Вы тут

Прайшла II міжнародная навуковая канферэнцыя па безракетнай індустрыялізацыі космасу


Як і першая, што адбылася яшчэ ў 1988 годзе, яна сабрала пад Мінскам шмат гасцей — навукоўцаў, практыкаў, вынаходнікаў з дзясяткаў краін свету. Бо за апошні час тэма стала яшчэ больш актуальнай.


Неабходнасць маштабнай індустрыялізацыі космасу абумоўлена глабальнымі экалагічнымі (і не толькі) праблемамі, з якімі сутыкнулася чалавецтва. Удзельнікі канстатавалі: у біясферы Зямлі адбываюцца негатыўныя змены, выкліканыя дзейнасцю сучаснай тэхнакратычнай цывілізацыі. Калі не прыняць дзейных мер, наступствы будуць незваротныя.

Рашэнне прапанаваў асноўны дакладчык — беларускі інжынер і вынаходнік Анатоль Юніцкі, член Федэрацыі касманаўтыкі СССР, стваральнік тэхналогіі струннага транспарту, да якой сёння праяўляюць цікавасць у дзясятках краін. У тым ліку ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, дзе праект уключаны ў стратэгію інфраструктурнага развіцця.

Ён расказаў аб сваёй касмічнай праграме SpaceWay, сутнасць якой заключаецца ў тым, каб вынесці ўсю шкодную вытворчасць на арбіту Зямлі і пачаць індустрыялізацыю космасу. Але традыцыйныя метады для рашэння гэтай задачы не падыходзяць. «Ракетны транспарт, што існуе сёння, наносіць велізарную шкоду экалогіі і эканамічна не эфектыўны. У індустрыялізацыі космасу вырашальную ролю павінен адыграць геакасмічны транспарт новага пакалення», — падкрэсліў Анатоль Юніцкі.

Юніцкі прадставіў праект агульнапланетарнага транспартнага сродку (АТС) — геакасмічны транспарт будучага, які будзе выгадна адрознівацца ад сучасных ракетных рашэнняў высокай хуткасцю, экалагічнасцю (працуе на электрычнасці) і эфектыўнасцю. У перспектыве АТС — а гэта гіганцкі геакасмічны лятальны апарат, што ахопіць планету ў плоскасці экватара, — зможа забяспечваць штогадовы грузапаток у мільёны і нават мільярды тон паміж Зямлёй і арбітай. Пры гэтым затраты на такое перамяшчэнне складуць менш як тысячу долараў за тону. А чалавецтва атрымае доступ да практычна ідэальных умоў для тэхналагічных працэсаў на арбіце: бязважкасць, вакуум, неабмежаваныя сыравінныя, энергетычныя і прасторавыя рэсурсы.

Непадробную цікавасць удзельнікаў і гасцей выклікалі даклады «Апісанне канструктыўных элементаў астраінжынернай транспартнай сістэмы SpaceWay», «Асаблівасці праектавання жылога касмічнага кластара «ЭкаКасмаДом», «Асаблівасці міжнароднага бізнес-супрацоўніцтва ў рамках праграмы SpaceWay» і іншыя.

Ажыццяўленне праекта — звышамбіцыйная задача, рашэнне якой запатрабуе цеснага ўзаемадзеяння паміж краінамі свету, урадамі і міжнароднымі арганізацыямі, адзначалася на канферэнцыі. Па яе выніках будзе выдадзены зборнік навуковых прац. Наступная, трэцяя канферэнцыя па праблемах безракетнага асваення космасу, адбудзецца налета, таксама ў Беларусі.

Ул. інф.

Загаловак у газеце: У космас без... ракет

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.