Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі выхадных.


1. Шэсць залатых медалёў выйгралі беларускія атлеты на маладзёжным і юніёрскім чэмпіянатах Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ, якія завяршыліся ў Рачыцы (Чэхія).

У катэгорыі да 23 гадоў у спаборніцтвах байдарачнікаў на 500 метраў на першую прыступку п'едэстала ўзняўся квартэт у складзе Аляксея Місючэнкі, Юрыя Ткачова, Станіслава Дайнекі і Уладзіслава Літвінава. Яшчэ адзін залаты медаль у катэгорыі да 23 гадоў у Іны Саўчук. Беларуска фінішавала першай на 500 метраў.

У каноэ на 1000 метраў Уладзіслаў Палешка і Мацвей Шалак фінішавалі першымі. У заключны дзень Аляксандра Калаур у каноэ выйграла на 200 метраў, у каноэ-двойцы з Лізаветай Прыходзькай яны перамаглі на 500 метраў. У байдарцы-адзіночцы на 500 метраў сярод юніёраў Вераніка Леанюк заваявала «золата», ёй таксама ўдалося стаць бронзавым прызёрам на 200 метраў. Акрамя залатых у актыве маладзёжнай і юніёрскай зборных Беларусі на чэмпіянатах Еўропы ў Рачыцы адзін сярэбраны і восем бронзавых медалёў. Усяго беларускія весляры заваявалі пятнаццаць узнагарод.


2. Беларускія спартсмены заваявалі пяць медалёў (адзін залаты, тры сярэбраныя і адзін бронзавы) на 30-й Сусветнай летняй Універсіядзе, якая прайшла ў Неапалі. Першую ўзнагароду зборнай Беларусі заваяваў плывец Рыгор Пякарскі на дыстанцыі 50 м батэрфляем, стаўшы трэцім. Таксама на рахунку зборнай «серабро» гімнаста Ягора Шарамкова ў апорным скачку. На верхнюю прыступку п'едэстала ўзнялася спартсменка ў бегу на 200 м Крысціна Ціманоўская. Узнагароды нашай зборнай прынесла і грацыя Юлія Еўчык, якая стала другой у практыкаваннях з мячом і з абручом.

Беларуская каманда ў агульным медальным заліку заняла 26-е месца. У лідарах знаходзіцца зборная Японіі — 82 узнагароды, на другой пазіцыі размясціліся атлеты з Расіі — 82 медалі.


3. Максім Недасекаў заваяваў залаты медаль маладзёжнага чэмпіянату Еўропы (U-23) па лёгкай атлетыцы ў Еўле (Швецыя). У скачках у вышыню барацьба за першае месца разгарнулася паміж беларусам і брытанцам Томам Гейлам. Абодва атлеты паказалі вынік 2 м 27 см, суддзі прызначылі пераскочку, у якой лепш праявіў сябе Недасекаў, паўтарыўшы свой найлепшы вынік у сезоне (2 м 29 см). «У пэўны момант здалося, што я сапраўды другі. Калі суддзі прызначылі пераскочку з брытанцам, вырашыў не ўпусціць апошні шанц і выдаў свой максімум», — адзначыў беларус. Нагадаем, у бягучым сезоне Максім перамог на ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску — 2 м 27 см. У 2017 годзе на юніёрскім кантынентальным форуме ў італьянскім Грасета ён таксама заняў першае месца з вынікам 2 м 33 см.


4. Арына Сабаленка вярнулася ў першую дзясятку рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Да старту Уімблдонскага турніру яна знаходзілася на 11-й пазіцыі. Вікторыя Азаранка займае цяпер 38-е месца, Аляксандра Сасновіч на 42-й пазіцыі, Вера Лапко на 120-м радку. Узначальвае рэйтынг Эшлі Барці (Аўстралія), другая — Наомі Осака, на трэцім радку Караліна Плішкава (Чэхія).


5. Сталі вядомыя некаторыя вынікі матчаў 15-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Барысаўскі БАТЭ разграміў жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» — 4:1. Брэсцкае «Дынама» на сваёй арэне саступіла мінскім дынамаўцам —1:2. Вынікі іншых гульняў: «Дняпро» (Магілёў) — «Энергетык-БДУ» (Мінск) — 3:4, «Мінск» — «Іслач» (Мінскі раён) — 3:3, «Тарпеда» (Мінск) — «Гомель» — 1:2, «Нёман» (Гродна) — «Слуцк» — 0:0. Становішча ў групе лідараў: БАТЭ — 37 ачкоў (15 матчаў), «Дынама» (Брэст) — 36 (14), «Шахцёр» — 31 (14), «Тарпеда-БелАЗ» — 27 (15), «Іслач» — 26 (15), «Дынама» (Мінск) — 25 (14).

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Упэўнены погляд у будучыню

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.