Вы тут

РТБД паставіў драму «Сірожа»


Усё пачынаецца з Высоцкага, які памёр. Новая пастаноўка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі «Сірожа» без асаблівай эканоміі часу актыўна карыстаецца відэаархівамі, што адлюстроўваюць эпоху — пачатак 1980-х — і адбіваюць такт у аповедзе пра пяцярых студэнтаў. Брэжнеўскае кіраванне, смерць Высоцкага, пахаванне Машэрава, «інтэрнацыянальны доўг» у Афганістане, Алімпійскія гульні — што гэта за часы і якіх людзей яны прывячаюць? У інтэрнатным пакоі здараюцца сваркі, бойкі, каханне, вечарыны і надрыўныя драмы, што вызначаць усё далейшае жыццё герояў. Пройдзе трыццаць два гады, і мы быццам бы ўбачым, хто перамог, а хто з іх — прайграў.


Яўрэю Мішу прарочаць Нобелеўскую прэмію па матэматыцы, Макс — весялун і прапойца, моднік Кракадайл крытыкуе ўлады і займаецца медытацыямі. З імі ўвесь час тусуецца прыгажуня і дачка высокапастаўленага «служыцеля народа» Дзіна. Пара тыдняў прайшла з пахавання Уладзіміра Высоцкага, у пакоі пануе меланхолія, сябры размаўляюць амаль механічна — і ў гэты густы свет, што віхар, урываецца вясковы хлопец Сяргей, нязграбны, прасцецкі, шэры, які размаўляе на трасянцы і не ведае пра пачуццё такту.

Хлопца суправаджае дзядзька Пеця — былы франтавік, а зараз старшыня калгаса. Ужо з першых сцэн мы бачым праяўленні канфлікту нават не пакаленняў, дзе можна было б спаслацца на розны досвед: «Сірожа» паказвае незалежную ад узросту рознасць паміж савецкім чалавекам і тым, хто знаходзіцца ў цвярозай апазіцыі афіцыйнай рыторыцы. Кожны з герояў спектакля, пастаўленага Аляксандрам Гарцуевым паводле Юліі Чарняўскай, вызначаецца ў тым ліку сваімі стасункамі з дзяржавай: нехта ад яе бяжыць, нехта ігнаруе, нехта ставіцца са скепсісам, і толькі адзін малады чалавек іграе па яе правілах. Менавіта сістэма дае разгуляцца нізкім парывам і самаўладна мяняць жыцці, а ў тых, каго яна непасрэдна не датыкнулася, так ці інакш пакідае невытлумачальны сум.

Усё, што тут ёсць і адбываецца, паказвае эпоху: яе быт праз партрэт Ясеніна ці дыванок на сцяне, жалезныя ложкі, касетны прайгравальнік, бутэлькі гарэлкі, вывешаныя за акно прадукты з-за адсутнасці лядоўняў, джынсы ад фарцоўшчыка і «Листья жёлтые по городу кружатся»; і яе характар праз погляды, каштоўнасці і магчымасці (альбо іх адсутнасць). Формулу ж яе мімалётам агучыў камендант інтэрната: «Павінен быць парадак, нават калі па факце бардак», — бачыш адно, а бяры і запісвай, як патрабуецца. Ён жа — шматзначныя водгаласы мінулага раз-пораз праскокваюць у дыялогах — увесь час агаворваецца, называючы 406-ы пакой камерай.

Паміж героямі тут праводзіцца відавочная раздзяляльная лінія: для адных вайна ў Афганістане з'яўляецца інтэрнацыянальным доўгам, для іншых — увядзеннем войскаў на тэрыторыю чужой краіны; для першых Сталін — гэта парадак, для другіх — лагеры; Мандэльштам можа быць сімвалам несправядлівай карнай сістэмы, а можа — Мандэльштампам. Той, хто асуджае афганскую кампанію, трапіць на вайну і атрымае раненне, а той, хто яе вітае і ўхваляе, возьме і на яе «адправіць». Сірожа — увасабленне гэтага зручнага «новага» чалавека (ну, новага прынамсі для першых дзесяцігоддзяў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі), які мысліць шаблонамі, прымае навязаныя ўстаноўкі, паўтарае за прапагандай і калі трэба — не грэбуе стукацтвам, толькі ў гэтым выпадку не з высокай ідэі пабудовы камунізму, а з асабістых прычын. Хочаш зрабіць подласць — краіна табе дапаможа.

У першую чаргу, здаецца, спектакль усё ж не пра час, хоць яго спасціжэнне праз непадобных адзін на аднаго персанажаў, камедыйныя сцэны, прыгожае перапляценне настрояў надзвычай займальнае. У рэшце рэшт «Сірожа» ператвараецца ў саму па сабе жанравую драматычную гісторыю. Каларытны 1980-ы адыходзіць на другі план і ў другім акце — сустракайце пастарэлых герояў і выканаўцаў іх роляў — расплываюцца лірыка і асабістыя рэфлексіі аб мінулых учынках, крыўдзе і помсце.

Матыў падмяняе сабой спосаб дзеяння, самакапанне — дынаміку надрыўнага кахання з удзелам пяці чалавек, унутраныя дэманы — дэманаў савецкай сістэмы. Накал страсцей у інтэрнатным пакоі і драма-драма застаюцца ў «маладосці», а зручны грамадзянін Сірожа становіцца пераможцам па жыцці.

Прэм'ера пастаноўкі адбылася ў РТБД 10 ліпеня. «Сірожа» — гэта трапная і атмасферная гісторыя пра 1980-ы і ўтрыраваная і бляклая асабістая драма. І ўсё ж камедыя, трагічныя сцэны і амаль нуарная навісласць эпохі становяцца, відаць, абавязковымі да прагляду ў новым тэатральным сезоне.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: «Калхознік» усіх перамог

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?