Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра поспехі маладой беларускай плыўчыхі і іншыя найбольш цікавыя падзеі выхадных.


1. Настасся Шкурдай заваявала два залатыя медалі на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы па плаванні ў Казані. Беларуска ўпэўнена перамагла ў вырашальным заплыве на 50 метраў батэрфляем — 26,23 секунды, а таксама стала найлепшай на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем і заняла трэцяе месца на 200 метраў на спіне.

Нагадаем, два гады таму ў ізраільскай Нетаніі на аналагічным турніры беларуска таксама перамагла на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем. Наступным буйным стартам для Настассі ў гэтым сезоне стане дарослы чэмпіянат свету ў паўднёвакарэйскім Кванджу, дзе Шкурдай плануе выступіць у эстафетах.

2. Мужчынская зборная Беларусі па валейболе перамагла Турцыю — 3:1 і заняла трэцяе месца ў кваліфікацыі Лігі нацый. Нагадаем, раней нашы спартсмены абыгралі Егіпет (3:2), саступілі Кубе (1:3) і Славеніі (1:3). Перамогу ў турніры святкавалі валейбалісты Славеніі, якія ў вырашальным матчы былі мацнейшыя за Кубу, — 3:0.

Турнір стаў важным этапам падрыхтоўкі да старту ў фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы, які пройдзе з 12 да 29 верасня. Беларускія валейбалісты згуляюць у групе С, матчы адбудуцца ў Любляне. Сапернікамі падапечных Віктара Бекшы будуць гульцы Славеніі (12 верасня), Расіі (13 верасня), Фінляндыі (15 верасня), Паўночнай Македоніі (16 верасня) і Турцыі (17 верасня).

3. Гандбалісты юнацкай (U-17) зборнай Беларусі спыніліся за крок ад п'едэстала першынства Еўропы, якое завяршылася ў шведскім Гётэборгу. У паядынку за бронзавыя ўзнагароды наша зборная саступіла аднагодкам з Ісландыі — 29:30. Да матча за «бронзу» падапечныя Васіля Астроўскага атрымалі перамогі над гандбалістамі Бельгіі — 33:24, Польшчы — 32:27, Венгрыі — 31:24 і Фінляндыі — 36:22, саступіўшы сапернікам са Славакіі — 27:28, Іспаніі — 29:32 і Фарэрскіх астравоў — 21:32.

У фінальным матчы за чэмпіёнскі тытул Фарэры перайгралі шведаў з лікам 36:29.

4. Завяршыліся матчы 14-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Гульцы брэсцкага «Дынама» перамаглі на выездзе «Віцебск» 1:0 і захавалі лідарства ў турнірнай табліцы. Салігорскі «Шахцёр» на апошніх хвілінах у сябе дома вырваў валявую перамогу над футбалістамі «Мінска» — 3:2. Вынікі іншых сустрэч: «Энергетык-БДУ» — «Нёман» (Гродна) — 2:4, «Дынама» (Мінск) — БАТЭ (Барысаў) — 1:2, «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) — «Дняпро» (Магілёў) — 1:0, «Іслач» (Мінскі раён) — «Славія» (Мазыр) — 2:1, «Слуцк» — «Тарпеда» (Мінск) — 1:0, «Гомель» — «Гарадзея» — 0:0.

Становішча ў групе лідараў: «Дынама» (Брэст) — 36 ачкоў, БАТЭ — 34, «Шахцёр» — 31, «Тарпеда-БелАЗ» — 27, «Дынама» (Мінск) — 25.

5. Баскетбалісткі зборнай Іспаніі другі раз запар сталі пераможцамі чэмпіянату Еўропы. Як і два гады таму ў Празе, іспанкі ў фінале сустрэліся з камандай Францыі і дамагліся перамогі — 86:66. Гэта другі запар і чацвёрты ў гісторыі чэмпіёнскі тытул жаночай зборнай Іспаніі. Уладальніцамі бронзавых медалёў цяперашняга кантынентальнага першынства сталі гаспадыні вырашальнага этапу баскетбалісткі Сербіі, якія разграмілі ў матчы за 3-е месца каманду Вялікабрытаніі, — 81:55.

Нагадаем, зборная Беларусі другі раз запар выступіла на чэмпіянаце Еўропы няўдала. Як і ў Чэхіі-2017, падапечныя Наталлі Трафімавай не змаглі выйсці ў плэй-оф, заняўшы апошняе месца ў папярэдняй групе. Беларускі перамаглі бельгійскіх баскетбалістак (69:61), а таксама прайгралі сербкам (53:55) і расіянкам (62:76).

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Шчаслівая вада для Шкурдай

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.