Вы тут

Нам сапраўды тут жыць


Лабараторыя сацыяльнага тэатра ECLAB — тэатральная лабараторыя ў межах «Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі». Куратар і рэжысёр праекта — Валянціна Мароз, выпускнікі і студэнты якой занятыя ў спектаклях. «Нам тут жыць» — чацвёрты праект Валянціны Мароз у межах Лабараторыі сацыяльнага тэатра ECLAB. Спектакль «11 ліпеня» быў прысвечаны тэракту ў мінскім метро, «Родныя людзі?» — праблеме гвалту ў сям’і, «Наш клас» — Халакосту і праблемам польска-яўрэйскіх стасункаў у дваццатым стагоддзі. Новы спектакль «Нам тут жыць» пазіцыянуецца як спектакль, які ўздымае праблему дыскрымінацыі ў грамадстве.


Сацыяльны тэатр — гэта праца на сумежжы тэатральнага мастацтва і сацыяльных практык, дзе ідзе размова пра сацыяльныя праблемы пэўнага грамадства. Сацыяльны тэатр прапануе звярнуць увагу на тую ці іншую праблему, удзельнічае такім чынам у грамадскай дыскусіі ці прапануе яе пачаць. У расійскай тэатральнай прасторы існуе Театр. doc, заснаваны Аленай Грэмінай і Міхаілам Угаравым, які працуе з дакументальнай п’есай. У нашай прасторы гэтая ніша занятая толькі Свабодным тэатрам. У дзяржаўных рэпертуарных тэатрах пакуль толькі час ад часу сустракаюцца такія жамчужыны, як «Мабыць» Аляксандра Марчанкі, які ў гэтым годзе перасталі іграць у РТБД па сумесным рашэнні каманды з-за таго, што дакументальны матэрыял састарэў і перастаў адлюстроўваць сучасныя рэаліі. Зараз Лабараторыя сацыяльнага тэатра ECLAB прэтэндуе на тое, каб заняць у Беларусі нішу, дзе тэатр працуе з тэхнікай вербацім як асноўнай.

Вербацім — гэта тэатральны нонфікшн, дзе п’еса складаецца з інтэрв’ю з донарамі, якія гатовыя распавесці пра свой досвед. Спачатку ідзе праца з чалавекам, запіс інтэрв’ю, а потым апрацоўка яго драматургам, які збірае неверагодную колькасць гадзін у адзіную канцэпцыю, абірае неабходнае і пазбаўляецца залішняга. Стваральнікі спектакля «Нам тут жыць» збіралі гісторыі з асабістага досведу дыскрымінацыі па розных прынцыпах.

Над тэкстам дакументальнай п’есы працавалі Аляксей Чыканас, які звычайна датычны да тэкстаў Лабараторыі, актрыса Кася Чакатоўская і рэжысёр Валянціна Мароз. Сцэнографам стала Кацярына Чудная. Мастак па касцюмах — Андрэй Часныкоў. Дызайнер — Насця Стальмахава. Акцёры спектакля, яны ж займаліся працай з донарамі: Насця Стальмахава, Кася Чакатоўская, Паліна Піткевіч, Ганна Лаўніковіч, Ірына Аверына, Павел Андрэеў, Арцём Лабко, Багдан Хмяльніцкі, Аляксандра Бабкова, Павел Міхаленя.

Спектакль зманціраваны як зборнік гісторый, размеркаваных па ўзросце, дзе вы бачыце дыскрымінацыю, з якой сутыкаліся яшчэ са школы. Акцёрам даводзіцца змяніць за спектакль некалькі роляў, распавядаючы гісторыю за гісторыяй. Такая мадэль мае на ўвазе моцную ансамблевую працу акцёраў, якія могуць іграць адзін з адным у самых разнастайных камбінацыях. Тут выкарыстоўваецца скупая сцэнаграфія, якая складаецца толькі з крэслаў, з якімі акцёры працуюць на працягу спектакля. Уся ўвага — акцёрам, а не рэжысёрскай канцэпцыі: час ад часу ў спектаклях акцёрскае выкананне перастае быць цэнтрам увагі, бо больш значным становіцца, ува што акцёр упісаны рэжысёрам. Рэжысёрскі падыход у «Нам тут жыць» набліжаецца да акцёрскага тэатра, а не рэжысёрскага і патрабуе моцнага акцёрскага выканання: хуткага пераходу ад аднаго героя да іншага, навыку працаваць у парах, добрага адчування партнёраў.

Акцёр мог атрымаць ролю не толькі таго донара, якога інтэрв’юяваў сам. Некаторыя акцёры працавалі толькі з аўдыязапісамі інтэрв’ю сваіх герояў, не кантактуючы з імі напрамую. Цікава, наколькі гэта паўплывала на працу непрафесійных акцёраў, якім было неабходна стварыць у адным спектаклі некалькі вобразаў не толькі на ўзроўні работы з тэкстам, але і на ўзроўні фізічнага функцыянавання на сцэне. На працягу спектакля акцёры не з кожным героем перастварылі вобразы наноў, а час ад часу працягвалі выкарыстоўваць ужо распрацаваны для аднаго са сваіх герояў вобраз. У асноўным акцёры выконваюць найбольш зручныя для сябе ролі, не асабліва выходзячы за рамкі аднаго архетыпу, але ў кожнага з іх ёсць героі, для ўвасаблення якіх трэба адысці ад зручнага для іх вобраза. З гэтым акцёры спраўляюцца з пераменным поспехам. Мабыць, набліжэнне да архетыпу, праз які можна ўніверсалізаваць рэпрэзентаваны досвед, — гэта тое, чаго патрабуе спектакль, але ў той жа час, на мой погляд, не хапіла ўнікальнасці людзей у цэнтры гісторый. У такіх выпадках асабіста мяне ўражвае, калі агульны і пазнавальны досвед грамадства складаецца з унікальнасці кожнага. Тут мне не хапала асабістай унікальнасці крыху ў тэксце і вельмі моцна ў фізічным існаванні акцёра на сцэне. Магчыма, уплывае адсутнасць камунікацыі з донарам, калі можна было даследаваць глыбей яго стыль мыслення, звычкі, спосабы выяўлення эмоцый, стаўленне да людзей, пра якіх ён распавядае. І пра гэта можна нават не задумацца, калі не ўбачыць кантраст, у якім нечакана акцёр мяняецца і грае іншае цела, пры тым, што да гэтага яго іншыя целы заставаліся такімі ж самымі. Стваральнікі кожны раз ставяць акцэнт на тэме дыскрымінацыі ў нашым жыцці, яе відах, заціскаючы гледача ў вузкія межы тэксту, у якім прагаворваюцца праграмныя думкі. «Нам тут жыць» шмат кажа аб праблемах сучаснасці, не хаваючы іх у тэксце, аддаленным ад сучаснасці. Вельмі значнай становіцца тэма булінгу ў спектаклі, праз што можна ўмоўна падзяліць спектакль на часткі пра дыскрымінацыю падчас навучання і дыскрымінацыю ў іншых сферах.

Калі людзі мелі падобны досвед, то ў іх адгукаецца тое, што яны бачаць на сцэне, калі яны не мелі падобнага досведу, то ў гледачоў з’яўляецца нагода пагутарыць пра гэта і асэнсаваць. Так у Театры. doc часам мае сэнс казаць не пра тое, як зроблены спектакль, а пра тое, якую тэму ён падымае. На жаль, стварэнне плаката «дыскрымінацыя — гэта балюча» не заўсёды прымушае адчуць, што гэта сапраўды так. Назва спектакля «Нам тут жыць» звяртае гледача да рэфлексіі на тэму, што гэта грамадства, у якім нам жыць, а ў яго ёсць шмат спосабаў зрабіць балюча. Але прагаворванне вялікай колькасці тэксту, які вербальна яшчэ раз нагадвае пра дыскрымінацыю і праблемы, звязаныя з ёй, дазваляе ў інтэрпрэтацыі толькі некалькі разоў адысці ад прапанаванага стрыжня, каб убачыць карціну шырэй. Для мяне як гледача не застаецца прасторы для інтэрпрэтацыі, але з’яўляецца пляцоўка для дыскусіі — не пра спектакль, а пра праблему. І добра гэта ці дрэнна, залежыць толькі ад мэт, якія мелі стваральнікі.

«Нам тут жыць» — гэта адначасова і вучнёўская, і важная сацыяльная праца, з дапамогай якой Лабараторыя сацыяльнага тэатра ECLAB упэўнена заяўляе свае правы на нішу дакументальнага тэатра ў Беларусі.

Святлана КУРГАНАВА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».