Вы тут

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама правёў выязную прэс-канферэнцыю


Стар­шы­ня Гро­дзен­ска­га абл­вы­кан­ка­ма Ула­дзі­мір Краў­цоў пра­вёў вы­яз­ную прэс-кан­фе­рэн­цыю ў га­рад­скім па­сёл­ку Мір Ка­рэ­ліц­ка­га ра­ё­на. Мір — адзін з 16 пасёлкаў, якія вылучаны ў пілотны праект дзяржаўнай праграмы па добраўпарадкаванні. Кіраўнік абласной вертыкалі ўлады адзначыў, што многае ў гэтым кірунку ўжо зроблена. Прыведзены ў належны стан дарогі, сістэма водазабеспячэння, сацыяльныя аб'екты. Мірскі замак з'яўляецца адным з чатырох аб'ектаў Беларусі, уключаных у спіс ЮНЭСКА, і вельмі папулярны сярод турыстаў. Гэта надае імпульс для развіцця прыватнага бізнесу. У цэлым Гродзенскі рэгіён захоўвае станоўчую дынаміку мінулага года. Значная ўвага надаецца вырашэнню праблемных пытанняў.


Фота БелТА.

Які чакаць ураджай?

На развіцці жывёлагадоўлі негатыўна адбіўся леташні недабор зерня. Сёлета разлікі на ўраджай неблагія, падкрэсліў Уладзімір Краўцоў. Рэгіён павінен забяспечыць сябе фуражным зернем. Добрыя прагнозы па ячмені і рапсе. Ёсць надзея сабраць увесь пасеяны лён (летась 40 % плошчы пасеваў папросту засохла). А вось для вырошчвання кукурузы гарачы клімат спрыяльны, таму сёлета плошчы пад яе павялічыліся на 12 тысяч гектараў.

— Клімат змяняецца: калі раней на пяць год прыпадалі два засушлівыя, то цяпер тры-чатыры гады, і нам трэба прыстасоўвацца да гэтага, у тым ліку задумацца аб стварэнні палівачных сістэм, як у краінах Еўропы, — адзначыў кіраўнік рэгіёна. — Тым не менш аграрыі шукаюць новыя варыянты, і гэта мы сёлета адчуваем — ураджай на 20 % вышэйшы за леташні. Мы аператыўна адрэагавалі на засуху — частка пасеваў была скошана за зернесенаж, палі засеялі травяністымі кармавымі культурамі.

У хуткім часе пачнецца масавая ўборка. Падрыхтавана і ўся неабходная тэхніка, у тым ліку 1400 камбайнаў і 420 зернесушыльных комплексаў.

Аздараўленне без эксцэсаў

Так выглядае летняя аздараўленчая кампанія, якая зараз у самым разгары. На першым плане, безумоўна, бяспека, падкрэсліў Уладзімір Краўцоў. У рэгіёне працуюць усе аб'екты, якія былі запланаваны, а гэта каля тысячы летнікаў усіх тыпаў. Амаль
400 з іх — з кругласутачным знаходжаннем.

— Плануецца аздаравіць 63 тысячы дзяцей — гэта на тры тысячы больш, чым летась. Адкрыта два дзясяткі летнікаў, якія працуюць у чатыры і пяць змен. Па-ранейшаму папулярны летнікі працы і адпачынку. Сёлета ўпершыню гарадскія школьнікі атрымалі магчымасць аздаравіцца ў стацыянарных летніках, якія знаходзяцца ў экалагічна чыстых месцах раёнаў вобласці. Кампанія ідзе сваім ходам, ніякіх скаргаў ад бацькоў ці ад саміх дзяцей да нас не паступала, — паведаміў старшыня аблвыканкама.

Набірае абароты і студэнцкі рух. Працоўныя атрады накіраваны на розныя аб'екты рэгіёна, а статус усебеларускай маладзёжнай будоўлі атрымалі сацыяльныя аб'екты ў Астраўцы, дзе ўзводзіцца Беларуская АЭС.

Масты над Нёманам

У Гродне некалькі мастоў праз Нёман, але іх недастаткова, і стаіць пытанне аб будаўніцтве новага. Пакуль гэта доўгатэрміновы праект. Але ёсць і больш рэальныя планы — гэта мадэрнізацыя існуючага чыгуначнага маста, які лічыцца аб'язным і выходзіць на галоўную трасу М6. Эканамічна гэта на 40 % больш выгадна, чым будаваць новы. Тым не менш праект таксама патрабуе значных сродкаў. З абласнога бюджэту вылучаны грошы на праектныя работы, якія амаль завершаны. Цяпер ідзе адпрацоўка мадэлі фінансавання. Ёсць варыянт скарыстацца міжнароднай крэдытнай лініяй праз еўрапейскі банк, які дае згоду на рэканструкцыю менавіта мастоў у Беларусі. І гродзенскі мост увайшоў у гэты пералік. І другі варыянт — праз беларускі Банк развіцця, які прапануе нядрэнныя ўмовы.

Магчыма, ужо сёлета будзе вызначана крыніца фінансавання і пачнуцца работы па рэканструкцыі маста. Кошт першага этапу — 30 тысяч долараў ЗША ў эквіваленце. З пускам адноўленага аб'екта разгрузіцца суседні Румлёўскі мост, што дасць магчымасць заняцца і яго капітальным рамонтам.

Сцёкі пад кантролем

Праблема ачысткі сцёкаў актуальна для рэгіёна. У некаторых раёнах ачышчальныя збудаванні эксплуатуюцца амаль паўстагоддзя. І хоць яны мадэрнізуюцца, вытворчасць таксама развіваецца і патрабуе больш пільнага кантролю. У прыватнасці, у Лідскім раёне праз скідванне шкодных рэчываў у раку Дзітва нядаўна адбыўся сур'ёзны мор рыбы. Гарадскія ачышчальныя збудаванні падчас спякоты не паспявалі ачышчаць сцёкі, што і прывяло да такога здарэння.

Уладзімір Краўцоў расказаў, што праблема вырашаецца. У сувязі з павелічэннем аб'ёму сцёкаў ад насельніцтва і прадпрыемстваў распрацаваны чарговы план рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у Лідзе. Варта адзначыць, што частка сродкаў у памеры трох мільёнаў еўра — гэта еўрапейскі грант. Яшчэ шэсць мільёнаў — міжнародныя крэдыты. Праект абумоўлены праграмай ачысткі басейна Балтыйскага мора, тэрмін яго завяршэння — 2022 год.

Таксама праблема ачышчальных збудаванняў будзе вырашацца ў Слоніме, Воранаве, Ашмянах, Скідзелі. Гэта перспектыва найбліжэйшага дзесяцігоддзя.

Развіваць спартыўны патэнцыял

Уладзімір Краўцоў агучыў дасягненні гродзенцаў падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. У капілцы — 15 медалёў. Гэта амаль удвая больш, чым на папярэдніх Гульнях у Баку.

— Гэта наша надзея на Алімпійскія гульні, якія адбудуцца ў будучым годзе, — адзначыў Краўцоў. — А увогуле, наша задача — дапамагаць вырошчваць таленты, ствараць базу і знаходзіць вартых трэнераў.

І такая работа вядзецца. Напрыклад, сёлета ўводзіцца ў эксплуатацыю спартыўны комплекс з басейнам у Астраўцы. Запрацуюць доўгачаканыя басейны ў Мастах і Смаргоні. Раней гэтыя аб'екты дзейнічалі, і цяпер іх адновяць. З'явяцца сучасныя стадыёны ў Шчучыне і Ваўкавыску. Праходзіць мадэрнізацыю біятлонны комплекс у Навагрудскім раёне.

Уладзімір Краўцоў запэўніў, што амаль усе навучальныя ўстановы палепшаць сваю спартыўную базу. А новыя школы, якія сёлета адкрыюцца ў Гродне і Скідзелі, будуць цалкам адпавядаць сучаснай спартыўнай інфраструктуры.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Шчырыя адказы на актуальныя пытанні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».