Вы тут

Больш за 300 тысяч дзяцей ужо прайшлі аздараўленне ў летніх лагерах


Больш за 300 тысяч дзяцей ужо прайшлі аздараўленне ў летніх лагерах, дзе падыходзіць да завяршэння другая змена. Працягваецца аздараўленчая кампанія і ў санаторыях краіны: яны цалкам запоўнены, і такая тэндэнцыя захаваецца як мінімум да канца лета. Пра асаблівасці сёлетняга летняга адпачынку расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.


Фота: zubronok.by

У прыярытэце — бяспека дзяцей

— Мы планавалі аздаравіць гэтым летам 390 тысяч дзяцей. І за першую і другую змены справіліся з гэтай задачай на 80 працэнтаў: больш за 300 тысяч дзяцей ужо адпачылі ў лагерах, — падкрэсліў спецыяліст.

У краіне працуе больш за 5 тысяч лагераў. Усе стацыянарныя ўстановы былі адкрыты згодна з планам. На аднаўленне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы сёлета было выдаткавана каля 12 мільёнаў рублёў з розных крыніц, у тым ліку сродкі рэспубліканскага суботніка. Сярэдні кошт пуцёўкі ў лагер з кругласутачным знаходжаннем склаў 450 рублёў, з дзённым знаходжаннем — 120 рублёў. Нагадаем, што бацькі аплачвалі ўсяго 10 % ад гэтай сумы, істотную яе частку склала дзяржаўная датацыя (196 рублёў у кругласутачным лагеры), а розніца кампенсавалася прафсаюзнымі арганізацыямі і мясцовымі бюджэтамі.

— Прыярытэтам аздараўленчай кампаніі з'яўляецца бяспека дзяцей, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі. — Сумесна з прадстаўнікамі міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя мы праводзілі маніторынг, і па выніках першай і другой змен няштатных сітуацый і надзвычайных здарэнняў не было.

З кожным годам у дзіцячых санаторыях і рэабілітацыйных цэнтрах павялічваецца колькасць замежных гасцей. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца нашы ўстановы ў арганізаваных спартыўных груп.

— Нашы дзіцячыя санаторыі і рэабілітацыйныя цэнтры валодаюць выдатнай спартыўнай базай. У прыватнасці, заламі з высокай столлю, што дазваляе трэніравацца групам па спецыялізаваных відах спорту — мастацкай гімнастыцы, альпінізме. Па выніках года колькасць замежных дзяцей, якія адпачылі ў нас, будзе большая, чым летась, — упэўнены Генадзь Балбатоўскі.

Па праграме Саюзнай дзяржавы для аздараўлення беларускіх дзяцей закуплена 210 пуцёвак у рэабілітацыйныя цэнтры «Світанак», «Жамчужына» (Беларусь) і «Янтар» (Расія).

Самыя папулярныя — санаторыі найвышэйшай катэгорыі

Санаторна-курортныя арганізацыі краіны запоўнены цалкам, і такая сітуацыя захаваецца да канца лета. У першым паўгоддзі за сродкі бюджэту ў іх прайшло аздараўленне больш за 400 тысяч чалавек. На гэта з бюджэту выдаткавана каля 305 мільёнаў рублёў. Павялічылася (на 12 %) і колькасць пуцёвак, якія рэалізавалі самі санаторыі, выручка склала 195 мільёнаў рублёў.

Беларускія санаторыі па-ранейшаму карыстаюцца папулярнасцю ў суседзяў — з пачатку года да нас прыехала больш за 110 тысяч замежных грамадзян. Прычым калі раней доля расіян у ліку замежнікаў складала 90 %, то цяпер за кошт гасцей з краін Прыбалтыкі, Польшчы і Германіі колькасць адпачывальнікаў з усходняй краіны-суседкі зменшылася да 85 %.

Самымі запатрабаванымі нязменна застаюцца санаторыі найвышэйшай катэгорыі, якія валодаюць моцнай матэрыяльна-тэхнічнай базай. У топе па запаўняльнасці — «Юнацтва», «Ружанскі», «Радон», «Прыазёрны», «Сосны».

— Санаторый «Юнацтва» яшчэ ў студзені 2019 года прадаў усе пуцёўкі на святкаванне Новага года ў 2020-м. І дырэктар атрымліваў скаргі, што абмяжоўвае доступ, а на самай справе ўсё выкуплена, — тлумачыць Генадзь Балбатоўскі.

Кошт пуцёвак у санаторыі на працягу года застаецца нязменным. У параўнанні з мінулым годам ён павялічыўся не больш чым на 6 %. Адзін дзень у стандартным двухмесным нумары каштуе каля 55 рублёў. Што датычыцца пуцёвак у свабоднай рэалізацыі, то тут цэны ўстанаўлівае сам уласнік у залежнасці ад сезона і попыту.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.