Вы тут

Простыя правілы прымянення аграхімікатаў на падворку


Сёння хімічныя сродкі (пестыцыды) з'яўляюцца эфектыўным метадам аховы садовых раслін і гароднінных культур. Навука не стаіць на месцы, а таму сучасныя аграхімікаты больш бяспечныя для экалогіі і чалавека, чым тыя, што прымяняліся некалі. Аднак іх выкарыстанне не заўсёды прадыктавана неабходнасцю — не трэба апырскваць расліны толькі з мэтай прафілактыкі. А для таго, каб знізіць шкодны ўплыў на арганізм чалавека, пры апрацоўцы раслін на прысядзібным участку важна строга прытрымлівацца нескладаных правілаў. Як змагацца супраць шкоднікаў, каб не пацярпець самому, мы разбіраліся разам з урачом-гігіеністам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аленай Смірновай.


— Набываць пестыцыды трэба толькі ў гандлёвай сетцы і сачыць за тым, каб упакоўка была арыгінальная і непашкоджаная, меліся этыкетка і інструкцыя па ўжыванні. Там павінны ўтрымлівацца пералік мер перасцярогі, сімптомы атручэння і метады аказання першай дапамогі, — папярэджвае ўрач-гігіеніст.

Нельга перавозіць ці пераносіць гэтыя сродкі ў гаспадарчых сумках ці пакетах, прызначаных для харчовых прадуктаў. Для транспарціроўкі лепш скарыстацца таксама арыгінальнай упакоўкай. Захоўваць ядахімікаты варта ў месцы, недаступным для дзяцей, хатніх жывёл, дзе выключаны кантакт з харчовымі прадуктамі і пітной вадой.

— Аб'ём прыгатаванага раствору павінен адпавядаць меркаванаму аб'ёму работ, нявыкарыстаныя рэшткі нельга пакідаць «на будучыню», — нагадвае спецыяліст. — Ёмістасць, у якой захоўваецца прэпарат, павінна быць трывалай, шчыльна закрывацца і мець этыкетку з назвай прэпарату. Калі ядавітая вадкасць пралілася або рассыпаўся хімічны сродак, неабходна прыбраць яго з дапамогай шуфліка, сухога рыззя, знаходзячыся пры гэтым у гумавых пальчатках.

Памятайце, што работа з пестыцыдамі і аграхімікатамі павінна праводзіцца ў ранішнія (да 10) і вячэрнія (пасля 18) гадзіны, у бязветранае надвор'е, з выкарыстаннем сродкаў аховы скуры, органаў дыхання і зроку, якія ўказаны ў інструкцыі. Апрацоўку ядахімікатамі не могуць праводзіць цяжарныя жанчыны, кормячыя маці, дзеці і падлеткі да 18 гадоў.

Пры ўнясенні раствораў і эмульсій неабходна выкарыстоўваць апырсквальнікі ранцавага тыпу, а іх спраўнасць і герметычнасць правяраць перад пачаткам работ. Варта памятаць, што пры іх выкарыстанні магчыма ўдыханне пары, забруджванне адкрытых частак цела і адзення. Узнікае верагоднасць пападання аграхімікатаў у арганізм і атручвання. Ядавітыя рэчывы могуць трапіць у арганізм праз страўнікава-кішачны тракт, органы дыхання, скурныя покрывы. Таму абавязкова карыстайцеся сродкамі аховы — рэспіратарамі, пальчаткамі ці рукавіцамі, акулярамі, спецыяльным адзеннем і абуткам. Падчас апрацоўкі нельга піць, курыць, есці.

Пасля заканчэння работ трэба вымыць твар і рукі з мылам, прапаласкаць рот, прыняць душ. Неабходна вытрасці, праветрыць і памыць сродкі аховы, а затым захоўваць іх у спецыяльным месцы — ні ў якім разе не ў жылых пакоях. Перад мыццём адзенне варта замачыць у мыльным растворы, абутак спачатку паліць мыльным растворам, затым прамыць чыстай вадой. Ваду пасля мыцця інвентару і рэшткі абясшкоджаных ядахімікатаў выліваюць у спецыяльна выкапаную яму глыбінёй не менш за метр і засыпаюць зямлёй. Рыззё, анучы, паперу спальваюць невялікімі часткамі.

— Пры з'яўленні першых прыкмет атручвання работу па апрацоўцы раслін трэба неадкладна спыніць, выйсці з небяспечнай зоны, зняць цеснае адзенне, — пералічвае Алена Смірнова. — Калі пестыцыд выпадкова трапіў на рукі ці іншыя адкрытыя ўчасткі скуры, неабходна 5—10 хвілін змываць яго пад струменем вады або старанна выцерці скуру ватай ці кавалкам мяккай чыстай матэрыі. Калі хімікат трапіў у вочы, трэба старанна прамыць іх вадой, а затым двухпрацэнтным растворам пітной соды. Калі выпадкова праглынулі сродак, выпіце некалькі шклянак вады і выклічце рвоту, можна прыняць актываваны вугаль. Каб пазбегнуць ускладненняў пасля аказання першай дапамогі, неабходна звярнуцца да ўрача.

Памятайце, што перад апрацоўкай раслін варта аб'ектыўна ацаніць неабходнасць прымянення ядахімікатаў, правільна праводзіць апрацоўку, прытрымлівацца правіл прымянення і захоўвання гэтых рэчываў, а таксама выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.

Грамадства

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Афіцыйныя святкаванні і асноўныя мерапрыемствы гарадскога Міленіума пройдуць 6—8 верасня.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ляльку з секс-шопа, галубоў на ігрушы і дзяўчынку, якая схавала пашпарты.