Вы тут

У Беларусі распрацоўваюць сістэму ацэнкі экалагічнага развіцця рэгіёнаў


У Беларусі распрацоўваюць сістэму ацэнкі экалагічнага складніка ўстойлівага развіцця рэгіёнаў, паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі загадчыца сектара эколага-эканамічных праблем Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Надзея Батава, перадае БЕЛТА.


"Мы сумесна з Мінпрыроды распрацоўваем сістэму ацэнкі экалагічнага складніка ўстойлівага развіцця рэгіёнаў. Думаю, да канца года завершым работу. Дзякуючы гэтаму рэгіянальнае развіццё ў сферы зялёнай эканомікі атрымае новы імпульс, паколькі будзе магчымасць адсочваць, якія рэгіёны сталі лідарамі па гэтым паказчыку. Такая работа будзе праводзіцца ўпершыню", - сказала Надзея Батава.

Развіццё электратранспарту садзейнічае пашырэнню прынцыпаў зялёнай эканомікі. Першы беларускі электрамабіль, створаны супрацоўнікамі НАН Беларусі на базе Geely, прэзентавалі ў жніўні 2017 года, цяпер узор дапрацоўваецца. Беларуска-брытанскае прадпрыемства "Юнісан" і кітайская кампанія Zotye International Automobile Trading у мінулым годзе падпісалі пагадненне аб арганізацыі ў Беларусі зборачнай вытворчасці 30 тыс. электрамабіляў маркі Zotye з высокай ступенню лакалізацыі да 2022 года для далейшай эксклюзіўнай пастаўкі прадукцыі на рынкі краін СНД. Акрамя таго, у Беларусі расце колькасць электразарадных станцый. Таксама важным для развіцця зялёнай эканомікі з'яўляецца экалагічнае будаўніцтва, арганічная сельская гаспадарка і экатурызм.

Начальнік аддзела навукова-тэхнічнай палітыкі і знешнеэканамічных сувязей Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Андрэй Мінянкоў адзначыў, што зялёная эканоміка мае асаблівае значэнне для сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, і немалаважную ролю ў гэтым адыгрываюць пытанні энергазберажэння. Сумесна з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам рыхтуецца праект па павышэнні энергаэфектыўнасці ў дзеючым жылфондзе. "Жыльцам дамоў, якія ўваходзяць у пералік для капітальнага рамонту, будуць прапаноўвацца меры па павышэнні энергаэфектыўнасці. Комплекс мерапрыемстваў прадугледжвае ў тым ліку ўцяпленне фасадаў, даху, замену вокнаў і ўваходных дзвярэй пры неабходнасці. Работы ў мінімальным або максімальным аб'ёме будуць праводзіцца па жаданні жыльцоў. Прадугледжваецца, што на першапачатковым этапе МБРР і ЕІБ дадуць грошы, каб запусціць праект. Потым грамадзяне будуць вяртаць толькі пэўную частку сродкаў, паколькі ў гэтай рабоце будуць задзейнічаны сродкі мясцовых бюджэтаў. Аб'ём фінансавання ў цэлым па праекце плануецца каля 180 млн еўра ад двух банкаў у роўных долях", - паведаміў ён. Пілотныя праекты будуць рэалізаваны ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з'яўляецца асноўным каардынатарам Нацыянальнага плана дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі да 2020 года. "Пры распрацоўцы плана мы арыентаваліся на перадавы міжнародны вопыт, замежныя стратэгіі экалагізацыі эканомікі. Зялёная эканоміка імкнецца аб'яднаць усе складнікі ўстойлівага развіцця - эканамічны рост, мінімізацыю ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, захаванне прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці. Беларусь, як і іншыя сучасныя дзяржавы, развіваецца менавіта ў гэтым напрамку, - падкрэсліла начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды Кацярына Кузняцова. - План дзеянняў уключае ў сябе заканадаўчыя пытанні, стварэнне ўмоў для ўстойлівага спажывання і вытворчасці. Важнымі складнікамі таксама з'яўляюцца развіццё гарадской мабільнасці, разумных гарадоў, інфармацыйна-адукацыйныя мерапрыемствы, навуковае забеспячэнне, кадравыя пытанні. З ліку прадугледжаных планам мерапрыемстваў 30 працэнтаў паспяхова завершаны, 70 працэнтаў яшчэ рэалізуюцца".

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».