Вы тут

Трэцяга ліпеня ў краіне нарадзіліся 189 беларусаў


За апошнія пяць гадоў у Беларусі колькасць шматдзетных сям'яў павялічылася з 78 тысяч да 110 тысяч з лішкам, паведаміў міністр аховы здароўя Уладзімір КАРАНІК падчас акцыі «Белая Русь» — з любоўю да дзяцей».


Фота БелТА.

«Гэта тэндэнцыя сапраўды вельмі радуе, таму што чым часцей у грамадстве чуваць дзіцячы смех, тым святлейшая будучыня гэтага грамадства», — выказаў упэўненасць міністр. Маладым мамам ён пажадаў, каб усе сустрэчы з медыцынскімі работнікамі былі толькі планавыя. І запрасіў яшчэ не раз наведаць РНПЦ «Маці і дзіця» з добрай нагоды — тым больш, што цэнтр чакаюць перамены.

Па словах Уладзіміра Караніка, у цэнтры плануецца ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Частка абсталявання будзе закупленая ўжо сёлета, на гэты і наступны гады намечаны распрацоўка праекта і пачатак рэканструкцыі рэанімацыйнага аддзялення, сёмага і восьмага карпусоў цэнтральнага стэрылізацыйнага аддзялення.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля КАЧАНАВА адзначыла, што цудоўна сустрэцца з маладымі мамамі, у якіх у жыцці адбылася сапраўды радасная падзея, з пажаданнямі ўсяго самага добрага ім і дзеткам, каб раслі здаровыя, моцныя, былі сапраўднымі беларусамі. «Гэта свята не толькі для жанчын, якія нарадзілі для сябе такое шчасце, але і для ўсіх нас, бо хочацца, каб нас, беларусаў, было як мага больш. Дзяржава робіць усё, каб падтрымаць сям'ю», — звярнулася да жанчын Наталля Качанава.

У РНПЦ «Маці і дзіця» таксама завіталі павіншаваць мам заслужаная артыстка Беларусі Ірына ДАРАФЕЕВА і старшыня РГА «Белая Русь», член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Генадзь ДАВЫДЗЬКА.

Акцыя «Белая Русь» — з любоўю да дзяцей» праводзіцца з 2009 года. Ужо больш за тры тысячы мам па ўсёй краіне атрымалі падарункі ў гонар Дня Незалежнасці. Сёлета маладых матуль і нованароджаных па ўсёй краіне віншавалі члены ўрада, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, кіраўнікі адміністрацый раёнаў, лідары арганізацыйных структур «Белай Русі».

У «Маці і дзіцяці» парадзіхі асабліва падзякавалі прадстаўнікам улады за праграму «Сямейны капітал» і папрасілі, каб яе прадоўжылі. Наталля Качанава нагадала, што Прэзідэнт працягнуў праграму на пяць гадоў, ёсць прапановы па карыстанні сродкамі.

«Таму ўсё будзе добра», — запэўніла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

«Абавязваемся выхаваць годных грамадзян Рэспублікі Беларусь», — заўсміхаліся маладыя мамы.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Нашчадкі незалежнасці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.