Вы тут

​Аляксандр Лукашэнка: Мы дамовiлiся з Пуцiным, што не будзем ламаць дагавор аб стварэннi Саюзнай дзяржавы


Пытаннi iнтэграцыi Беларусi i Расii былi ў фокусе ўвагi сустрэчы ў Палацы Незалежнасцi Прэзiдэнта Беларусi з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам. Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра асноўныя праблемныя пытаннi. Па словах беларускага лiдара, iх шмат...


Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што яны з лiдарам Расii дамовiлiся не ламаць дагавор аб стварэннi Саюзнай дзяржавы. «Мы дамовiлiся з Прэзiдэнтам Пуцiным, што не будзем ламаць дагавор. Калi мы ўлезем у ломку дагавора, мы разбурым усё, што створана за гэты час. Гэта па-першае, а па-другое, дагавор ў поўным аб’ёме не рэалiзаваны. Ён сёння актуальны, таму прэзiдэнты вырашылi — нельга чапаць дагавор. Трэба проста выпрацаваць дакументы, матэрыялы. Мы назвалi гэта праграмай дзеянняў па далейшай iнтэграцыi Беларусi i Расii ў рамках Саюзнага дагавора», — паведамiў Прэзiдэнт Беларусi.

Ён адзначыў, што ўжо дадзены адказ на галоўнае пытанне, якое турбавала ўсiх, — цi будзе аб’яданне краiн. «Гэтага сёння рабiць не трэба. Нават размаўляць на гэту тэму. I Пуцiн на гэту тэму адказваў, i я тым больш. Няма такой неабходнасцi», — запэўнiў Аляксандр Лукашэнка.

Каб рэалiзаваць палажэннi саюзнага дагавора, трэба рухацца паступова, крок за крокам, лiчыць беларускi лiдар. Ключавыя пытаннi знойдуць увасабленне ў праграме дзеянняў па рэалiзацыi саюзнага будаўнiцтва.

«Ёсць пытаннi бягучыя, без вырашэння якiх няма чаго гаварыць пра нейкую iнтэграцыю, нейкiя праграмы. Калi чалавек сёння галодны ходзiць, што яму пра камунiзм гаварыць i нешта абяцаць?» — задаў рытарычнае пытанне беларускi Прэзiдэнт.

На парадку дня саюзнай iнтэграцыi, на думку Аляксандра Лукашэнкi, шматлiкiя бягучыя пытаннi. Сярод iх — абмежаваны доступ беларускiх прадпрыемстваў на расiйскi рынак.

«Напрыклад, у нас сёння каля 80 прадпрыемстваў закрытыя Рассельгаснаглядам цi нейкiм там органам у Расii, а можа быць, i ўрадам. Хутчэй за ўсё, урадам. Закрытыя да паставак нашай прадукцыi ў Расiю. Прытым па надуманых падставах. Бо можна прыняць i абгрунтаваць любое рашэнне, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Калi мы так адно з адным сёння будуем адносiны, слухайце, аб якой агульнай валюце i ўваходжаннi цi аб’яднаннi дзяржаў можна гаварыць? Трэба расчысцiць гэта. Гэтага проста быць не павiнна ў адносiнах памiж дзвюма дзяржавамi».

Яшчэ адно пытанне — доступ беларускiх прадпрымальнiкаў да дзяржзаказаў у Расii. «Усе павiнны быць у роўных умовах — i прадпрыемствы Расii, i Беларусi», — звярнуў увагу беларускi Прэзiдэнт.

Сярод надзённых праблем i прамысловая кааперацыя, i падатковы манеўр, мiнулi тэрмiны па перамовах на пастаўкi прыроднага газу i нафты. Вырашаючы стратэгiчныя пытаннi, бакi дамовiлiся разбiрацца i з тактычнымi. «Без вырашэння гэтых пытанняў з нашага боку i размаўляць няма пра што. Маса праблем», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Вы павiнны гэта трымаць пад кантролем проста. I ўдзельнiчаць у гэтых перамовах як кiраўнiк апарата Саюзнай дзяржавы, — звярнуўся беларускі Прэзідэнт да Рыгора Рапоты. — Я гэта кажу да таго, што ўжо прайшло столькi перамоваў, i вось мне сёння дакладваюць, што адны абяцаннi. Перамоўная група натыкнулася на нейкае пытанне — урад Расii абяцае даць, у тым лiку прэм’ер Мядзведзеў, усе каманды, распараджэнні, каб у комплексе вырашаць пытаннi. Таму што вызначана тактыка вядзення перамоў: паабяцалi — забылiся, другi раз паабяцалi — забылiся. Гэта значыць, iдзе незразумелае тармажэнне гэтых працэсаў».

«I чаму я так публiчна пра гэта кажу: таму, што ўжо „заўтра“ нам сустракацца з Прэзiдэнтам Пуцiным у Пiцеры. I абмяркоўваць вынiкi гэтых перамоваў. А абмяркоўваць няма чаго на сённяшнi дзень. Таму я б папрасiў вас узяць гэта пад кантроль i iнiцыяваць, паставiць жорстка пытанне перад расiйскiм бокам аб тым, што мы павiнны ўжо лiтаральна за некалькi дзён выйсцi на нейкiя вынiкi. Каб мы маглi выпрацаваць парадак дня i абмяркоўваць гэтыя пытаннi з Прэзiдэнтам Пуцiным 17-18 лiпеня ў Пiцеры. Проста сустрэцца i пасядзець адзiн перад адным, нi пра што не гаварыць — напэўна, гэты час ужо сышоў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сустрэча прэзiдэнтаў Беларусi i Расii запланавана, па словах Аляксандра Лукашэнкi, 17-18 лiпеня ў Санкт-Пецярбургу i Валааме. «Трэба, дамовiўшыся тут, потым фармалiзоўваць на Вышэйшым дзяржаўным савеце гэтыя дакументы, але папярэдне разглядзець на саюзным саўмiне. Часу зусiм не засталося. Загналi сябе ў кут i нiчога не робiм для таго, каб выйсцi адтуль», — заключыў Прэзiдэнт Беларусi.


На думку Рыгора Рапоты, вырашыць бягучыя праблемы да сустрэчы прэзідэнтаў Расіі і Беларусі ў Санкт-Пецярбургу наўрад ці магчыма. «Для таго каб вырашыць любую задачу, неабходны два складнікі. Першы — гэта палітычная воля і, зразумела, узаемаразуменне. І другі — дастатковы ўзровень кампетэнцыі ў выканаўца», — сказаў Рыгор Рапота.

Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы падкрэсліў, што Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы гатовы ўдзельнічаць у абмеркаваннях праблемных пытанняў інтэграцыі Беларусі і Расіі ў рамках дзейнасці сумеснай рабочай групы.

Рыгор Рапота пагадзіўся са сцвярджэннем Аляксандра Лукашэнкі, але паказаў на адсутнасць прадстаўнікоў Пастаяннага камітэта ў складзе створанай рабочай групы. «Ёсць адна дэталь. Яна заключаецца ў тым, што Пастаянны камітэт не ўключаны ў рабочую групу па пытаннях інтэграцыі Беларусі і Расіі, таму мне вельмі складана каментаваць, пра што яны там дамовіліся. Гэта значыць, я ў курсе спраў у цэлым, але мне цяжка каментаваць па сутнасці нейкіх дамоўленасцяў або недамоўленасцяў».

Па словах Рыгора Рапоты, у саюзным дагаворы шмат пазіцый, якія патрабуюць развіцця. Гэта, напрыклад, адзіная прамысловая палітыка, транспартная і энергетычная прастора. На думку дзяржаўнага сакратара, справа не ў прававых пытаннях — патрэбны сумесныя значныя праекты, якія б стваралі такую адзіную прастору.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.

Грамадства

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Афіцыйныя святкаванні і асноўныя мерапрыемствы гарадскога Міленіума пройдуць 6—8 верасня.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ляльку з секс-шопа, галубоў на ігрушы і дзяўчынку, якая схавала пашпарты.