Вы тут

Колькі можна зарабіць, калі купляць прадукты оптам


Стаўленне нашага спажыўца да цэн на прадукты часцей за ўсё адмоўна-нервовае. Мы эмацыянальна не гатовыя плаціць за ежу вялікія грошы. Хто сказаў, што эканоміць на страўніку нельга? Яшчэ як можна і нават трэба. Але рызыкнём перайсці ад эмоцый да лічбаў і высветлім, ці можна менш выдаткоўваць на прадукты не за кошт якасці ежы ў талерках.


Там прапануюць танней

Прадукты харчавання — гэта не валюта і не паліва. Нават абсалютна аднолькавы глазураваны сырок у розных прадаўцоў часам рэалізуецца па вельмі розных цэнах. Не будзем апісваць увесь харчовы рынак, але нагадаем некаторыя важныя моманты.

Па-першае, рознічныя крамы абавязкова робяць нацэнку да закупачнай цаны тавараў. Звычайна гэта ад 20 % да 50 %, а часам і больш. У многіх вытворцаў ёсць крамы фірменнага гандлю. Нацэнка ў іх першапачаткова ніжэйшая — вагаецца ад 5 % да 15 %, што робіць пакупкі там больш выгаднымі. Яшчэ ёсць аптовыя рынкі, крамы і шапікі. Бывае, што дабірацца да іх далёка, ды і іншы сэрвіс там не на вышыні, але затое яны ставяць мінімальную надбаўку да цаны і зарабляюць на абароце. Акрамя таго, існуюць сезонныя акцыі, кірмашы, часовыя зніжкі, распродажы і іншыя варыянты.

Эканомім 30—40 % на аб'ёмах і распродажах

Звычайны чалавек купляе прадукты аптовымі партыямі вельмі рэдка, хіба што па вялікіх святах. Але ведаць аптовыя цэны ўсё роўна карысна. Гэта менавіта тая мяжа, да якой могуць патаннець тавары ў розніцы на распродажах і акцыях.

Падгледзім аптовыя цэны на сайце аднаго спецыялізаванага магазіна. Адразу мы глядзім на «гарачыя» пазіцыі — гэта цукар. Кілаграм вышэйназванага прадукту сёння тут каштуе ад 98 капеек. Яйка курынае ў опце — ад 75—80 капеек за 1 дзясятак, а ў інтэрнэт-краме — дакладна такія ж яйкі той жа фабрыкі — 1,99 рубля за дзясятак (а вось па акцыі — ужо 1,09 рубля). Кілаграм блокавай марожанай ялавічыны прапануецца ад 3 да 9 рублёў, а кіло тушкі курыцы — за 3 рублі 15 капеек. Спіс можна працягнуць, аднак цэны опту заўсёды будуць прыкметна ніжэйшыя за розніцу. Ці можа любы ахвотны купіць прадуктаў ці гаспадарчых тавараў па аптовых цэнах? Не ўсё, не заўсёды, але можа. Некаторыя аптовыя фірмы маюць сваю розніцу, дзе прадаюць тавары з мінімальнай нацэнкай. Часам па цане вытворцы, так, як самі набываюць тавар са зніжкай ад завадской цаны.

— Неяк раз па тэлевізары паказвалі перадачу аб японскіх хатніх гаспадынях, — расказвае пенсіянерка Святлана А. — Дык вось яны купляюць прадукты разам на аптовых базах. А мы чым горшыя? Мы з суседкамі часта кааперуемся, калі трэба купіць, напрыклад, цукар. Купляем на пяцярых 50-кілаграмовы мяшок цукру. Кожнай гаспадыні кілаграм абыходзіцца значна танней.

На аптовых базах і рынках мае сэнс купляць прадукты, якія ў гаспадарцы патрэбныя пастаянна і тэрмін прыдатнасці якіх вытрымае пару-тройку месяцаў захоўвання. Акрамя цукру і мукі, на «аптоўцы» можна ўзяць скрынку сланечнікавага алею, чай, крупы. А вось затарвацца замарожанымі прадуктамі не варта, нават калі аптовыя цэны вельмі павабныя.

— Неяк раз я ўзяла пяць пачкаў замарожаных курыных катлет, у іх заканчваўся тэрмін рэалізацыі, і прадавец аддаваў амаль дарма, — успамінае Святлана. — І вось аднойчы ў нас у доме на цэлы дзень адключылі электрычнасць. Было лета. Халадзільнік пацёк, і да вечара ўсе гэтыя катлеты ператварыліся ў смярдзючую масу.

Ёсць аптова-рознічныя крамы нізкіх цэн, у якіх усё проста, часам бедна з разнастайнасцю, але вельмі танна. Некаторыя прадукты тут на 30 %—40 % таннейшыя, чым у многіх сталічных крамах.

Толькі лічбы і ніякіх эмоцый

Ці выгадна купляць оптам у звычайных гіпермаркетах і крамах? З пункту гледжання арыфметыкі — выгадна, але не асабліва. У традыцыйным гандлі ёсць зніжкі для пастаянных пакупнікоў, але звычайна гэта некалькі працэнтаў па дысконтных картах. Аднак ёсць акцыі, распродажы, «тавары дня» і мноства іншых «смачных плюшак». Падчас акцый актуальна ўсё напісанае вышэй пра аптовыя крамы.

Найважнейшае абмежаванне аптовых пакупак заключаецца ў тым, што так можна набываць толькі прыдатныя да працяглага захоўванню прадукты. Гэта мяса (пры наяўнасці маразільнай камеры), кансерваваныя прадукты, крупы і крупяныя вырабы, моцныя спіртныя напоі і віно. Пра запас варта купляць тыя тавары, якія звычайна купляюць разам з прадуктамі. Гэта туалетная папера, аднаразовы посуд, бытавая хімія і іншае.

Аднак, калі два літры соку прадаюцца па цане паўтара літра, а сям'я выпівае толькі адзін літр, а астатняе псуецца і выліваецца, то гэта не эканомія, а відавочная страта. Тое ж датычыцца ўсіх скорапсавальных тавараў. Таму не варта купляць оптам садавіну, напоі (калі за акном не спякотнае лета, а ў вас у кватэры не шматдзетная сям'я), агародніну, хлебабулачныя вырабы і многія мясныя паўфабрыкаты.

Важная перавага аптовых закупак — яны часцей робяцца не па настроі, а па спісе. А планаванне асабістых фінансаў, як сцвярджаюць эксперты Нацбанка, эканоміць ад 15 да 50 % сродкаў у параўнанні са спантанымі пакупкамі.

У чым жа мінусы аптовых закупак? Яны ёсць, але, па большай частцы, не ў галіне фінансаў. Па-першае, аптовая купля прадуктаў — гэта абмежаванне рацыёну. У опце складаней сабраць асартымент далікатэсаў. Такая масавая купля — гэта выдаткі на захоўванне: маразільная камера, шафа і многае іншае. Па-другое, запас прадуктаў пазбаўляе мабільнасці. З ім нязручна пераязджаць, ехаць у адпачынак, на дачу. І яшчэ адзін важны недахоп, пра які рэдка гавораць, — аптовы шопінг — задавальненне такое ж бледнае, як аптовы склад на фоне гіпермаркета. Ні прыгажосці вітрын, ні заляцання прадавачак, ніякага глянцу табе, суцэльны разлік.

Для сярэдняга класа

— Мне заўсёды здавалася недарэчнай парада паесці перад паходам у краму, — дзеліцца са мной сяброўка Маргарыта Іванаўна. — Але сапраўды, калі ты сыты, спакойна выбіраеш прадукты, а не накідваешся на ўсё, што апетытна выглядае і смачна пахне. Яшчэ парада — амаль у кожным гіпермаркеце ёсць тавар пад уласнай гандлёвай маркай. Упакоўка на ім, можа быць, не самая прыгожая, затое цана ніжэйшая.

Тавар пад уласнай гандлёвай маркай выпускаюць усе больш-менш буйныя рознічныя сеткі. Не выдаткоўваючы сродкі на рэкламу, сеткі дамагаюцца больш нізкай цаны. Вядома, якасць у такіх тавараў можа быць рознай — усё залежыць ад патрабаванняў, якія прад'яўляліся да вытворцы. Але, як правіла, прадукты атрымліваюцца нядрэнныя. Так што эксперыментуйце з прыватнымі маркамі рознічных сетак — гэта дазволіць сэканоміць немалую частку сямейнага бюджэту.

Каб было няцяжка

Вось некалькі простых парад. Для пачатку адсачыце асноўныя артыкулы выдаткаў і падумайце, якія з іх можна скараціць, а якія не. Ёсць рэчы, якія проста неабходныя нам для псіхалагічнага камфорту: для некаторых людзей — гэта абноўка раз на тыдзень, для іншых — шакаладка. Адмаўляцца ад такіх любімых рэчаў не варта. Грошай, вядома, можа і не дабавіцца, але пазбаўляць сябе маленькіх радасцяў нельга — ёсць небяспека «сарвацца» ў значна больш буйныя растраты. І яшчэ: скарачаць выдаткі трэба толькі па адным кірунку. Напрыклад, спачатку вы эканоміце на артыкуле «забавы», затым — на вопратцы. У такім выпадку звычка эканоміць у вас будзе выпрацоўвацца паступова, а адчуванне стрэсу можна будзе пазбегнуць.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Калі тры яшчэ не зашмат

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.