы СААЗ за апошні год гаворыцца, што алкаголь па смяротнай небяспецы перадазіроўкі цалкам адпавядае цяжкім наркотыкам — гераіну, какаіну, метамфетаміну.

Непапулярныя меры?

Гэта так званыя непапулярныя меры, кажа Валянцін Русовіч. Першая — самая эфектыўная і адначасова самая непапулярная — гэта акцызная палітыка. Як, напрыклад, у Швецыі, дзе моцныя спіртныя напоі абкладаюцца акцызам, у 10 разоў большым, чым сухія віны, і ў 20 разоў большым, чым піва. Гэта робіць моцны алкаголь менш папулярным сярод моладзі, перш за ўсё з прычыны яго дарагоўлі. Таксама пры гэтым, акрамя папаўнення дзяржбюджэту, змяняецца структура спажывання алкаголю — у бок павелічэння спажывання слабаалкагольных напояў.

Яшчэ адна мера, прапанаваная СААЗ, — абмежаванне продажу спіртных напояў па ўзросце. Пры гэтым, акрамя ўласна абмежавання продажу алкаголю, якое дзейнічае і ў Беларусі, прапануюцца трохэтапныя штрафныя санкцыі за парушэнне гэтай забароны, калі за незаконны продаж алкаголю непаўналетняму штрафуецца прадавец, а таксама дырэктар магазіна і яго ўласнік. Пасля паўторнага продажу алкаголю непаўналетняму адбываецца прыпыненне ліцэнзіі на гандаль. Такія правілы дзейнічаюць у Расіі з 2013 года. І ўзровень штрафаў, якія ўведзены там, складае ад 800 долараў (у эквіваленце расійскіх рублёў) прадаўцу да 3000 долараў дырэктару крамы і да 8000 долараў уласніку крамы.

Сярод іншых мер Валянцін Русовіч назваў забарону начнога продажу алкаголю, скарачэнне гандлёвых пунктаў продажу моцных спіртных напояў, забарону на іх продаж на аўтазапраўках і некаторыя іншыя.

Падыходы да рэабілітацыі мяняюцца

Загадчык Рэспубліканскага цэнтра наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Аляксей КРАЛЬКО:

— У апошнія гады асаблівая ўвага ў нашай краіне аддаецца рэабілітацыі асоб з алкагольнай залежнасцю. Мы спрабуем развіваць сетку дзяржаўных рэабілітацыйных аддзяленняў з рабочымі праграмамі. Два гады таму на базе РНПЦ псіхічнага здароўя пачаў рэалізоўвацца навуковы праект, які прадугледжваў распрацоўку комплекснай методыкі рэабілітацыі асоб, якія знаходзяцца ў ЛПП. У ходзе яго рэалізацыі медыкі разам з Дэпартаментам выканання пакаранняў (у чыім ведамстве знаходзяцца ЛПП) вырашылі правесці пілотны практычны праект — узялі два ЛПП і інтэнсіўна пачалі выкарыстоўваць комплекс рэабілітацыйных мерапрыемстваў. І гэта паказала сваю эфектыўнасць. Цяпер падобныя групы фарміруюцца і ў іншых ЛПП. У найбліжэйшы час плануецца зрабіць ЛПП дыферэнцыяванымі. Асоб, якія паступаюць упершыню, будуць змяшчаць у адны прафілакторыі, а тых, хто не першы раз, — у іншыя. Гэтая прапанова цяпер знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі.

Святлана БУСЬКО

Фота Ліны Малінінай

Загаловак у газеце: Да дна?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.