Вы тут

Адкрылася выстаўка Людмілы Курыловіч «Светлая памяць душы»


...Маляваць можна алоўкам, вугалем, акварэллю, алеем, пяском...

Можна — словамі.


Такім чынам, малюнак першы: раніца, рэдакцыя, работы, як кажуць, з галавой, а тут яшчэ — дзверы адчыняюцца і...

— Адгадайце, хто да вас прыйшоў! — з парога прапануе жанчына.

Мы — нават не спрабуем.

— ...З Пастаў, — з хітрынкай падказвае госця. — Захарэвіч...

— Тая самая?! — радасці не схаваць. — Ніна Маркаўна?! Паэтка-настаўніца? Гумарыстка!

...Праз гады — карціна другая.

Паставы. Дзень пісьменства. Стэнд «Звязды». Там мы раскладваем рэкламную прадукцыю, ладзім конкурс на найлепшыя радкі пра газету і лапці, прымаем гасцей...

— Ну, адгадайце, хто да вас прыйшоў, — прапануе раптам адна з іх і тым самым, што называецца, выбівае глебу з-пад ног, бо амаль год таму Ніны Маркаўны не стала...

— А я, — нібы «счытаўшы» думкі, кажа нам госця, — яе дачка: Людміла Курыловіч.

Тады падчас размовы мы даведаліся, што яна — таксама настаўніца, намесніца дырэктара адной з маскоўскіх гімназій, кансультант Дэпартамента сацыяльнай палітыкі Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы. А яшчэ (гэта ўжо свежая інфармацыя)... мастачка.

Што цікава, вось гэтую, новую прафесію спадарыня Людміла займела зусім нядаўна і... за нейкія чатыры гады не проста напісала, — паспела выставіць дзясяткі сваіх карцін, адна з якіх — партрэт «Мудрасць» (на здымку) — перамагла ў конкурсе жывапісу на тыдні мастацтваў Грэцыі.

Убачыць гэту работу (як і шэраг іншых) могуць і землякі Людмілы Курыловіч: у Мінску, у галерэі «Універсітэт культуры», адкрылася яе персанальная выстаўка, мэта якой, па словах мастачкі, «паказаць, што і ў 50 можна пачаць новае жыццё, новую справу, якая будзе прыносіць задавальненне не толькі табе — іншым таксама».

Дарэчы, назву для выстаўкі — «Светлая памяць душы» — спадарыня Людміла запазычыла: менавіта так называўся зборнік вершаў яе матулі. На жаль, апошні.

Валянціна ДОЎНАР

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Нязгаснае святло душы

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.