На роўным месцы


Колькі дзіця не пільнуй, аднак, калі вышэйшыя сілы падарылі яму ў здаровым целе гарэзлівы дух, цікаўнасць і неўтаймоўную прагу дзейнасці, — знаёмства з навакольным светам без гузакоў, драпін і разбітых насоў не абыдзецца.


Фота parents.ru

Што далёка хадзіць: мае бацькі дагэтуль прыгадваюць, як пасярод белага дня патэлефанавала выхавацелька (гаворка, на хвілінку, ідзе пра дамабільную эпоху, так што тэлефанавала маме на работу) і дрыжачым голасам распавяла, што я, чатырохгадовае паслухмянае дзяўчо, разбіла галаву. І дзе? На прагулцы, на лесвіцы ў дзве з паловай прыступкі, знаёмых да апошняй шчарбінкі, практычна на вачах ва ўсёй групы і дзвюх (!) выхавацелек — за нейкае імгненне. Мама ляцела ў садок на таксі, а адтуль, ужо са мной — у бальніцу, дзе рану тэрмінова прамылі і зашылі. І хоць я нічога з гэтага не памятаю, маленькі шнар у раёне патыліцы прымушае паверыць, што так і было.

Альбо ўзяць паездкі да бабулі: кожны раз нам, малым, чыталі інструктаж па тэхніцы бяспекі: да мора ісці цераз чыгуначны мост, трымацца за парэнчы, глядзець пад ногі. І кожны раз на другі ці трэці дзень канікул я збівала да крыві вялікі палец на назе — то левай, то правай...

Цяпер эстафету няўклюднасці падхапілі ўжо мае дзеці. Малодшая дачка ўмудрылася аднойчы рассячы брыво, проста забіраючыся на свой ложак і няцвёрда паставіўшы нагу, прычым, што асабліва крыўдна, здарылася гэта акурат 8 сакавіка! Старэйшая ж, паколькі любіць летуценна марыць услых і чытаць на хаду, часцяком паўтарае мае дзіцячыя «дасягненні» па сутычках з прадметамі мэблі. Сёлета за менш як палову канікул у нашым актыве падрапаныя падбародкі, некалькі разоў пацярпелыя каленкі і разбітая губа. І ўсё, лічы, на роўным месцы! Пры тым, я ведаю, гэта яшчэ даволі сціплыя вынікі. Знаёмая мама хлопчыка-падлетка неяк у роспачы падзялілася, што ва ўзросце пяці-сямі гадоў наведвала з малым траўмапункт, як па раскладзе — амаль кожны тыдзень! «Спачатку было нават сорамна перад урачамі, як гэта я не магу дагледзець дзіця. А потым пажылая доктарка па-філасофску заўважыла, што ёсць такая катэгорыя людзей — і дзяцей, і дарослых, — якіх хоць у круглы пакой з абабітымі ватай сценамі пасадзі, яны знойдуць чым параніцца альбо прыдумаюць небяспечны для жыцця і здароўя эксперымент. І мяне неяк адпусціла гэта штосекунднае напружанне — я стараюся быць побач, але пэўныя наступствы дурных учынкаў дазваляю яму адчуць на сабе».

Многія дзеці не вераць у прапісныя ісціны і правілы, хоць і чуюць іх штодня па шмат разоў. А таму не раз і не два, і з сямю нянькамі, і на роўным месцы, і ў самых найбяспечных умовах што-небудзь такое выкідваюць, што не ведаеш — плакаць, смяяцца ці вырываць сівыя валасы. Што тут будзеш рабіць? Уздыхнеш, апрацуеш «баявыя раны», нальеш у кубак любімую гарбату з чымсьці заспакаяльным, сто першы раз паўторыш, што такое добра, а што такое дрэнна, і прабурчыш амаль бязгучна: «Нічога, у цябе некалі таксама будуць дзеці...»

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.