Вы тут

Колькасць фотапастак у лясах будзе павялічвацца


У насаджэннях, побач з якімі размешчаны садаводчыя таварыствы, штогод збіраюць каля пяці тысяч кубічных метраў бытавога смецця і адходаў


На пытанне аб праблеме несанкцыянаваных звалак у лясах паблізу таварыстваў уласнікаў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Валянцін Шатраўка адказаў, што сёння яна не страціла сваёй актуальнасці. «Мы яе не вырашым, пакуль сумесна з арганізацыямі ЖКГ і Мінпрыроды не будзе вырашана пытанне вывазу гэтага смецця з садаводчых таварыстваў», — сказаў ён. Па словах Валянціна Шатраўкі, калі няма спецыяльна адведзенага месца, куды людзі маглі б выкідваць смецце, рана ці позна яно апынецца ў лесе, размешчаным паблізу, або ў іншым месцы.

Разам з тым аналіз, праведзены Мінлясгасам, сведчыць, што ў апошнія тры-чатыры гады назіраецца тэндэнцыя пэўнага скарачэння аб'ёмаў смецця. «Гэта адбываецца, рух у гэтым пытанні ёсць, — заявіў Валянцін Шатраўка. — Напэўна, людзі становяцца больш свядомыя».

Паваленыя дрэвы — на дровы

Расказаў першы намеснік міністра і пра іншыя праблемы, з якімі сутыкаецца яго ведамства ў нашых лясах. Не толькі чалавек захламляе іх, але і сама прырода — моцныя вятры апошніх гадоў ламаюць многія дрэвы.

За студзень — май гэтага года лясгасы прыбралі адходы ў лясным фондзе (на тэрыторыях, прылеглых да месцаў адпачынку, знакавых аб'ектаў, а таксама на пляцоўках уздоўж аўтамабільных дарог) на плошчы больш за 4,5 тысяч га.

А летась комплекс мерапрыемстваў па навядзенні парадку ў лясным фондзе Міністэрства лясной гаспадаркі быў выкананы ў поўным аб'ёме. У прыватнасці, добраўпарадкавана 145 месцаў адпачынку. Квартальныя прасекі расчышчаны на працягу 759 кіламетраў, пры гэтым нарыхтавана 4,8 тысячы кубічных метраў драўніны. Прыбраная захламленасць у аб'ёме 133,5 тысячы кубічных метраў. Выраблена і ўстаноўлена ў лясным фондзе, які прымыкае да аўтадарог, 5 620 шлагбаумаў, 4 687 аншлагаў на супрацьпажарную і прыродаахоўную тэматыку (на рускай і беларускай мовах), 1 259 пано і іншае.

У лясным фондзе, прылеглым да аўтамабільных дарог, высечана 31,2 тысячы кубічных метраў нежыццяздольных і сухастойных дрэў, у тым ліку ўздоўж дарог рэспубліканскага значэння — 17,3 тысячы «кубоў». Прыбраны тэрыторыі ўздоўж аўтамабільных дарог агульнай працягласцю 9 022,7 кіламетра, у тым ліку рэспубліканскага значэння — 5 261,6 кіламетра.

На працягу года для правядзення ачысткі месцаў высечак лесу ад захламленасці сельскагаспадарчымі ўстановамі шырока прыцягвалася мясцовае насельніцтва.
З гэтай мэтай летась было адпушчана 1,4 мільёна кубічных метраў, у тым ліку насельніцтву — 0,7 мільёна «кубоў». Акрамя таго, арганізацыямі галіны была працягнута сістэмная работа па ўборцы бытавых адходаў на ўчастках, прылеглых да месцаў адпачынку ўздоўж аўтамабільных дарог, садовых таварыстваў і населеных пунктаў, у прыдарожных палосах. Летась прыбрана 9,5 тысячы кубічных метраў бытавога смецця.

Усміхніцеся — вас здымаюць

Адказваючы на пытанні журналістаў, першы намеснік міністра падкрэсліў: «Што датычыцца павелічэння колькасці відэакамер, якія ў тым ліку выяўляюць і парушальнікаў, вядома, мы будзем працягваць гэтую работу. Думаю, сёлета мы яшчэ дадаткова закупім каля сотні». Пры гэтым Валянцін Шатраўка адзначыў, што плануецца не толькі павялічваць колькасць фотапастак, але і выкарыстоўваць больш дасканалыя камеры. «Мы разумеем, што частка камер працуе непрацяглы час або дае такую карцінку, якую немагчыма выкарыстоўваць для прыцягнення да адказнасці ў далейшым», — дадаў ён.

Паводле слоў першага намесніка міністра, камеры з'яўляюцца эфектыўнай мерай для таго, каб, у прыватнасці, прадухіляць забруджванне лясоў бытавым смеццем. Акрамя таго, выяўляецца шмат самавольных высечак, незаконных нарыхтовак драўніны. Камеры фотафіксацыі пачалі выкарыстоўваць у сістэме Мінлясгаса з 2015 года. Цяпер іх налічваецца ўжо 637. Летась яны дапамаглі лясгасам выявіць і прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці 466 парушальнікаў, што ў 1,6 раза больш, чым за 2017 год. За пяць месяцаў гэтага года з дапамогай фотапастак выяўлены 291 парушальнік.

Не па зубах караеду

Па выніках пяці месяцаў у нашай краіне назіраецца памяншэнне аб'ёмаў нарыхтоўкі драўніны пры правядзенні суцэльных санітарных высечак у сувязі з пашкоджаннем насаджэнняў жуком-караедам. «У два разы ў нас зменшыліся пашкоджанні, адпаведна, на столькі ж мы паменшылі і аб'ёмы нарыхтоўкі на такіх участках», — сказаў першы намеснік міністра. Сказаць дакладна, колькі драўніны будзе нарыхтавана такім чынам па выніках года, пакуль складана. Па словах Валянціна Шатраўкі, гэта можа быць прыкладна 60 % ад леташняга аб'ёму.

Спецыяліст адзначыў, што з моманту пастаноўкі пашкоджаных насаджэнняў на ўлік да іх высечкі павінна прайсці не больш за месяц, каб не даць распаўсюдзіцца жуку і не нанесці большую шкоду. «У сувязі з памяншэннем аб'ёмаў усыхання мы ў маі паставілі задачу да 15 чэрвеня высечы ўсе насаджэнні, пастаўленыя на ўлік да 1 чэрвеня, што і зрабілі», — адзначыў Валянцін Шатраўка. Разам з тым ён дадаў, што з чэрвеня пачаўся вылет першага пакалення шкоднікаў — жука-караеда. У сувязі з гэтым адзначаецца нязначнае павелічэнне аб'ёмаў усыхання лясных насаджэнняў па Гомельскай вобласці. Па астатніх рэгіёнах сітуацыя застаецца на ранейшым узроўні.

Што ж датычыцца ў цэлым аб'ёму нарыхтоўкі драўніны, то задача гэтага года — 23,5 мільёна кубічных метраў. «Летась было нарыхтавана 28,6 мільёна «кубоў» драўніны. Гэта рэкорд за ўвесь час нарыхтоўкі. Звычайна было прыкладна 23,5 мільёна. На гэты год мы для сябе іх і вызначылі», — сказаў Валянцін Шатраўка. Пры гэтым галоўная задача — забяспечыць краіну драўнянай сыравінай у аб'ёмах, неабходных для перапрацоўкі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».