Вы тут

Ці гатовы Ніжні Ноўгарад прыняць наступны Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі?


На сённяшні дзень Ніжагародская вобласць з'яўляецца адным з найважнейшых гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі. Штогод тавараабарот паміж бакамі вар'іруецца ў межах мільярда долараў. Безумоўна, галоўнымі гульцамі ў гэтых адносінах выступаюць галіны машынабудавання і атамнай энергетыкі. Першы намеснік старшыні ўрада Ніжагародскай вобласці Яўген ЛЮЛІН расказаў пра вынікі двухбаковага супрацоўніцтва і планы ў перспектыве прыняць Форум рэгіёнаў на ніжагародскай зямлі.


Фота з сайта урада Ніжагародскай вобласці.

— Для Расіі і нас, ніжагародцаў, няма бліжэй народа, чым беларусы. Гэта выяўляецца не толькі ў словах, а ва ўсіх нашых адносінах: эканамічных, палітычных, культурных, асветніцкіх, — падкрэсліў віцэ-губернатар на сустрэчы з беларускімі і расійскімі журналістамі супольнасці «Друзья — Сябры». — Пагадненне, якое падпісана паміж Ніжагародскай вобласцю і Рэспублікай Беларусь, вельмі змястоўнае: яно з'яўляецца ключавым у развіцці нашых знешнеэканамічных адносін.

Ён акцэнтаваў увагу на тым, што Ніжагародская вобласць на сённяшні дзень гандлюе з 139 краінамі свету, і першае месца сярод іх займае Рэспубліка Беларусь: знешнегандлёвы абарот штогод складае амаль мільярд долараў ЗША.

— Гэта, паверце, не выпадковасць і не старыя савецкія ўзаемаадносіны, гэта намаганні двух народаў па рэалізацыі сумесных праграм, — запэўніў ён. — Я добра памятаю, калі на самым пачатку шляху (гэта было больш за 15 гадоў таму) мы марылі пра 500 мільёнаў долараў як пра амаль нязбытную мэту. І да гэтага імкнуліся разам. Тым не менш сёння мы маем мільярд, і я ўпэўнены, што перспектыва ў нас яшчэ большая.

Яўген Люлін расказаў, што бакі ўзаемадзейнічаюць у рамках Савета дзелавога супрацоўніцтва Ніжагародскай вобласці і Беларусі. Дарэчы, яго з беларускага боку доўгі час узначальваў цяперашні Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Уладзімір Сямашка. З расійскага — губернатар урада Ніжагародскай вобласці.

— Самае галоўнае, што мы даўно прывыклі абмяркоўваць і вырашаць пытанні адным тэлефонным званком. Я думаю, у гэтым і быў залог поспеху, калі мы вельмі дынамічна развіваліся, — адзначыў Яўген Люлін.

Дарэчы, бакі рэалізуюць досыць вялікую колькасць праектаў, сярод якіх ключавымі з'яўляюцца супрацоўніцтва машынабудаўнічых прадпрыемстваў абедзвюх краін, у тым ліку па вытворчасці аўтакампанентаў для мадэльнай лінейкі Групы ГАЗ беларускімі прадпрыемствамі холдынга «Аўтакампаненты», а таксама будаўніцтва БелАЭС ніжагародскай кампаніяй АСЭ (інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі «Расатам»), якая выступае генеральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам БелАЭС у Астраўцы.

Сёлета Савет дзелавога супрацоўніцтва Ніжагародскай вобласці і Рэспублікі Беларусь прымае расійскі бок, дата візіту ўзгадняецца.

— Паколькі я не адзін год удзельнічаю ў інтэграцыйных працэсах, упэўнены, што гэта будзе чарговы крок для паглыблення развіцця нашых узаемаадносін, — падкрэсліў Яўген Люлін.

Варта сказаць, што па выніках 2018 года сума ўзаемнага тавараабароту крыху знізілася і склала 950 мільёнаў долараў, у той час як у 2017 годзе яна перавысіла мільярдную планку. Нязначнае зніжэнне віцэ-губернатар патлумачыў тым, што ў 2017 годзе былі істотныя ўкладанні расійскага боку ў будаўніцтва БелАЭС, а ў наступным годзе аб'ём паставак і будаўніцтва знізіўся.

Наша даведка

У рамках пасяджэння Савета дзелавога супрацоўніцтва, які прайшоў у 2018 годзе, былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Варатынскім муніцыпальным раёнам Ніжагародскай вобласці і Бабруйскім раёнам Магілёўскай вобласці, Вятлужскім муніцыпальным раёнам і Бабруйскім раёнам, аб усталяванні пабрацімскіх сувязяў паміж гарадской акругай горада Першамайск і горадам Барань Віцебскай вобласці.

— Я баяўся, што можа адбыцца падзенне, таму што значная частка ў тавараабароце прыпадае на долю гэтага аб'екта, — сказаў ён. — Нічога падобнага! Мы практычна засталіся на ранейшым узроўні за кошт іншых вытворчасцяў, нягледзячы на тое што чакалі пэўнага зніжэння.

На пытанне аб тым, з чым Ніжагародская вобласць паедзе на Форум рэгіёнаў, Яўген Люлін запэўніў, што партфель праектаў досыць важкі:

— У нас шмат тэм, будзем абмяркоўваць з кожным ведамствам, міністэрствам па сваім профілі: што зроблена, што яшчэ не, куды рухацца далей, — адзначыў ён. — Самы вялікі аб'ём супрацоўніцтва ў Міністэрства прамысловасці. Мінсельгасу таксама ёсць што абмеркаваць. Дарэчы, мы — адны з самых буйных пакупнікоў беларускай сельгастэхнікі, на нашых палях яна займае лідзіруючае месца: трактары, камбайны, прычапная тэхніка і многае-многае іншае. Кожная сустрэча — гэта магчымасць далейшага паглыблення адносін і абмеркавання яшчэ не вырашаных праблем. Калі сабраць разам спіс тэм, па якіх мы будзем працаваць на Форуме, ён атрымаецца вельмі вялікі.

Журналісты звярнулі ўвагу, што пасля першага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі гаворка ішла пра тое, што наступны на расійскім баку пройдзе ў Ніжнім Ноўгарадзе, але гаспадарамі прадстаўнічага мерапрыемства рабіліся Сочы, а цяпер вось Санкт-Пецярбург — чаму ж да Ніжняга так і не даедуць?

— Дакладна даедуць, — выказаў упэўненасць суразмоўца. — Улічваючы, што наш рэгіён — адзін з самых актыўных ва ўсіх адносінах з Беларуссю, і ў першую чаргу па эканамічных паказчыках, вядома, даедуць.

Адпаведныя заяўкі падаюцца, адзначыў ён, рашэнне пытання знаходзіцца на міжурадавым узроўні.

У тэму

Кіраўнік аддзялення ў Ніжнім Ноўгарадзе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Аляксандр УЛАСАЎ паведаміў, што ў зоне адказнасці рэгіёна знаходзяцца восем расійскіх рэгіёнаў: Уладзімірская, Іванаўская, Кастрамская, Разанская, Тамбоўская, Ніжагародская, Пензенская вобласці і Рэспубліка Мардовія. За перыяд са студзеня да мая бягучага года тавараабарот па ўсіх склаў амаль 530 мільёнаў долараў (тэмп росту ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года 103,7 %). Пры гэтым на долю Ніжагародскай вобласці прыпадае львіная доля — 239 мільёнаў долараў (тэмп росту — 108 %).

Вольга АНУФРЫЕВА, Ніжні Ноўгарад — Мінск

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.