Вы тут

З нагоды адкрыцця «Славянскага базару ў Віцебску» паступаюць шматлікія віншаванні


Віншаванні з нагоды адкрыцця 28-га міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» паступаюць у адрас кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, а таксама арганізатараў, гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства.


Цёплыя словы выказалі прэзідэнт Рэспублікі Малдова Ігар Дадон, прэм’ер-міністр Рэспублікі Арменія Нікол Пашынян, міністр культуры, інфармацыі і турызму Кыргызскай Рэспублікі Азамат Жаманкулаў, міністр культуры і інфармацыі Рэспублікі Сербія Уладан Вукасаўлевіч, міністр культуры Славацкай Рэспублікі Любіца Лашакова, Сакратар па правах чалавека і культурным плюралізме Міністэрства юстыцыі і правоў чалавека Аргентыны Клаўдыё Аўрух, міністр адукацыі, навукі, культуры і спорту Рэспублікі Арменія Араік Аруцюнян, намеснік старшыні Савета Міністраў, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча Пётр Глінскі, міністр культуры Рэспублікі Узбекістан Бахціёр Сайфулаеў, старшыня Народнага ўраду Наньчана (Кітай) Лю Цзян’ян.

Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон зазначыў, што амаль тры дзесяцігоддзі старажытны славянскі горад, у якім тварылі Марк Шагал, Казімір Малевіч, Ілья Рэпін, Васіль Быкаў, збірае на сваіх пляцоўках артыстаў розных жанраў з усіх кантынентаў. На гэтым культурным форуме ёсць месца дарослым і дзецям, класікам і наватарам, аматарам тэатра, выяўленчага мастацтва, сімфанічнай, народнай і рок-музыкі, а з гэтага года — і танца. Сярод гасцей фестываля — наіст, народны артыст Рэспублікі Малдова Канстанцін Масковіч і малады малдаўскі гурт DoReDos.

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян падкрэсліў, што форум мае асаблівае значэнне, пра што сведчыць і яго дэвіз — «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення». Ён закліканы садзейнічаць узаемаразуменню і ўмацаванню міру паміж народамі праз дыялог і ўзаемнае ўзбагачэнне культур. За гады існавання мерапрыемства выйшла за межы славянскага свету і стала пляцоўкай для гуманітарнага супрацоўніцтва ўсіх кантынентаў. Свята папулярна і сярод армянскіх творцаў.

Міністр культуры, інфармацыі і турызму Кыргызскай Рэспублікі Азамат Жаманкулаў адзначыў, што ў Віцебску выступаюць прадстаўнікі розных краін і тут жа адкрываюцца новыя імёны. 

Міністр культуры і інфармацыі Рэспублікі Сербія Уладан Вукасаўлевіч звярнуў увагу, што сербскіх артыстаў на «Славянскім базары» добра прымаюць і што яны ўносяць свой асаблівы тон у вытканы пояс славянскага гуку і славянскіх слоў.

Сакратар па правах чалавека і культурным плюралізме Міністэрства юстыцыі і правоў чалавека Аргентыны Клаўдыё Аўрух, які з’яўляецца ўнукам беларускіх эмігрантаў, якія прыехалі ў лацінаамерыканскую краіну з Кобрына, выказаў упэўненасць, што аднойчы сапраўднае аргентынскае танга можа здзівіць і парадаваць ўсіх гасцей фестывалю.

Міністр культуры Рэспублікі Узбекістан Бахціёр Сайфулаеў спадзяецца, што фестываль будзе спрыяць далейшаму ўмацаванню беларуска-узбекскага культурнага супрацоўніцтва, заснаванага на прынцыпах партнёрства і раўнацэннасці.

Старшыня Народнага ўраду Наньчана Лю Цзян’ян прытрымліваецца думкі, што ў гэтым годзе «Славянскі базар» у чарговы раз стане падставай да духоўнага яднання народаў i сапраўдным святам мастацтва. Лю Цзян’ян выказаўся за пашырэнне супрацоўніцтва ў галіне культуры паміж Наньчанам і Віцебскам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».