Вы тут

У Мінску адкрылася рэспубліканская выстаўка, прысвечаная тэме ВАВ


Днямі ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі прэзентавалі новы творчы праект, прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны. На экспазіцыі прадстаўлена больш за 150 твораў аўтараў, што належаць да розных пакаленняў: ад былых франтавікоў, якія пераносілі на палатно асабісты боль і ўспаміны пра ваеннае ліхалецце, да сучасных маладых майстроў, якія прадставілі сваё бачанне вайны праз вывучэнне гістарычнага матэрыялу і ўспаміны ветэранаў.


Соф'я Лі. Дзень Перамогі.

«Свята вызвалення нашай краіны не можа быць адзначана адным днём, тым больш, калі прыгадаць, ад якой навалы мы вызваліліся, — адзначыў на адкрыцці выстаўкі старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор СІТНІЦА. — Таму гэтай маштабнай рэспубліканскай выстаўкай мы робім свой, мастацкі ўнёсак у святкаванне, ушаноўваем бацькоў і дзедаў, якія здабывалі Перамогу, набліжалі вызваленне нашай Бацькаўшчыны. Сярод прадстаўленых карцін звыш 60 — з фондаў саюза мастакоў, гэта рарытэтныя палотны тых аўтараў, якія не толькі бачылі Вялікую Айчынную вайну на свае вочы, але змагаліся на франтах, у партызанскіх атрадах».

Так, з запаснікаў выйшлі да шырокай аўдыторыі палотны Леаніда Шчамялёва, Гаўрылы Вашчанкі, Барыса Аракчэева, Яўгена Зайцава, Пятра Масленнікава, Івана Стасевіча і многіх іншых майстроў, і гэта без перабольшання россып мастацкіх скарбаў. «Большасць з прадстаўленых работ я бачыла толькі што завершанымі, яны яшчэ пахлі свежымі фарбамі, а побач стаялі іх аўтары. Шкада, што тады не было розуму, каб занатоўваць усе іхнія ўспаміны пра падзеі, адлюстраваныя ў выявах гэтых твораў. А цяпер няма большасці з тых людзей, няма ў каго спытаць, — сумуе мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн. — Але засталося іхняе мастацтва, а ў ім — непрыдуманая гісторыя жыцця нашых бацькоў, нашай краіны».

Для віцебскага мастака Уладзіміра Вальнова Вялікая Айчынная вайна — глыбока асабістая тэма. У чэрвені 1944-га яго, хлопчыка прыкладна чатырохгадовага ўзросту, падабралі літаральна ў танкавай каляіне пад Гарадком савецкія салдаты. З прычыны маленства з сабой «на Берлін» не ўзялі, адправілі ў дзіцячы дом. Значна пазней, змяніўшы за паўтара дзясятка гадоў тры дзетдамы ў Расіі, Уладзімір даведаўся, што яго маці расстралялі як жонку партызана ў 1943-м, старэйшы брат Алік прапаў без вестак. Вырашыў знайсці хоць бы сваякоў па бацькоўскай лініі, і гэта ўдалося праз абласную газету: «свайго» прызналі цётка, дзед і бацька, хоць і бачыў апошні раз сына яшчэ зусім маленькім... І хоць цеплыню стасункаў з блізкімі Уладзімір Мікалаевіч адчуў наноў, але вайна, што адняла ў яго маці, так і сядзела занозай у сэрцы — балела, не адпускала. На гэту тэму ён зрабіў мноства жывапісных і графічных работ, калажаў, інсталяцый, якія бачыла публіка не толькі ў Беларусі, але і ў розных гарадах Германіі. Прадстаўленая на цяперашняй рэспубліканскай выстаўцы інсталяцыя «Прысвячаю памяці маці...» працягвае гэтую ж пранізлівую лінію — вайна як страшная трагедыя, што знішчае цэлыя сем'і і нясе боль... 75 хустак жанчын, якія перажылі выпрабаванні вайны і пасляваеннага часу, злучаныя суровымі чорнымі ніткамі (лёсу?) з пісьмамі — франтавымі трохкутнікамі, даведкамі, пахавальнымі... Гэта, дарэчы, адсканаваныя копіі сапраўдных дакументаў. Яшчэ больш узмацняе шчымлівае пачуццё сапраўднасці актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа Людміла Заграбельная, якая стварыла для інсталяцыі абагульнены вобраз усіх салдацкіх маці: яна перабірае і перачытвае пісьмы, нешта нашэптвае, а мо, чытае малітву... «Мяне шмат гадоў не адпускае тэма вайны, — прызнаецца Уладзімір Вальноў, — хацеў, нарэшце, выказацца напоўніцу і для сябе паставіць кропку ў ёй. Дарэчы, хутка будзе мая выстаўка ў Расіі — калі адведзенае памяшканне дазволіць, пакажу гэту інсталяцыю і там. Хоць, мне здаецца, нідзе так глыбока, як у нас у Беларусі, не зразумеюць, што я хацеў сказаць».

Прадстаўнікі цяперашняга пакалення, канешне, не ўсе ведаюць, пра якую трагедыю распавядае карціна Нінэль Шчаснай «Аблінга», з вокнаў якога будынка колішняя партызанская сувязная і разведчыца, беларуская і савецкая мастачка Сафія Лі глядзела на Плошчу Перамогі, альбо чыю памяць увекавечыў у сваёй рабоце брэсцкі мастак Эдуард Куфко, які зведаў і жахі нямецкага канцлагера, і лесапавалы ГУЛАГа... Аднак сучасныя мастакі, вывучаючы архівы і вопыт сваіх педагогаў, таксама рызыкнулі паказаць, якой бачыць вайну пакаленне, што пра яе толькі чытала ў кніжках ды бачыла ў фільмах. Вынікі гэтага пераасэнсавання таксама ўвайшлі ў экспазіцыю: калі для адных вайна — неад'емная частка сямейнай гісторыі, якая захоўваецца праз гады (Ігар Свянціцкі, «Фотаздымак дзеда»), то для другіх — містычная чорная навала (Іна Сакалова-Кубай, «Крумкачы»), гераічны подзвіг (Аляксандр Асядоўскі, «Знішчальнік»). А для кагосьці наогул гульня ў «вайнушку» на клятчастым аркушы са школьнага сшытка...

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Гісторыя ў фарбах

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.