Вы тут

Мой дом — мая крэпасць. А за сценамі — хоць трава не расці?


...Гэтую будоўлю ў вёсцы распачалі гады са два таму і, што называецца, з нуля: бульдозерам ссунулі пладародны слой зямлі, заклалі падмурак, прывезлі аднекуль гатовы зруб.

І далей работы не спыняліся: праязджаючы ці праходзячы міма, кожны бачыў, як ставілі сцены і крылі дах, як прывезлі вокны і дзверы, як нарэшце выткнуўся комін... Шчыраваў гаспадар. Не адставала ад яго і гаспадыня: у першую ж вясну побач з домам з'явіліся акуратныя градкі, кусты парэчак, хай невялічкі, але парнічок, маладзенькі сад. Здавалася, пашчасціла вёсцы: пасяліліся працавітыя добрыя людзі, з'явіўся новы, прычым зусім не лішні тут прыклад (ці нават узор!) вядзення гаспадаркі, жыцця, сямейных адносін.

Але ж хутка з'явіліся яны і гэтак жа хутка... зніклі, бо потым вакол дома клеткай паўстала глухая бетонная агароджа. Да таго ж паставілі яе насупраць яшчэ вышэйшай... І ў працяг да такой жа, але металічнай... У выніку досыць доўгі адрэзак вузкаватай вясковай вуліцы ператварыўся ў змрочны тунэль, дзе чалавек як крот...


Кажаце, няма чаго там «поўзаць»: як хацелі гаспадары, так і зрабілі, іх дамы — іх крэпасці. Але ж вуліца як бы «ўсіхная», агульная? І вёска — таксама?

Недарэчы, відаць, параўноўваць яе, нашу (і, вядома ж, не адну з такімі вось «моднымі» «наватворамі»), з недалёкай ад нас Палангай. Там — мора, сосны, пляжы, чысцюткае паветра — курорт, куды едуць адпачываць, жыллё замаўляючы загадзя.

Прапаноў яго, ну, вядома ж, шмат (і як мы жылі без інтэрнэту?): ад пакояў з выгодамі на вуліцы да асабнякоў — на пэўнай адлегласці ад мора... І (не ў апошнюю чаргу!) з адпаведным відам з акна.

Мусіць, таму высокіх агароджаў з бетону ці жалеза ў горадзе і ваколіцах амаль няма. Што цікава — нават там, дзе яны... ёсць, бо ў тамтэйшых гаспадароў ці не за правіла — наводзіць марафет не толькі на тэрыторыі «сваёй крэпасці», не толькі для сябе ды сваёй сям'і... У выніку тыя ж «бярозы ды сосны», дэкаратыўныя кусты і кветкі, дагледжаныя газоны з прыгожымі камянямі спрэс «параскіданы» яшчэ і за «платамі», што стварае дзівосную прыгажосць, прычым... выгадную не толькі асобным гаспадарам асобных дамоў, але і ўсяму гораду, бо многія з адпачывальнікаў, трапіўшы ў Палангу аднойчы, што называецца, уключаюць сарафаннае радыё (раяць іншым). Самі таксама прыязджаюць — яшчэ і яшчэ.

...У нас, многія лічаць, час такіх гаспадароў яшчэ не надышоў. І, вядома ж, памыляюцца. Сведчаннем таму наша пошта. Спадарыня Наталля Стасевіч з Бабруйска расказвае, як пяць гадоў таму яе сям'я пераехала ў новы дом і як з той радасці яе суседзі панеслі на лесвіцу свае вазоны. «Дурное... Іх жа пакрадуць», — казалі жанчыне ўсе. І, на жаль, мелі рацыю, бо спачатку нешта з кветак і сапраўды знікала. Але ж хутка з'яўлялася зноў, бо, убачыўшы, як прыгожа на ўваходзе ў пад'езд ды на ніжніх паверхах, да навядзення парадку «прымкнулі» суседзі з вышэйшых. Даслоўна: «Людзі на свае вочы ўбачылі: там, дзе брудна, дзе ўжо ляжыць смецце, мала хто ўтрымаецца, каб не кінуць сваё. А вось там, дзе чысціня і прыгажосць, нармальны чалавек свінячыць не стане. У выніку, — піша чытачка, — у наш пад'езд па-ранейшаму прыемна зайсці. Ён амаль як новы».

Што ж — пяць гадоў для дома — гэта не ўзрост. Іншая рэч... шэсцьдзясят пяць. «Сёння адзін мой знаёмы падвёз мяне да школы № 2, — піша спадар Уладзімір Голубеў з Мінска. — У 1954-м, калі я туды пайшоў вучыцца, сама вуліца Энгельса выглядала зусім па-іншаму, і гэта заканамерна: многія будынкі знеслі, спілавалі дрэвы. Шмат часу прайшло, але раней там цвіў бэз, усё выглядала па-хатняму ўтульна, цёпла, а цяпер чамусьці гуляе холад».

І прычына яго бачыцца чытачу не толькі ў адсутнасці «знаёмых» з маленства дрэў. «Беларусь, — піша спадар Голубеў, — адзначыла 115-годдзе з дня нараджэння Адама Русака. Некалі беларускае радыё часта перадавала іх вершы, песні. Да таго ж самі людзі, сабраўшыся разам, таксама спявалі. Тое ж «Бывайце здаровы, жывіце багата...» грымела на ўвесь Савецкі Саюз. Гэту песню нават лічылі народнай...

Сярод жывых ужо досыць даўно няма названага паэта, — піша спадар Голубеў, — але ж засталіся яго творы. Яны і сёння кранаюць душу, уздымаюць настрой. І вельмі хочацца, каб у нас у сталіцы з'явілася вуліца ў гонар аўтара, каб у дзіцячым парку імя Горкага на помніку пісьменніку пазначылі яго прозвішча».

Пагодзімся: у Беларусі шмат знакамітых, таленавітых людзей (не толькі сярод паэтаў), імёнамі якіх варта (і на добры толк трэба было б!) называць нашы паркі, плошчы, праспекты, вуліцы — у вялікіх і малых гарадах, у вёсках (можа, хопіць там Новых-Лясных-Лугавых?) ці нават у сталіцы... Але ж якраз тут іх, кажуць, не хапае — нават для Быкава.

Затое хай некалі, але ж знайшліся вуліцы для згаданага ў лісце Энгельса, Валадарскага, Свярдлова, Калініна, Розы Люксембург і Клары Цэткін ды іншых, чые жыццё і дзейнасць мала (альбо і зусім) не звязаны з Беларуссю. «Холад», аб якім піша чытач, магчыма, яшчэ і ад назваў?

«Раней (цытата з таго ж ліста) я часта хадзіў па вуліцах свайго маленства, цяпер ужо не — баляць ногі. А таму хіба ў думках дазваляю сабе «пагуляць» па малой радзіме... І пры гэтым, пакуль жыву, спадзяюся на лепшае, стараюся рабіць дабро — выступаю ў абарону нашай прыроды, чытаю беларускія кнігі, больш за 60 гадоў пастаянна выпісваю родную газету на роднай мове»...

І гэта — як сведчыць зваротная сувязь — таксама выгадна.

Ліст ад спадара Міхаіла Літошыка з Мінска, пачынаецца, у прыватнасці, з кампліментаў: «Звязда», маўляў, і разумная, і шматгранная, і па-жаноцку прыгожая; цікава піша пра знакамітых і простых людзей, пра наша сапраўднае і мінулае. «Чытаючы «Звязду», — піша спадар Міхаіл, — я пастаянна папаўняю свае веды, ганаруся асабістым знаёмствам з асобнымі звяздоўцамі і ўдзячны журналістам за працу».

З тога ж канверта выснова: «Калі хочаш сказаць каму-небудзь добрыя словы, а тым болей словы ўдзячнасці, то не трэба гэта адкладваць».

Падобным правілам карыстаецца і спадар Васіль Пяшэвіч з вёскі Юркевічы Жыткавіцкага раёна: «У чарговы раз аформіў падпіску на «Звязду», — піша ён, — у чарговы раз дасылаю картку на розыгрыш прызоў. Можа, зноў пашанцуе нешта выйграць? А калі і не, то смутку не будзе ні каліва: «Звязда» для мяне — найлепшае выданне, адзінае са штодзённых на роднай мове. А мову нашу і зберагаць, і падтрымліваць сёння вельмі патрэбна...»

І здароўе, вядома ж, таксама. «У нашым грамадстве цяпер многія абмяркоўваюць пытанні карупцыі ў сферы медыцыны, — чытаем у наступным лісце. — Маўляў, медработнікі няўважліва ставяцца да хворых, бяруць хабар і г. д. А вось знаходжанне ў нашай цэнтральнай раённай бальніцы пераканала ў адваротным: абсалютная большасць медыкаў — высакакласныя спецыялісты і прыстойныя людзі. За чулае стаўленне да хворых самых цёплых слоў заслугоўваюць...»

Можна (і, магчыма, нават трэба было б) тут і зараз надрукаваць названыя ў лісце прозвішчы загадчыцы аддзялення, лечачага доктара, медсясцёр — калі б разам з подпісам «пацыенты бальніцы» было хоць адно адзінае прозвішча гэтых пацыентаў, а так...

Скажаце, падпісацца (пакінуць прозвішча) азначала б для іх — «раструбіць» праз газету аб наяўнасці хвароб?

Але ж «Звязда», здаецца, заўжды з разуменнем ставілася да атрыманай інфармацыі, кіравалася і кіруецца тым жа правілам медыкаў: «Не нашкодзь!»

...У першых радках чарговага ліста — пераканаўчая просьба надрукаваць вершы.

Пастаянным падпісчыкам казаць не трэба: «Звязда» гэта робіць, аднак вельмі і вельмі рэдка (хіба да нейкіх юбілеяў, на конкурс «Хто каго?» ці ў такіх вось аглядах пошты, каб паказаць, як трэба пісаць ці... не трэба). Такім чынам, дасланы верш называецца «Селянін» (друкуецца ў скарачэнні):

Сярод лясных дарог

Ён выйшаў на прастор.

Зрабіў і крок, і два

І раптам закрычаў:

«Люблю зіму я ў Беларусі.

Люблю і саму Беларусь!»

Пад творам — усё як мае быць: подпіс, электронны адрас, месца вучобы... Аднак, паважаючы аўтара (а тым больш маладога), нічога з гэтай інфармацыі мы не друкуем, хоць і маглі б... (Гэта, што называецца, да ведама і з надзеяй, што іншыя пачаткоўцы, зрабіўшы крок ці два ў паэзію, не будуць адразу ж «крычаць» і нават падумаюць, што варта ўвагі іншых, што не...)

У якасці ілюстрацыі яшчэ адзін ліст — з дзвюма тэлефоннымі размовамі. Падчас першай спадар Г. з Міншчыны казаў, што з дапамогай Звязды» хацеў бы ўсёй краіне расказаць пра вельмі цікавага чалавека, можна сказаць, героя. Цяпер ён на пенсіі — на самым, што ні ёсць, заслужаным адпачынку, бо раней амаль 30 гадоў кіраваў прадпрыемствам. Прычым — як?!... Найцікавейшы вопыт! А ўжо ж сам чалавек!..

Карацей, трэба, каб пра такіх даведаліся ўсе. «Вы ж надрукуеце мой артыкул?» — пытаўся аўтар. Што было адказваць? Хіба тое, што абяцаць азначала б дзяліць шкуру яшчэ жывога мядзведзя — трэба спярша пачытаць...

І тады ж, з першых радкоў, можна сказаць, прыйсці да высновы, што дзяліць няма чаго — шкуры, то-бок артыкула... няма: аўтар проста пераказаў біяграфію.

А потым зноў пазваніў. І зноў не проста ўгаворваў — умольваў аб публікацыі. «Ну, — казаў, — калі не ўсяго артыкула, то хоць бы паловы... Альбо траціны... Таксама не? Тады — хоць бы фатаграфіі...

«Але ж, — спрабавала пярэчыць, — здымкі старыя і вельмі сумнеўнай якасці... Да таго ж герой на іх — не адзін. Што пісаць пра другога чалавека? Хто гэта?» — «Дык жа я», — прызнаўся суразмоўнік.

Карацей, гісторыя, можна сказаць, для рубрыкі «...Народ на провадзе!».

Чытаючы іх, як і лісты, што прыходзяць у рэдакцыю, часам пасмяешся, часам паплачаш, шмат даведаешся, зробіш высновы...

На гэты раз — аб тым, што, дзякаваць богу, не ўсе яшчэ згодны абнесці свой дом (сваю крэпасць) высокай агароджай, што ў краіне па-ранейшаму шмат людзей неабыякавых — да лёсу вёскі, горада, мовы, краіны; што многія, як спадар Уладзімір Голубеў, пакуль жывуць, не проста спадзяюцца на лепшае, але і нешта робяць для таго, каб... вазоны ў нашым агульным «пад'ездзе» цвілі не толькі на ўваходзе.

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...

Грамадства

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

Атрымаць падказкі вам дапаможа экскурсія «Рамантыка мінскіх дворыкаў».