Вы тут

Сям'я крычаўскіх ганчароў адраджае майстэрства глінянай цацкі


Ён навучыў яе ляпіць з гліны, а яна паказала яму сялянскую працу. Сустрэўшыся аднойчы на занятках па ганчарным майстэрстве, Вячаслаў Якавенка і Любоў Яшчанка пайшлі па жыцці разам і ідуць так ужо дзесяць гадоў. Увесь гэты час яны адраджаюць майстэрства крычаўскай глінянай цацкі і ствараюць незвычайных соў, што самі абіраюць сабе гаспадароў, якім патрэбна дапамога.


Гліна кіруе эмоцыямі

У майстроў ёсць не толькі асобныя фігуркі: коцікаў, конікаў ды людзей, а і званочкі, падсвечнікі, бразготкі... А яшчэ цэлыя гліняныя кампазіцыі, якія складаюцца з некалькіх вырабаў і яднаюцца ў адну тэматычную замалёўку. Гэтыя творчыя наборы фігур пабывалі на шматлікіх выстаўках, дзе майстры неаднаразова займалі першыя месцы.

— Гэта вось «Старадаўні Крычаў XVІІІ стагоддзя». Замак, суднаверф, недзе яшчэ караблік быў... А гэта «Восень», «Мая малая радзіма»... А гэта я ару поле, — пералічвае народны майстар Беларусі Вячаслаў ЯКАВЕНКА свае творы і смяецца, паказваючы на фігурку аратага аўтарства сваёй другой паловы. — Я і за сапраўдным плугам хаджу, і кашу́. Жонка навучыла.

— А карову гэта вы, пэўна, ведзяце? — пытаюся ў Любові ЯШЧАНКІ, члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, гледзячы на іншую фігурку з кампазіцыі.

— А як жа, я, — пагаджаецца яна.

Пакуль размаўляем, Вячаслаў Мікалаевіч робіць чарговага каня, хоць пакуль я бачу ў яго руках толькі гліняны шар. Звычайна майстар заўжды ведае, што наступнае народзіцца ў яго руках, аднак бывае і інакш...

— Часам хочаш зрабіць адно, а гліна дыктуе сваё, і выходзіць такая фігурка, якую і не ўяўляў, — кажа Любоў Яшчанка. — Гліна можа кіраваць чалавекам. Асабліва калі ты заклапочаны прыходзіш. Сядзеш за справу, а гліна нібыта адцягвае на сябе трывогі, супакойвае, камандуе тваімі думкамі, прымушае іх набыць зусім іншы напрамак.

Асабліва ў гэтым дапамагаюць свістулькі. Іграць на іх урачы раяць нават неўраўнаважаным людзям ці гіперактыўным дзецям.

— Калі толькі бярэш гліну ў рукі, пачынаюць узаемадзейнічаць біяпалі чалавека і матэрыялу. Праз хвіліну ў нас ужо рассеяная ўвага. Яшчэ праз пару хвілін біяполе гліны падстройваецца пад наша. Наша аўра і ахоўныя функцыі арганізма ўзмацняюцца, — кажа майстрыха. — А калі вас мучыць нейкае пытанне, дастаткова пайграць на свістульцы. І супакоішся, а мозг сам знойдзе адказ.

І не качка, і не конь

Першыя абярэгі, дарэчы, былі менавіта гліняныя. Старажытнаславянскі абярэг у выглядзе вершніка, што сядзіць на невядомым стварэнні (паўкачка-паўконь), лічыцца сімвалам язычніцкага Падняпроўя — зямлі, якая цяпер уваходзіць у склад Расіі, Украіны і Беларусі. Так што цацка гэтая яднае тры народы. Качка — сімвал ночы і мацярынства — ахоўвала чалавека ў цемры, а конь — сімвал сонца, любові і ўрадлівасці — у светлы час. Такую цацку-свістульку кожны воін абавязкова браў з сабою на бітву. Абярэг ахоўваў таксама паляўнічых і падарожнікаў.

Менавіта гэтая найстаражытнейшая свістулька стала вобразам і брэндам фестывалю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Крычаўскі конік». Сёлета ў верасні ён пройдзе ўжо чацвёрты раз. Адметнасць крычаўскай качкі-каня, фігурку якога ўпершыню знайшоў археолаг Андрэй Мяцельскі, у тым, што яна мае галаву каня і тулава качкі. Цацка датуецца XVІІ стагоддзем.

— 98 фігурак з гліны былі знойдзены на раскопках гарадзішча на Гомельшчыне, якое датуецца другім тысячагоддзем да нашай эры. На жаль, усе яны былі пабітыя, толькі адзін конік застаўся цэлы. На той час гэтыя фігуркі былі сакральнымі рэчамі. Людзі верылі, што сапраўдны конь з'явіцца, калі яго зляпіць. А як цацка свістулька з'явілася ў ІІ стагоддзі нашай эры, — дзеліцца ведамі майстар.

Свістулькі майстроў нібыта жывыя. Яны імітуюць да 20 відаў галасоў і спеваў птушак і жывёл. Пеўнік кукарэкае, конік іржэ, сава вухкае і можа імітаваць зязюлю, качка кракае, птушкі выдаюць трэлі, коцікі мяўкаюць, сабакі гаўкаюць, парасё рохкае, мядзведзі, тыгры і львы рыкаюць, каровы і быкі мычаць, лягушка квакае і пускае пузыры, вадзяны спявае салаўём, калі ў яго наліць вады... Гук свістульцы робяць па памяці — падобным на той, што самі чулі, кажуць рамеснікі:

— Каб у свістулькі з'явіўся задуманы голас, патрэбны пэўная таўшчыня сценак і памер дзірачак. Большая форма свістулькі — гук больш глухі, меншая па памерах гучыць званчэй. Выраб з дзвюма-трыма гукавымі адтулінамі — гэта проста свістулька. Калі чатыры і больш, да сямі-васьмі — гэта акарына. На ёй можна сыграць мелодыю і настроіць па нотах.

Сакрэты дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і рамяства Вячаслаў Мікалаевіч выкладае і дарослым — у народнай студыі «Добрасць», і малым — у дзіцячай народнай студыі «Свістулька». Многія былыя вучні ўжо самі перадаюць рамяство наступным.

Абварванне, малачэнне, задымленне...

Вырабы адрозніваюцца не толькі выявай фігуркі, але і знешнасцю. Недзе цацка чорная, задымленая, недзе каляровая, аж зіхаціць, распісаная... Спосабаў абпальвання гліны мноства.

— Распаленую фігурку вымаеш з печы і кладзеш у апілкі. Яны займаюцца, дымяць, і гліна набіраецца дыму. Пасля цацка не пэцкаецца, становіцца больш цвёрдай і моцнай і грае званчэй, — кажа Любоў Яшчанка. — Гэта вось зроблена шляхам малачэння: распаленую фігурку акунаем у салодкае малако, пасля чаго ставім яе дадаткова на абпальванне і даводзім да 400 градусаў. Атрымліваецца такі цікавы колер. Ёсць таксама абвараная гліна — калі распалены выраб вымаеш з печы і акунаеш у расол, на паветры ідзе акісленне, фігурка пакрываецца плямінкамі. Атрымліваецца такі рабенькі твор, які пасля абавязкова трэба памыць вадою, інакш уся цацка стане чорнага колеру. Ёсць яшчэ ангоб — калі ў адным вырабе спалучаюць розныя віды і колеры гліны.

За адраджэнне прыдняпроўскай глінянай цацкі Вячаслава Якавенку ўзнагародзілі ордэнам Пашаны, а звесткі пра вырабы і майстра занесены ў міжнародную энцыклапедыю «Найлепшыя людзі».

Гістарычная каштоўнасць цацкі не выклікае сумненняў. Што да эканамічнага складніка, то, кажуць майстры, дарога і пражыванне на «Славянскім базары», напрыклад, акупляюцца, аднак зарабляць на жыццё толькі любімай справай не атрымаецца.

— Мы ж не можам рабіць цацкі круглыя суткі. У нас не шырспажыў, а вырабы з душой, — кажа Вячаслаў Якавенка.

— Да нас падыходзяць і з крамаў, і прадпрымальнікі, каб мы ім аддавалі на продаж свае цацкі оптам, аднак мы не пагаджаемся, — падтрымлівае Любоў Міхайлаўна. — Мы і не наробім столькі, і душы ў тых творах не будзе, яе ж толькі рукамі можна ўкласці. Няхай праз камп'ютарныя штампы-малюнкі свістулька і будзе ідэальная, а ў майстра недзе рука хіб зробіць, аднак прамысловая цацка будзе без душы, без энергетыкі!

Совы мяняюць жыццё

Сава — сімвал мудрасці, сямейны абярэг, заступніца жанчын. Яна наводзіць у хаце парадак, не дае адбыцца сваркам. У хаце сава павінна стаяць навідавоку.

Свістулька-сава ўпершыню з'явілася ў XVІІІ стагоддзі, калі на Крычаўшчыне было паўстанне Васіля Вашчылы. Яго паплечнік, ганчар Іван Сыч, рабіў не толькі посуд, а і птушак-сычоў, якія дудзелі як сапраўдныя. З тых часоў пачалі рабіць выявы соў... Па павер'і заходніх славян, чэхаў і палякаў, раз на год яна выконвае жаночае жаданне, заўважае майстар.

— На Каляды яна выконвае любое жаданне, на Купалле — пра каханне, на Пакровы можна загадваць пра прыбытак, нараджэнне дзетак. Апоўначы трэба загадаць жаданне, пасвістаць у саву тройчы і легчы спаць, ні з кім не размаўляючы. У хуткім часе жаданне здзейсніцца, — кажа Любоў Міхайлаўна. — Сава і маё жыццё рэзка змяніла... Вячаслаў — мой другі муж, і пазнаёміліся мы з ім праз маю дачку, якая пайшла да яго займацца. Ёй спадабалася настолькі, што яна кінула музычную школу, але мне не прызнавалася. Як толькі дачка зляпіла саву і прынесла яе дадому, дык і я трапіла на заняткі да Вячаслава і пачала сама ляпіць. Перад гэтым некалькі разоў хацела падаць на развод, але нешта мяне ўтрымлівала, ды і ісці не было куды. А тут Вячаслаў прапанаваў: «У мяне кватэра вялікая, прыходзьце з дачкой, пажывіце, колькі трэба». Так мы ў яго і засталіся...

Совы, якіх толькі раз на год, падчас вялікага посту, робіць Любоў Міхайлаўна, валодаюць сапраўднай містыкай. Толькі калі жанчына папасціць і памоліцца, яна бярэцца за справу, інакш сава не набудзе сваіх якасцяў. Вялізная сава, зробленая рукамі Любові Міхайлаўны, «жыве» нават у кіраўніка дзяржавы.

— Нашым пакупнікам я звычайна расказваю павер'і, звязаныя з совамі. Неяк па вясне чарговы раз мы былі на выстаўцы, адна дзяўчына слухала, глядзела і раптам кажа: «Вось гэта, напэўна, мая сава»... У жніўні яна пазваніла і сказала, што цяжарная, хоць дзесяць гадоў у іх з мужам не было дзяцей і ўрачы казалі, што ўжо і не будзе, — успамінае Любоў Яшчанка. — А ў Белгарадзе адна жанчына слухала мае расказы, пасля заплакала і збегла... Потым вярнулася і бярэ апошнюю саву: «Яна на мяне ўвесь час пазірала»... Праз тры гады я гэтую жанчыну сустрэла ізноў. Яна расказала, што сірата, некалі выйшла замуж за хлопца, бацькі якога на гэтым настаялі, бо яна зацяжарала. Пасля яшчэ двух дзетак нарадзіла, аднак муж здзекаваўся з маладой. А як яна прынесла ў дом саву, ён... праз два дні знік ажно на тры гады. Некалькі месяцаў таму вярнуўся іншым чалавекам... на руках носіць, ва ўсім дапамагае.

Што ж, талент і містыка, напэўна, заўжды побач... «Мая» сава мяне таксама чакае, толькі яе Любоў Міхайлаўна пакуль не зрабіла...

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Сава жаданняў і вершнік на качцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.

Грамадства

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Афіцыйныя святкаванні і асноўныя мерапрыемствы гарадскога Міленіума пройдуць 6—8 верасня.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ляльку з секс-шопа, галубоў на ігрушы і дзяўчынку, якая схавала пашпарты.