Вы тут

Нягледзячы на неспрыяльнае надвор'е, ураджай чакаецца нядрэнны


Сёлета ў Беларусі плануюць сабраць 7,6 мільёна тон збожжа. Нягледзячы на тое, што вясной і ў пачатку лета склалася неспрыяльнае для пасеваў надвор'е, аграрыі зрабілі ўсё магчымае, каб страты не адбіліся на ўраджаі. Акрамя гэтага, у сельскагаспадарчых арганізацыях і фермерскіх гаспадарках будзе вырашчана звыш 1 мільёна тон бульбы, 560 тысяч тон гародніны і 150 тысяч тон пладова-ягаднай прадукцыі.


— Дэфіцыт ападкаў у спалучэнні з павышаным тэмпературным рэжымам выклікаў інтэнсіўную страту вільгаці ў глебе, асабліва на поўдні краіны. А ў трэцяй дэкадзе чэрвеня пачаліся ліўні са шквалістым ветрам. Гэта прывяло да частковага палягання і пашкоджання пасеваў у шэрагу рэгіёнаў краіны, — расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяна КАРБАНОВІЧ.

Пасевы пашкоджаны на 213 тысячах гектараў, пры гэтым на 70,9 тысячы гектараў яны загінулі. Пераважна гэта азімыя збожжавыя (17,7 тысячы гектараў) і яравыя збожжавыя (22,4 тысячы гектараў), а таксама 2 тысячы гектараў цукровых буракоў. Каб страты не паўплывалі на аб'ём ураджаю, было перасеяна 20 тысяч гектараў. Акрамя таго, пашкоджаныя пасевы ўбіраліся на сянаж, у выніку было загатавана 200 тысяч тон зернесенажу. Таксама пашкоджаны нязначныя плошчы бульбы і плодаагароднінных культур.

— Вырашчаныя аб'ёмы бульбы і плодаагародніннай прадукцыі дазволяць цалкам забяспечыць патрэбу ўнутранага рынку, а таксама мець свабодныя рэсурсы для пастаўкі на экспарт, — адзначыла Таццяна Карбановіч.

З чаканага мільёна тон бульбы каля 190 тысяч тон пойдзе на насенне, 180 тысяч тон накіруюць на прамперапрацоўку, 165 тысяч тон — у гандаль і грамадскае харчаванне, у тым ліку і для закладкі ў стабілізацыйныя фонды. Яшчэ 645 тысяч тон плануецца рэалізаваць на рынках і кірмашах, а таксама паставіць на экспарт.

Спецыяліст расказала, што ў сувязі з пацяпленнем клімату на нашай тэрыторыі вырошчваецца ўжо каля 40 найменняў гароднінных культур і больш за 30 найменняў ягадных. У апошнія гады з'явіліся новыя, нетрадыцыйныя для нас віды. Другі год запар у Беларусі вырошчваюцца кавуны, сёлета пад іх адведзена каля 40 гектараў. У фермерскіх і сельскагаспадарчых арганізацыях закладваюць вінаграднікі — іх ужо каля 80 гектараў. Пашыраецца і асартымент ягадных культур, у прыватнасці, у нас актыўна пачалі вырошчваць буякі. Змены надвор'я даюць магчымасць атрымліваць ураджай ранняй гародніны, а таксама пашыраць колькасць сартоў. У прыватнасці, што датычыцца таматаў, то іх зараз шмат — буйнаплодныя, сярэдняплодныя, чэры, слівападобныя і іншыя. Вырошчваецца ў Беларусі і шырокі асартымент капусных культур.

Па даных Мінсельгасхарча, сёлета з чаканага ўраджаю гародніны 180 тысяч тон плануюць накіраваць у гандаль і грамадскае харчаванне, а таксама для закладкі ў стабфонды, 43 тысячы тон перапрацуюць, 337 тысяч тон рэалізуюць на рынках і кірмашах. Дарэчы, уборка гародніны пачата ў сельскагаспадарчых арганізацыях і фермерскіх гаспадарках. Сабрана больш за 61 тысячу тон — на 34 % больш, чым у гэты перыяд летась.

— Важна, каб сабраная прадукцыя была запатрабаваная і рэалізаваная. Нашы саджанцы, напрыклад, растуць ад Калінінграда да Сахаліна, і прадукцыя не выклікае нараканняў, — падкрэсліла суразмоўніца.

Таццяна Карбановіч адзначыла, што забеспячэнне насельніцтва гароднінай у міжсезонны перыяд ажыццяўляецца, як правіла, са стабілізацыйных фондаў. Зараз аб'ём закладкі ў іх вызначаецца сумесна з аблвыканкамамі, Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю і іншымі зацікаўленымі.

— Вясной гэтага года ў гандлі адсутнічала беларуская цыбуля, мы абмеркавалі пытанне і высветлілі, што з 2015 да 2018 года аб'ёмы закладкі скараціліся больш чым на 30 %. Каб не было дэфіцыту гародніны ў міжсезонне, прынята рашэнне аналізаваць стан спажывецкага рынку краіны, праводзіць маніторынг вытворчасці культур у суседніх краінах і зыходзячы з гэтага фарміраваць аб'ём закладкі ў стабілізацыйныя фонды. Мяркую, што гэта дасць магчымасць у поўнай меры задаволіць нашы патрэбы, каб такія сітуацыі не паўтараліся.

Спецыяліст закранула і пытанне развіцця ў краіне арганічнай сельскай гаспадаркі — без хімічных прэпаратаў, гармонаў росту, антыбіётыкаў, метадаў геннай інжынерыі, калі вынік дасягаецца за кошт агратэхнічных прыёмаў, папярэджання ўзнікнення хвароб і распаўсюджання шкоднікаў механічнымі і біялагічнымі метадамі. Штогод у свеце сегмент арганічнай сельскай гаспадаркі прырастае на 10—20 %. Сёння ў Беларусі ёй займаюцца 27 вытворцаў, каля 1600 гектараў зямлі сертыфікавана ў якасці арганічнай.

Начальнік упраўлення мясной і малочнай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Павел ЯНАЎ расказаў, што прадукцыяй жывёлагадоўлі наш унутраны рынак забяспечваецца на 95—98 %.

— Сёння не існуе праблемы насыціць унутраны рынак, мы з ёй паспяхова справіліся. Зараз перад намі іншая задача — павялічваць пастаўкі на экспарт, — падкрэсліў спецыяліст.

Сёння за мяжу Беларусь пастаўляе каля 30 % ад вырабленага мяса і мясной прадукцыі і 57 % малочнай прадукцыі. Беларускае малако паступае ў 90 краін свету, мяса — у 19.

Узровень харчовай бяспекі і незалежнасці вызначаецца па 10 групах тавараў, нагадала намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля МЕЛЬНІКАВА. Гэта зерне, малако, мяса, цукар, алей, бульба, гародніна, ягады і фрукты, яйкі, рыба. Ён забяспечаны, калі доля гэтых прадуктаў беларускай вытворчасці складае на рынку 80—85 %, а імпарт не перавышае 15—20 %. У Беларусі забяспечанасць айчыннымі малаком, мясам, маслам, яйкамі, капустай, буракамі, морквай, бульбай, цыбуляй, агуркамі, мукой, мінеральнай вадой, цукрам, сырамі, крупамі складае амаль 100 %. Па асобных групах тавараў вытворчасць перавышае патрэбу ўнутранага рынку: па мясе — у 1,4 раза, малаку — у 2,3, яйках — у 1,3, бульбе — у 1,3, цукру — у 2,2 раза. Узровень самазабеспячэння практычна дасягнуты па зерні, крыху не дацягвае па алеі, фруктах і ягадах. А нормы спажывання, устаноўленыя Міністэрствам аховы здароўя, беларусы перавышаюць па 6 групах тавараў з 10. Спажыванне мяса і мясапрадуктаў перавышае норму на 31 %, яек — на 3 %, алею — на 55 %, цукру — на 19 %, бульбы — на 33 %, гародніны — на 7 %. Штогод вытворчасць харчовых тавараў павялічваецца на 3-4 %.

Што датычыцца цэн, то цяпер назіраецца іх зніжэнне на сезонную прадукцыю.

— Істотны рост цэн сёлета назіраўся на мяса, асабліва кураціну. І ў гэтым вінаваты не толькі гандаль, але і вытворцы. На сёння індэкс спажывецкіх цэн складае 100,3 %, — адзначыла Наталля Мельнікава.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Будзем і з бульбай, і з зернем, і з... кавунамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.

Грамадства

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Афіцыйныя святкаванні і асноўныя мерапрыемствы гарадскога Міленіума пройдуць 6—8 верасня.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ляльку з секс-шопа, галубоў на ігрушы і дзяўчынку, якая схавала пашпарты.