Вы тут

​На магіле тэатральнай артысткі Тамары Узунавай паваліўся помнік


На магіле тэатральнай артысткі і ветэрана вайны Тамары Узунавай паваліўся помнік, але вярнуць яго на месца няма каму. У рэдакцыю «Звязды» звярнулася вядомы тэатральны крытык Таццяна Арлова і расказала, што ўжо паўтара года на помнік «скідваюць смецце з навакольных багатых магіл», а звароты да Акадэміі мастацтваў, дзе шмат гадоў выкладала артыстка, і Купалаўскага тэатра, дзе яна выступала, аказаліся дарэмнымі.


Тамара Узунава (1906—1983) працавала ў балетных трупах Беларускага дзяржаўнага тэатра (сёння Купалаўскі тэатр) і Беларускага тэатра оперы і балета, шмат гадоў выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (сёння Акадэмія мастацтваў). «Як многія артысты балета, — піша Таццяна Арлова, — яна была адзінокім чалавекам, без сям'і і сваякоў. Тамара Узунава сябравала з маёй маці. Калі памерла, яе на Паўночных могілках (участак № 43) пахаваў інстытут, а праз год я за асабістыя сродкі паставіла ёй гранітны помнік. Амаль сорак гадоў я даглядала магілу, а паўтара года таму помнік паваліўся».

Па словах Таццяны Дзмітрыеўны, па дапамогу яна звярталася да дэкана тэатральнага факультэта Акадэміі мастацтваў Уладзіміра Мішчанчука і нават перадавала ў рукі фотаздымкі магілы ў сённяшнім стане, якія той папрасіў, але праблема не была вырашана. Тады па электроннай
пошце спадарыня Арлова напісала рэктару Акадэміі Міхаілу Баразне, але і гэта, як і перамовы з артыстамі-купалаўцамі, не атрымала водгуку. Зрэшты, у адказ на пытанне рэдакцыі «Звязда» атрымала афіцыйную інфармацыю за подпісам спадара Баразны, у якой паведамляецца, што з 2017 года на адрас Акадэміі мастацтваў зваротаў ад Таццяны Арловай не паступала.

«Старэйшае пакаленне артыстаў усё яшчэ памятае Тамару Узунаву. Падчас вайны яна працавала ў франтавых брыгадах. Яе ўзнагароды пасля пахавання засталіся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце», — гаворыцца ў лісце Таццяны Арловай.

На магіле артысткі неабходна ўсяго толькі падняць помнік і замацаваць яго на аснове.

Загаловак у газеце: Хто падніме помнік артыстцы?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».