Вы тут

Прэзідэнт прыняў удзел у цырымоніі ўшанавання выпускнікоў ваенных ВНУ Беларусі і Расіі


На людзей ў пагонах ускладаецца адказнасць за мір і спакой на беларускай зямлі ў эпоху глабальнай ваеннай нестабільнасці. Аб гэтым сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас цырымоніі ўшанавання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў Беларусі і Расіі і ўручэння генеральскіх пагон у Палацы Незалежнасці.


Прэзідэнт адзначыў, што ў лёсах прысутных вайскоўцаў гэты дзень асаблівы, бо ўрачыстасць адбылася ў 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

«‎Узгадваючы вялікі подзвіг герояў, што адстаялі свабоду Айчыны, з пачуццём гордасці глядзім на усіх, хто, працягваючы славутыя традыцыі, становіцца на абарону Радзімы; хто, прысягнуўшы краіне на вернасць, захоўвае мір і наладжвае бяспеку жыцця і дзейнасці людзей»‎, — падкрэсліў кіраўнік краіны.

«‎Міжнародная сістэма бяспекі пад пагрозай парушэння. Гэта выклікі, якія вы павінны аб’ектыўна ацэньваць і якім мусіце быць гатовыя процістаяць»‎‎, — звярнуўся да ваеннаслужачых Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што прафесіяналізм людзей у форме, высокія маральныя якасці і імкненне самааддана абараняць сваю зямлю — гарантыя мірнага і стваральнага жыцця беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што сур’ёзным іспытам на прафесійную сталасць будзе сумеснае аператыўнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі «‎Шчыт Саюза—2019»‎‎ (пройдзе ў верасні на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. — прым. «‎Звязды»‎), і выказаў упэўненасць у гатоўнасці вайскоўцаў прадэманстраваць выдатную вывучку, мабільнасць і здольнасць хутка прымаць верныя рашэнні.

«‎Задачы, якія ставіць перад вамі дзяржава, нязменныя»‎, — падкрэсліў кіраўнік Беларусі і растлумачыў: абарона асобы, грамадства і краіны ад любых злачынных замахаў — абавязак афіцэраў органаў унутраных спраў.

На супрацоўнікаў міністэрства па надзвычайных сітуацыях ускладаецца адказнасць за бяспеку жыцця і дзейнасці чалавека, прафілактыку і папярэджанне бытавых здарэнняў і тэхнагенных катастроф. У зоне асаблівай увагі — эксплуатацыя Беларускай атамнай электрастанцыі.

Ад выпускнікоў-пагранічнікаў з улікам узрастання негатыўных фактараў, звязаных з пазазаконнай міграцыяй, наркатрафікам, кантрабандай, чакаюць падтрымання высокага ўзроўню баявой гатоўнасці, умення адэкватна рэагаваць на развіццё абстаноўкі ў пагранічнай сферы.

Супрацоўнікам спецслужбаў Прэзідэнт наказаў засяродзіць намаганні на нейтралізацыі праяў тэрарызму і экстрэмізму, распальвання нацыянальнай і рэлігійнай варожасці ў грамадстве, прымаць меры па недапушчэнні нанясення эканамічнага ўрону дзяржаве.

«‎Заўсёды памятайце, што афіцэр славуты не пагонамі, а гонарам»‎‎, — даў настаўленне выпускнікам Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што беларускі народ вельмі цэніць і паважае ўсіх, хто па клічу сэрца выбірае прафесію служыць сваёй краіне, і ведае, што знаходзіцца пад надзейнай абаронай.

«‎Будзьце вартыя гэтага даверу‎»‎, — сказаў Прэзідэнт.

Ён выказаў перакананасць, што гэты дзень запомніцца вайскоўцам надоўга: не толькі таму, што многія сталі сапраўднымі афіцэрамі, скончыўшы ВНУ, атрымаўшы новыя пагоны, але і таму, што гэта асаблівы дзень — калі мы адзначаем вялікія святы.

«‎Жадаю вам поспехаў і, самае галоўнае, важнае для афіцэра, — надзейнага тылу»‎, — павіншаваў Аляксандр Лукашэнка.

Са свайго боку людзі ў форме выказалі гатоўнасць заўсёды процістаяць любым пагрозам нацыянальнай бяспецы і паабяцалі зрабіць усё, што ад іх залежыць, і нават больш — каб захаваць мір, спакой на беларускай зямлі.

«‎Апраўдаем аказаны нам высокі давер, пацвердзіўшы гэта сваёй ратнай працай, рэалізуем на практыцы атрыманыя веды з мэтай забеспячэння нацыянальнай бяспекі»‎, — ад імя таварышаў запэўніў Галоўнакамандуючага выпускнік факультэту Генеральнага штабу Валерый Булыга.

Варвара МАРОЗАВА


Бяспека на масавых мерапрыемствах кшталту адкрыцця «Славянскага базару ў Віцебску» і канцэртаў міжнароднага фестывалю мастацтваў будзе забяспечаная акуратна і надзейна. У гэтым журналістаў пасля ўрачыстасці ў Палацы Незалежнасці запэўніў міністр унутраных спраў Юрый КАРАЕЎ. Па яго інфармацыі, правядзенне мерапрыемстваў забяспечаць віцебскія міліцыянеры і прыцягнутыя сілы з абласцей і Мінска.

Для праваахоўцаў год аказаўся складаны: мінулі маштабныя дзяржаўныя святы, ІІ Еўрапейскія гульні, Купалле. Як прызнаў Юрый Караеў, стомленасць адчуваецца, але перанапружанасці не было — дзякуючы правільнаму планаванню задоўга да мерапрыемстваў.

«Нагрузка на супрацоўнікаў не была павышаная бяздумна — былі размеркаваныя сілы і сродкі, каб сканцэнтраваць дастатковую колькасць ваеннаслужачых для забеспячэння ў першую чаргу змяняльнасці адпачынку, добрых бытавых умоў», — растлумачыў міністр. Ён адзначыў, што з уступлення на пасаду наведваў не толькі месцы нясення службы на аб'ектах ІІ Еўрапейскіх гульняў, але і месцы адпачынку супрацоўнікаў, бо ад якасці вольнага часу непасрэдна залежаць вынікі службы.

«Мы працуем для грамадства і не проста выконваем задачы дзеля абстрактнага «закону», а глядзім, як гэта адлюстроўваецца. Як сказаў кіраўнік дзяржавы: працуем для абароны асобы, грамадства, дзяржавы. Мы гэтыя паняцці атаясамліваем», — падкрэсліў Юрый Караеў, заўважыўшы пры гэтым, што для міністэрства важная зваротная сувязь з насельніцтвам.

Па словах міністра, органам унутраных спраў не ўсё роўна, што кажуць як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.

«Прыслухоўвацца да меркавання апанентаў, у якім таксама можа быць — і вельмі часта — рацыянальнае зерне. Прыклад: калі я сказаў, што мы будзем адкрытыя гасцям ІІ Еўрапейскіх гульняў, у каментарыях не раз праскочыла: «А да сваіх грамадзян ты будзеш адкрыты?». Канешне, я агаварыўся: да ўсіх людзей — і гасцей, і сваіх грамадзян. Свае грамадзяне — перш за ўсё», — прызнаў міністр унутраных спраў.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».