Вы тут

Дні моладзі пройдуць на "Славянскім базары ў Віцебску" 12 і 13 ліпеня


У гэтыя дні маладзёжныя пляцоўкі размесцяцца каля канцэртнай залы "Віцебск" і Летняга амфітэатра. Традыцыйна будзе задзейнічана і плошча Перамогі.


Старт Дням моладзі дасць адкрыты дыялог "Супрацоўніцтва і сяброўства моладзі Саюзнай дзяржавы". Упершыню ў праграму свята ўключаны маладзёжны інтэлектуальны open-air "Кветкі Вялікай Перамогі", прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Інтэлектуальныя баталіі ўключаюць шэраг спаборніцтваў, сярод якіх "Свая гульня" і "Што? Дзе? Калі?". Яны аб'яднаюць 14 каманд з усіх рэгіёнаў Беларусі. Па выніках агульнага заліку чатыры найлепшыя каманды прымуць удзел у гульні "Квадрыга", дзе і разыграюць галоўны прыз open-air. Першы дзень свята завершыць фестываль кавер-бэндаў.

Афіцыйнае адкрыццё Дзён моладзі адбудзецца ў другі дзень на галоўнай сцэне плошчы Перамогі (у 11.00). Яму будзе папярэднічаць #маладзёжны забег.

13 ліпеня пройдзе фестываль аўтагуку "@dB Drag Racing2" (плошча Перамогі, пачатак у 12.00). Каля сарака аматараў гуку і рову магутных матораў з Беларусі, Расіі і Латвіі пакажуць палепшаныя версіі сваіх машын з самым магутным гукам і высвятляць паміж сабой самага гучнага.

Маладзёжны спартыўны варкаут-турнір  "Наша сіла - 2019" аб'яднае падлеткаў  з усіх рэгіёнаў Беларусі. Ён пройдзе на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы ў дзвюх намінацыях "Абсалютны фрыстайл" (у дадзенай намінацыі могуць быць прадстаўлены ўсе стылі і напрамкі варкаута, а журы вызначае найлепшае выступленне ў цэлым, а не стыль або тэхнічнае выкананне) і "Дваебор'е" (выкананне практыкаванняў з дадатковай вагой: падцягванне з гірай 16 кг, адцісканні на брусах - з гірай 24 кг). Тут жа, каля летняга Амфітэатра, у "скейтпарку" адбудзецца адкрыты чэмпіянат "Belarus skateboard challenge 2019" у дысцыпліне "Street" у групах "Юніёры" (удзельнікі да 18 гадоў) і, "Мужчыны" (удзельнікі ад 18 гадоў ).

Таксама арганізатары Дзён моладзі запрашаюць на музычны фестываль "Саюз моладзі". Ён пройдзе на пляцоўцы каля канцэртнай залы "Віцебск" з удзелам кавер-бэндаў, вакальна-інструментальных ансамбляў і груп, якія прадстаўляюць рэгіёны Беларусі, Мінск і Санкт-Пецярбург. Пачатак у 21.00. Завершыць свята моладзі выступенне папулярных беларускіх гуртоў "Адчуванне палёту", "NaviBand" і "Без квітка".

Арганізатарам свята маладосці выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».