Вы тут

Юрый Віславус: Свет глядзіць на мяне праз аб'ектыў фотакамеры


Вядомы беларускі фотамастак і турыст пабываў больш чым у 100 краінах і цяпер рыхтуе экспедыцыю на плата Путарана.


Ён нястомны падарожнік, майстар спорту па лыжным турызме, альпініст. Да таго ж сапраўдны мастак. Пра сабе Юрый Віславус жартуе: «Свет глядзіць на мяне праз аб'ектыў, а я толькі фіксую гэты чароўны шматсэнсоўны погляд».

— Юра, калі глядзіш на твае фатаграфіі, ствараецца ўражанне, што кожны дзень — гэта новы слайд. Такая разнастайнасць відаў, жанраў. Знаёмства з імі не толькі прыносіць эстэтычную асалоду, але і пашырае пазнанні ў геаграфіі. А з чаго ўсё пачалося?

— Я займаюся фатаграфіяй 35 гадоў. Для мяне гэта захапленне — стыль жыцця, мая асабістая гісторыя, адлюстраваная праз аб'ектыў фотакамеры. Я родам з Палесся, а там вельмі прыгожыя месцы. Да 18 гадоў нікуды не выязджаў, мне падабаліся мясцовыя лясы, лугі, балоты, рэчкі, азёры. Але, як любое дзіця, марыў паглядзець свет. Упершыню я паехаў у 18 гадоў — з будатрадам ў Пскоўскую вобласць. У інтэрнаце са мной у пакоі жылі хлопцы, якія захапляліся турызмам. А я ў той час займаўся вольнай барацьбой, але здарылася так, што я атрымаў траўму і трэніравацца не мог. Тады я пайшоў з імі ў паход — думаў, што гэта лягчэй за барацьбу. Ён быў для мяне вельмі цяжкі — траўмаванае калена давалася ў знакі. Хлопцы думалі, што я пасля гэтага ніколі нікуды не пайду. Аднак мяне ўсё больш і больш захапляў турызм, а затым і ўвогуле панеслася...

Лагеры, будатрады, сплавы на байдарках па рэках, у тым ліку і горных, азёрах. Я аб'ездзіў увесь Савецкі Саюз  — велізарную, маштабную, унікальную ў сваёй прыроднай разнастайнасці краіну. Вялікі і Малы Каўказ, Цянь-Шань, Хібіны, мноства гор і хрыбтоў у Кіргізіі, горы Крыма і Урала, Заходні і Усходні Саяны, Алтай. А якія прыгожыя паўночная зямля Франца Іосіфа, плата Путарана, Сібір...

Хрыбет Сунтар-Хаята. Усходняя Сібір. Раён Аймякона

Плата Путарана. Расія

Кыргызстан

А потым пачаліся паездкі па свеце. Пабываў больш чым у 100 краінах. Гэта таксама мноства лавінападобных уражанняў. Узяць хоць вадаспад Вікторыя на рацэ Замбезі ў Паўднёвай Афрыцы. Або вадаспад Анхель — самы высокі ў свеце, што знаходзіцца ў Венесуэле. Ён у 20 разоў вышэйшы за Ніягарскі!

Вадаспад Канайма.  Венесуэла

Вадаспад Вікторыя

Афрыка. Кенія

Падарожнічаючы, ты разумееш: усюды ёсць свае прыгоствы і цуды свету. Сустракаючыся з цікавымі людзьмі, акунаючыся ў мясцовую культуру, сузіраючы ўнікальную прыроду, хочацца падзяліцца ўсім гэтым праз фотааб'ектыў, захаваць каштоўныя імгненні.

— А гэта ж адбывалася з табой у часы існавання СССР, дзе амаль усё, як кажуць некаторыя цяпер, было дрэнна ...

— Была сістэма, якая будавалася дзесяцігоддзямі. Усё было наладжана, асабліва ў сістэме навучання, выхавання, фізкультуры і спорту, турызму і адпачынку. Колькі спаборніцтваў праходзіла! Моладзь атрымлівала разрады, званні майстроў спорту, прафсаюзы працавалі, можна было ўзяць пуцёўку ў лагер, на турыстычную або альпінісцкую базу. Турызм як від спорту быў надзвычай папулярны ў савецкі час: пешаходны, лыжны, горны (альпінізм), водны (заняткі і паходы на катамаранах, байдарках), велатурызм.

Я адчуў усё на сабе, атрымаў званне майстра спорту па лыжным турызме. Пазней заняўся альпінізмам, каб тэхнічную частку лыжных паходаў падняць на больш высокі ўзровень і праходзіць складаныя перавалы. А для гэтага патрэбна была альпінісцкая тэхніка, яе трэба было ведаць...

Ала Тоа, Ісык-Кульскі раён, Кыргызстан

— Спартыўны турызм — дастаткова экстрэмальны від адпачынку, звязаны з рызыкай. Але для цябе гэта не было стрымальным фактарам. Раскажы пра найбольш небяспечныя і запамінальныя моманты.

— Так, гэта экстрэмальна, патрэбная фізічная падрыхтоўка, трэніроўка, агульная трываласць, У альпінізме трэба ўтрымаць напарніка, калі раптам, не дай бог, здарыцца падзенне. І не сарвацца самому, бо ты звязаны з ім вяроўкай. Ці калі сплаўляешся па рэках: трэба пераадолець магутныя парогі і вадаспады, справіцца з «бочкамі» і заваламі, падводнымі кішэнямі і не ўпасці з катамарана.

Акрамя таго, трэба ведаць геаграфію, не перашкодзяць і фізіка з хіміяй. Напрыклад — што такое лавіна, што ёй папярэднічае і якія бываюць схілы. Я не раз чуў гук снежнай лавіны — гэта амаль як хруст сустава, такі непрыемны дзіўны гук. Пад намі лавіна хруснула, мы выбраліся на абледзянелы грэбень і па ім выбіраліся, пазногцямі драпаючы лёд. А бывалі сітуацыі, калі выходзіш з цясніны, а праз пяць секундаў па ім селевы паток сыходзіць. Лічы, што ў кашулі нарадзіўся...

На Зямлі Франца-Іосіфа я сустракаў трохметровых белых мядзведзяў, быў зусім блізка ад іх. Зброі з сабой у экспедыцыю не бралі, але ўсё абышлося. Выснову пасля гэтага я зрабіў простую: калі ты жывеш з прыродай у гармоніі, калі братоў меншых не крыўдзіш, яны першыя не крануць цябе. Верагоднасць таго, што на галаву ўпадзе лядзяш у горадзе, куды вышэйшая, чым што на цябе пры сустрэчы нападзе белы мядзведзь.

— У 1990 годзе ты зняў фільм для аўстрыйскага тэлебачання пра Зямлю Франца-Іосіфа, архіпелаг у Паўночным Ледавітым акіяне...

Зямля Франца-Іосіфа

— Так. Арганізаваў усё наш беларускі спартсмен, трэнер па спартыўным турызме, майстар спорту СССР, заслужаны падарожнік Расіі Уладзімір Ільіч Ганапольскі. Ён вельмі вядомы сярод турыстаў-лыжнікаў і турыстаў-гарнякоў. Быў кіраўніком больш чым 200 турысцкіх паходаў, у тым ліку больш чым 30 — найвышэйшай катэгорыі складанасці ў высакагорных і арктычных раёнах. Дазвол на экспедыцыю браў ён, ідэя здымкі ўжо была мая, бо з'явілася першая відэакамера. Увогуле гэта быў першы раз, калі я здымаў не на стужку, а на відэа.

У той час там знаходзіліся ваенны аэрадром, пагранзастава і тры ці чатыры палярныя станцыі. Сустрэчы з палярнікамі былі вельмі цікавыя. Больш за ўсё мяне ўразілі на гэтых станцыях бібліятэкі. На востраве Рудольфа (гэта самы паўночны востраў на архіпелагу) нас размясцілі на начлег у бібліятэцы. Дык вось мы не спалі, а ўсю ноч чыталі і разглядалі кнігі. Хутчэй за ўсё ў часы рэпрэсій нейкія бібліятэкі канфіскоўваліся і вывозіліся на палярныя станцыі. Сярод выданняў былі ўнікальныя кнігі з аўтографам самога Пушкіна.

— Юрый, сваей незвычайнай творчасцю ты абавязаны прыхільнасці да вандраванняў?

Архіпелаг Раджа-Ампад, Інданэзія

— Думаю, так. Я заўсёды вельмі шмат з сабой апаратуры насіў. Штосьці для кіназдымкі, нешта для фотаздымкі. У савецкі час на Беларускім тэлебачанні была ўзрушальная праграма тэлежурналіста, прапагандыста бардаўскай песні Аляксандра Чуланава — «Вецер падарожжаў». Ён запрашаў у студыю людзей, якія хадзілі ў паходы, каго вабіла рамантыка гор. Я таксама быў сталы госць і неаднаразова паказваў свае кіна- і слайдфільмы. Расказваў пра цікавыя падарожжы. Ішла гэтая перадача дзесьці да 1990 года. Вядоўцы не стала — ён загінуў пры невядомых абставінах, — і перадача перастала існаваць. Але яна, на маю думку, была вельмі годная і цікавая. Гэта як «Клуб падарожнікаў», але такі, беларускі. А потым, у канцы 90-х, я часта ездзіў у клуб чэшскіх падарожнікаў. Але гэта ўжо асобная тэма.

— Ты пабываў шмат у якіх краінах. Ці можаш адзначыць як мастак найбольш фотагенічныя месцы?

— Я пабываў больш чым у 100 краінах свету. У мяне шмат любімых месцаў. І сярод іх, вядома ж, горы. Калі скласці ўсе экспедыцыі, атрымаецца агулам чатыры гады жыцця. Прырода ў гарах казачна прыгожая, непаўторная, загадкавая, на першы погляд непрыступная і непрадказальная.

Або незаселеныя выспы з некранутай прыродай у самых аддаленых кутках нашай зямлі — райскія выспы Баўнці, як іх яшчэ называюць, якія з'яўляюцца сапраўднай марай шукальнікаў прыгод. Або каралавыя архіпелагі, дзе доўгія пляжы з белым чыстым пяском, мяккім, як мука. Або скалістыя астравы — непрыступныя піраміды, якія ўзвышаюцца над акіянам. Нават непраходныя джунглі часткова, але праходзіў. Кожны куток планеты ўнікальны па-свойму.

Ціхі акіян

У Беларусі таксама ёсць мноства выдатных і цікавых месцаў, якіх нідзе больш у свеце няма. Так, мы не маем гор, не маем мора, але ў нас ёсць унікальныя азёры: Браслаўскія, Нарачанскія, Полацкія, азёры Палесся... Туды прылятаюць тысячы птушак у верасні. Гэта такая прыгажосць, якую сапраўды варта ўбачыць. А балоты, рэкі, сажалкі, лясы, пушчы! Ёсць месцы, падобныя да Амазонкі.

Браслаўскі раён, Беларусь

Браслаўскія азёры, Беларусь

У мяне вельмі шмат фотаздымкаў з прыгожымі беларускімі краявідамі. Ёсць цудоўныя, маляўнічыя месцы, якія я здымаю ўжо на працягу гадоў дзесяці. Там асаблівая энергетыка, кожны раз знаходжу нешта новае. З аднаго і таго ж пункту здымаеш, а фота ўсе розныя. Беларуская прырода з'яўляецца натхняльнікам для фатографаў...

— Што, на тваю думку, адрознівае фатаграфію ад іншых відаў мастацтва?

Захад на Філіпінах

— Свет трохмерны, і фатаграфія сама па сабе трохмерная. Яна павінна быць не проста прыгожая, але жывая, каб ты мог адчуваць, чуць і пачуваць. Успрымаць твор мастацтва трэба не толькі рацыянальна, але і эмацыянальна — паглядзець і прыслухацца да сябе, якія пачуцці яна абуджае, які выклікае настрой. І толькі тады можна адчуць каштоўнасць імгнення. Наша жыццё можна параўнаць з лакаматывам, які ляціць з неверагоднай хуткасцю і за акном усё мільгае: учора была зіма, а сёння ўжо вясна...

Трэба проста спыніцца, паставіць рытм на паўзу, звярнуць увагу на прыгожае: напрыклад, выбухі пупышак на дрэвах, аблокі мудрагелістых формаў, блізкіх нам людзей... Злавіць імгненне, настрой і прыгажосць — у гэтым і заключаецца сэнс фатаграфіі. Жыццё складаецца не з часу, а з момантаў. І яны ўнікальныя ў гэтым сэнсе. Не мае значэння, якая здымка: партрэтная, пейзажная, рэпартажная. Ты захаваў імгненне жыцця — і гэтага больш ніколі не будзе, ёсць свая эмоцыя, настрой, гісторыя, сюжэт, кампазіцыя. Фатаграфія — гэта мастацтва, але выказанае тэхнічнымі сродкамі. Прынцыпы падобныя з выяўленчым мастацтвам, але замест пэндзля выкарыстоўваецца фотатэхніка, сам свет малюе сябе святлом, яго адценнямі і фарбамі.

— Сапраўды, калі паглядзець на ​​твой незвычайны «абстрактны імпрэсіянізм», фота выглядае як сапраўднае палатно, якое напісаў мастак.

Абстрактны імпрэсіянізм

— Мой «абстрактны імпрэсіянізм» пачаўся з аднаго фотаздымка. А ўжо пасля пайшла чарада серый гэтага ўмоўнага кірунку. Неяк я здымаў у Празе адлюстраванне сабора ў фантане, дзе ляжала галька. А потым звярнуў увагу, што на дне адной чэшскай ракі таксама гэтыя каменьчыкі. Адлюстраванне неба, дрэў, зеляніны праз гэтую гальку ўспрымаецца як густыя, сакавітыя мазкі мастака, нанесеныя тоўстым пластом. Гэта і стварае візуальна рэльефную паверхню. На самай справе гэта зрабіла прырода, а я проста захаваў.

— Чаму менавіта макрафатаграфія сёння з'яўляецца тваім улюбёным прыёмам?

Мальдывы

— Макраздымкі даюць нам магчымасць зазірнуць у гэты маленечкі, непаўторны свет, які мы дрэнна бачым простым вокам. Маленькае мы часта не заўважаем, а калі бачым, здзіўляемся: адкуль гэта ўсё? У Беларусі ёсць фатографы, якія спецыялізуюцца на макраздымцы. Яны робяць цудоўныя здымкі кропель расы на галінах і раслінах, насякомых у незвычайных ракурсах. Я захапляюся дайвінгам, і мне вельмі падабаецца падводная макраздымка. Атрымліваюцца незвычайныя выявы загадкавых насельнікаў глыбіннай цішыні. Гэткая прыгажосць з іголка-шпількавае вушка!

Часам вельмі складана выбраць факусіроўку, таму што ледзь дзе на два сантыметры ссунуўся — і аб'ект ужо не ў фокусе. Ёсць такія рыбкі, называюцца мандарынкі — улюбёныя мадэлі фатографаў, яны вельмі прыгожай расфарбоўкі. З'яўляюцца толькі ўвечары і з-за каралаў. Для таго каб іх зняць, трэба мець незвычайнае цярпенне. І якім будзе фінальны вынік — невядома. У гэтым таксама ўнікальнасць макраздымкі.

— Тваё крэда па жыцці? Ці можаш укласці яго ў некалькі слоў ці радкоў?

— Пастараюся. У нас няма магчымасці жыць вечна, значыць, трэба імкнуцца жыць ярка. І не забываць: не толькі мы глядзім на свет, ён сам глядзіць на нас па-свойму, з прыхільнасцю і сваім унікальным усведамленнем.

— Твае планы?

— Зараз я рыхтую экспедыцыю на плато Путарана — самы буйны маналітны горны масіў рускага Запаляр'я. Плануем выйсці праз год. У мяне ёсць вялізнае жаданне здымаць гэта ўнікальнае месца. Яго называюць краінай тысячы вадаспадаў, якія ўзімку ператвараюцца ў грымотныя ледаспады і прымаюць усе адценні халодных тонаў — ад бірузовага да ўльтрамарыну. Хочацца прайсці цікавы маршрут, тым больш цяпер усе карты даступныя. Галоўнае, каб пашанцавала з надвор'ем і было сонечна, і каб у гэты час адбылося 20—30 ледаспадаў. Я жадаю гэта сфатаграфаваць.

— Поспехаў у экспедыцыі і новых унікальных твораў.

— Дзякуй.

Мінскае мора, Беларусь

Нацыянальны парк Масаі-Мара. Афрыка

Рака Друйка. Браслаўскі раён

Гутарыла Юлія САВІЦКАЯ

Фота Юрыя ВІСЛАВУСА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.