Вы тут

​Мёрскі райвыканкам атрымае ад ЕС амаль мільён еўра


Агульны кошт праекта — больш за мільён еўра, доля Еўрапейскага саюза складае амаль 90 працэнтаў. Назва праекта досыць мудрагелістая: «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Мёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці». Тым не менш у складанай фармулёўцы змяшчаюцца ўсе асноўныя прыкметы таго, што ў выніку павінна атрымацца, — у раёне, на тэрыторыі якога знаходзіцца запаведная тэрыторыя міжнароднага значэння (верхавое балота Ельня), падтрымку атрымліваюць і экалагічная, і сацыяльная, і эканамічная сферы. А працаваць над асваеннем выдаткаваных донарамі грошай мясцовыя ўлады будуць разам з жыхарамі. Пры гэтым звышмэта — з заканчэннем праекта распачатыя справы павінны набраць такую хуткасць і моц, каб паспяхова працягвацца далей, выкарыстоўваючы новыя крыніцы рэсурсаў і ўласны патэнцыял...


Балота Ельня. Фота Анатоля Клешчука.

Тэрмін асваення грошай — тры гады, стартаваў праект 1 мая гэтага года. Ажыццяўляецца ў партнёрстве з грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (г. Мінск) і Латвійскім сельскім форумам (г. Рыга, Латвія). «Ахове птушак Бацькаўшчыны» належыць прапанова па рэалізацыі праекта. Мясцовыя ўлады з задавальненнем падтрымалі ініцыятыву. Латвійскі сельскі форум гатовы дзяліцца досведам у справе развіцця мясцовых тэрыторый.

— Вынік, якога мне найперш хацелася б дасягнуць, — навучыць сваіх спецыялістаў працаваць з Еўрапейскім саюзам, каб атрымліваць гранты, — прызнаўся ў гутарцы з журналістамі старшыня райвыканкама Ігар КУЗНЯЦОЎ. — Гэта добрая школа. Нам трэба засвоіць правілы гульні. Планы па развіцці рэгіёна не абмяжоўваюцца гэтым праектам. Галоўная наша задача — забяспечыць годным заробкам жыхароў Мёршчыны і пры гэтым захаваць экалогію.

На ўводным семінары па рэалізацыі праекта кіраўнік раёна падзяліўся найбольшай сваёй заклапочанасцю. Штогод насельніцтва рэгіёна змяншаецца, і сёння колькасць пенсіянераў ужо амаль роўная колькасці занятых у эканоміцы.

Яшчэ адна праблема — нізкая прадпрымальніцкая актыўнасць. Людзі на Мёршчыне жывуць таленавітыя, неардынарныя, гасцінныя і працавітыя. Але адкрыць сваю справу рашаюцца і маюць магчымасць нямногія. Банкі выдаюць крэдыты на развіццё малога бізнесу з умовай наяўнасці ўласнага капіталу, аднак ён ёсць далёка на ва ўсіх. Доля малых і сярэдніх прадпрыемстваў у даходнай частцы мясцовага бюджэту за апошнія восем гадоў патроілася і дасягнула 22 працэнтаў, але сярод такіх арганізацый прыватных нязначная колькасць.

Разам з тым Мёршчына цяпер знаходзіцца на парозе вялікіх спадзяванняў. Восенню гэтага года павінен запрацаваць металапракатны завод, які, як чакаецца, адразу ўдвая павялічыць мясцовую казну. У выніку з'явяцца сродкі на будаўніцтва новага садка і жылля, на рамонт школ і дарог. Летась тут была здадзена ў эксплуатацыю цэнтральная раённая бальніца. Днямі будзе гатовая праектна-каштарысная дакументацыя на пабудову раённай паліклінікі. У планах — будаўніцтва кардыяцэнтра, на базе якога будзе таксама праводзіцца ранняя дыягностыка анкалагічных захворванняў, што вельмі актуальна для ўсёй Віцебскай вобласці. Ужо знойдзена месца для пабудовы гандлёва-забаўляльнага цэнтра з басейнам. Прынята рашэнне аб павелічэнні плошчы Мёраў для стварэння новага жылога квартала.

У гэтых абставінах увага на экалогію не залішняя. Невыпадкова еўрапейцы ўкладаюцца ў захаванне ўнікальнай прыроднай зоны на гэтай частцы кантынента. І тое, што падтрымка не аднабаковая, накіраваная не толькі на ахову прыроды, але і на фінансаванне мясцовых ініцыятыў, сацыяльную інфраструктуру, наладжванне сумеснай працы насельніцтва і ўлады (вынікам чаго павінна стаць умацаванне ўзаемаразумення і даверу), стварае падставу для захавання балансу і набыцця сапраўднай устойлівасці ў развіцці.

— Мёршчына — адзін з тых раёнаў, дзе найбольш захавалася дзікая прырода і дзе пры гэтым адбываецца развіццё. Гэта вельмі важна і для Еўропы, і для Беларусі, таму Еўрапейскі саюз пранікнуўся нашай заявай, — расказаў на семінары дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр ВІНЧЭЎСКІ. — Наш праект накіраваны не толькі на тое, каб нешта змяніць тут, але і на тое, каб стаць каталізатарам для прыцягнення новых інвестыцый, каб і бізнесмены, і замежныя інвестары, і дзяржава бачылі патэнцыял раёна і ўкладалі сюды сродкі.

— Нездарма еўрапейскія падаткаплацельшчыкі падтрымалі гэты праект у Беларусі, бо для іх нашы балоты — каштоўнасць. Калі балоты знікнуць у нас, яны знікнуць для ўсяго чалавецтва, — патлумачыў менеджар праекта Алег СІВАГРАКАЎ. — Падыход «думай глабальна, дзейнічай лакальна» адпавядае канцэпцыі ўстойлівага развіцця. Павінен быць баланс прыроды, эканомікі і сацыяльных аспектаў. У праекце ёсць усе тры кампаненты: ён накіраваны на ашчаднае выкарыстанне патэнцыялу балот, на павышэнне якасці жыцця мясцовых людзей і на падтрымку малога бізнесу.

Важна, што праект ажыццяўляецца на ўзроўні не самага вялікага раёна, не самага населенага, падкрэсліў Алег Сівагракаў: «Зараз ва ўсім свеце звяртаецца ўвага на тое, што якраз у такіх месцах знаходзяцца добрыя эканамічныя і сацыяльныя рэзервы. Мы чакаем удзелу людзей».

Дарэчы, амаль 20-гадовая гісторыя руху па ўстойлівым развіцці ў Беларусі пачыналася менавіта ў Мёрскім раёне — у самым малым горадзе краіны Дзісне. У 2000 годзе тут была прынятая першая стратэгія ўстойлівага развіцця, у якой горад раённага падпарадкавання Дзісна аб'ядноўваўся з чатырма сельсаветамі. Прыклад падштурхнуў многія іншыя раёны і гарады краіны. На сённяшні дзень ужо каля 50 такіх стратэгій апублікаваныя, многія рыхтуюцца.

Фота Вольгі Мядзведзевай.

Цяпер распачынаецца праца па стварэнні стратэгіі ўстойлівага развіцця ўсяго раёна. «Стратэгія — таму што мы спрабуем развіваць усё разам, комплексна і сістэмна, — падкрэсліў менеджар праекта. — У латвійскім Даўгаўпілсе муніцыпалітэт штогод падае на конкурс Еўрапейскага саюза каля 70 заявак, прыкладна каля 20 з іх атрымліваюць грошы. Для мясцовай суполкі гэта крыніца і інструмент здабыцця сродкаў на развіццё. Яны гэтаму шмат навучаліся, шмат бачылі прыкладаў у іншых краінах Еўрасаюза. У нас такіх магчымасцяў пакуль няма, але я звяртаюся да ўсіх жыхароў Мёршчыны: калі ласка, успрымайце наш праект як патэнцыял таго, што вы можаце прыйсці ў офіс, пазваніць нашым супрацоўнікам, звязацца з «Аховай птушак Бацькаўшчыны» і прапанаваць нешта, запытаць нешта, разам нешта зрабіць».

Значнае месца ў праекце надаецца прасоўванню мясцовага брэнда «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю». Фестываль пад такой назвай з 2012 года кожную восень збірае людзей не толькі з раёна і вобласці, але і з усёй краіны, вядомы ён і замежным аматарам аграэкатурызму. На Ельні збіраецца самы вялікі ў Беларусі ўраджай дзікарослых журавін, а гэтыя ягады, як вядома, лічацца медыкамі адным з самых карысных прадуктаў харчавання. Падчас фестывалю журавіны тут можна набыць па найбольш выгаднай цане.

Акрамя таго, увосень сюды злятаецца больш за 30 тысяч жураўлёў, а таксама гусі і іншыя пералётныя птушкі, якія на працягу некалькіх тыдняў харчуюцца на мясцовых палях і набіраюцца сіл на балоце, перад тым як працягнуць шлях у вырай.

Ельня — само па сабе вельмі прыцягальнае ў турыстычным плане месца, тут маецца экалагічная сцежка, распрацаваныя экскурсіі. Аднак пакуль ні любімы многімі фестываль, ні ўнікальнае балота не сталі для раёна значнымі крыніцамі прыбытку. Каманда праекта «Разам для грамады і прыроды...» спадзяецца змяніць гэтую сітуацыю.

«Мясцовы брэнд «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю» — эканамічны рухавік, бо ў бізнесе цяпер галоўнае не хуткасць і аб'ёмы вытворчасці, а цікавая ідэя, адрознасць. Калі ў вас ёсць тое, чаго нідзе няма, вы пераможаце, — упэўнены Алег Сівагракаў. — Тое самае ў тэрытарыяльным развіцці. Мы паспрабуем распрацаваць такую мадэль, якая дазволіць навучаць іншыя раёны, і не толькі ў Беларусі».

Што датычыцца сацыяльнага кірунку, праект прадугледжвае набыццё аўтамабіля хуткай дапамогі, будаўніцтва спартыўных і турыстычных аб'ектаў, добраўпарадкаванне раённых пляжаў і «Паўвострава» — галоўнай пляцоўкі горада для правядзення масавых мерапрыемстваў. А таксама будаўніцтва назіральных вышак, абсталяванне двух кемпінгаў, падаўжэнне існуючай экалагічнай сцежкі «Азяраўкі—Ельня» і іншае.

200 тысяч еўра будзе выдзелена на 10 мясцовых ініцыятыў, дзе два праекты атрымаюць па 60 тысяч еўра, астатнія — па 10 тысяч. Паводле задумы, гэта паслужыць штуршком для развіцця прадпрымальніцтва на Мёршчыне для таго, каб тыя, хто мае цікавыя ідэі, атрымалі магчымасць іх рэалізаваць і сталі прыкладам для іншых. Конкурсная працэдура будзе праводзіцца па правілах Еўрапейскага саюза, і ўжо восенню будучага года пераможцы атрымаюць грошы.

Вялікая ўвага ў праекце надаецца навучанню. Па сутнасці, гэтаму будзе прысвечаны ўвесь першы год яго рэалізацыі. Маецца на ўвазе і навучанне пошуку дадатковых рэсурсаў, і выбару тых кірункаў развіцця, якія могуць быць падтрыманы донарамі альбо інвестарамі.

Дзеля гэтага запланаваны шматлікія семінары, трэнінгі, інфармацыйныя сустрэчы, шэраг прыродаахоўных і адукацыйных мерапрыемстваў для валанцёраў, экскурсаводаў, майстроў, мясцовых жыхароў, фермераў, гаспадароў аграэкасядзіб і іншых зацікаўленых асоб. З мэтай вывучэння найлепшых практык у галіне ўстойлівага развіцця запланаваны інфармацыйна-навучальныя паездкі па Беларусі і ў краіны ЕС.

Асноўныя дасягненні праекта плануецца шырока асвятляць у СМІ і на вэб-сайце праекта.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, г. Мёры

Загаловак у газеце: Мільён на працяг і пачатак

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.