Вы тут

На Міншчыне пачалося жніво


На Міншчыне пачалося жніво. У прыватнасці, на 11 ліпеня азімы рапс убраны на плошчы больш за 40 % ад агульнага аб'ёму. Паступова раёны, пераважна паўднёвыя, прыступаюць да ўборкі збожжавых культур, у асноўным азімага ячменю.


— На ўборцы збожжавых і зернебабовых будзе задзейнічана 1988 камбайнаў. Гэтага дастаткова, каб правесці работы ў агратэхнічныя тэрміны. Нагрузка на адзінку тэхнікі складзе 255 гектараў, — расказаў старшыня Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Сяргей Ляўковіч. — Фактычна на 11 ліпеня гатоўнасць збожжаўборачных камбайнаў складае 96 %, зернесушыльных комплексаў — прыкладна 98 %. Але ёсць і праблемы: пятнаццаць сельгасарганізацый выклікаюць пэўную заклапочанасць. У адных гатоўнасць каля 80 %, у іншых — крыху больш за 60 %. Іх нямнога, і яны ў цэлым не сыграюць негатыўнай ролі па вобласці. Разам з тым шчыльна працуем з імі па выпраўленні становішча. Усяго ж на Міншчыне няспраўныя 72 збожжаўборачныя камбайны ў 64 гаспадарках. Я думаю, праз дзень-другі сітуацыя зменіцца. Мы трымаем яе на кантролі. У Мінскай вобласці 85 % камбайнаў айчыннай вытворчасці, таму праблем з запаснымі часткамі няма.

Між іншым, у цэнтральным рэгіёне планамерна вырашаецца пытанне аб папаўненні парка збожжаўборачных камбайнаў. Летась набылі сто адзінак, сёлета — васямнаццаць. У наступным годзе плануецца далейшае тэхнічнае абнаўленне, таму што амаль палова камбайнаў выкарыстоўваецца больш за дзесяць гадоў і толькі 10 % служыць менш пяці... Вядома, гэта ўплывае на тэмпы ўборкі. Але пры дбайных адказных адносінах і старая тэхніка дае вынікі. Напрыклад, самы састарэлы камбайнавы парк у Дзяржынскім і Нясвіжскім раёнах, але яны традыцыйна адны з першых выходзяць у поле.

У цэлым Міншчына забяспечаная на час жніва кадрамі, сельгасмашынамі. Тым не менш плануецца прыцягнуць з арганізацый вобласці 305 адзінак тэхнікі і 423 спецыялістаў рознай кваліфікацыі. Не застанецца ўбаку ад справы дзяржаўнай важнасці і сталіца, якая накіруе на ніву Міншчыны 177 адзінак тэхнікі, 152 чалавекі. Гаспадаркі, раёны, якія першымі закончаць жніво, будуць дапамагаць суседзям. Як сведчыць вопыт мінулых гадоў, такая практыка дае станоўчыя вынікі.

— Масавая ўборка збожжавых і зернебабовых залежыць ад умоў надвор'я. Пакуль яны неспрыяльныя, — адзначыў Сяргей Ляўковіч. — У пачатку чэрвеня ішлі моцныя ліўні, быў шквалісты вецер, што паўплывала на стан культур: 30 % іх палегла — каля 170 гектараў. — Гэта створыць пэўныя праблемы і ў першую чаргу адаб'ецца на тэмпах жніва. Каб убраць палегліцу максімальна без страт, прыкладзём усе намаганні. Няхай будзе марудней, але больш якасна. У цэлым жа мяркуем сабраць ураджай не ніжэй леташняга ўзроўню.

Самае галоўнае, на думку старшыні камітэта, — правільна, па-гаспадарску выкарыстаць дары нівы. У першую чаргу трэба выканаць дзяржаўны заказ у памеры 200 тысяч тон збожжа, разлічыцца з пастаўшчыкамі за таварныя і матэрыяльныя каштоўнасці. Ні ў якім разе нельга дапускаць продаж гаспадаркамі зерня на шкоду жывёлагадоўлі.

— На жаль, мы маем горкі вопыт, калі ў нас было недастаткова кармоў, што ўплывае на вынікі работы ў гэтай галіне. Таму задача кожнага кіраўніка — забяспечыць пагалоўе фуражным збожжам, каб мець стабільную эканамічную сітуацыю на працягу ўсяго года да новага ўраджаю. Акрамя таго, неабходна забяспечыць кожную сельгасарганізацыю танным бялком на перспектыву. У гэтым кірунку выпрацаваны пэўныя падыходы як на ўзроўні вобласці, так і раёнаў, — падкрэсліў Сяргей Ляўковіч.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: На Міншчыне стартавала ўборка збожжавых

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.