Вы тут

​Выстаўка «Зоі» на будучым тыдні поўнасцю памяняецца


Выстаўка пад адкрытым небам «Зоі» штогадовага праекта «Мастак і горад» на будучым тыдні поўнасцю памяняецца — 10 ліпеня на плошчы Якуба Коласа карціны Зоі Літвінавай у суправаджэнні адмысловага sіlent-кінапаказу заменяць работы Зоі Луцэвіч.


10 ліпеня арганізатары запрашаюць на творчую акцыю Cіnemascope — пераэкспазіцыю і прымеркаваны да яе паказ аднаго з найлепшых анімацыйных фільмаў мінулага стагоддзя «78 абаротаў» Жоржа Швіцгебеля, які наведвальнікі будуць глядзець з дапамогай бесправадных навушнікаў.

«Мастак і горад» ужо восьмы год выносіць найлепшае беларускае мастацтва за межы фондаў, выставачных прастор і галерэй: на плошчы Якуба Коласа ўжо былі паказаныя Марк Шагал, Казімір Малевіч, Мікалай Селяшчук, Валянцін Губараў, Георгій Скрыпнічэнка ды іншыя.

Сёлета праект упершыню факусуецца на жаночым мастацтве, прадстаўляе сябе ў Брэсце (летась выстаўка ездзіла ў Віцебск) і ўключае дзве часткі. Наяўнасць двух складаў не проста становіцца намінальнай фішкай восьмага сезона: з пераэкспазіцыі робіцца адмысловая дзея, якая да выяўленчага далучае іншыя віды мастацтва, у прыватнасці кінамастацтва.

За адным захадам нагадаем, што праект Cіnemascope апроч паказу Швіцгебеля на плошчы Якуба Коласа арганізуе штогадовы ореn-аіr фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі «Кінемо» — 11 ліпеня ў дворыку музея-майстэрні Заіра Азгура з «Прыгодамі паўрубля» Акселя Лундзіна адбудзецца апошні паказ сёлетняга фэсту.

Што да экспазіцыі «Мастак і горад», то за восем гадоў яна стала неад'емнай часткай гарадской прасторы, што прыцягвае як жыхароў, так і гасцей сталіцы, да таго ж знаёміць з бясспрэчнымі лідарамі нацыянальнага культурнага асяродку.

Такім чынам, 10 ліпеня замест выстаўкі «Зоя Літвінава. Выбранае» запрацуе «Перавернутая рэальнасць» Зоі Луцэвіч і застанецца ў сталіцы да канца лета, пасля чаго пераедзе ў Брэст святкаваць тысячагоддзе горада.

Зоя Літвінава і Зоя Луцэвіч — вядомыя мастачкі як у Беларусі, так і за мяжой, дзе іх работы перыядычна выстаўляюцца, а таксама набываюцца для прыватных калекцый. Зоя Літвінава з'яўляецца ўладальніцай французскага ордэна «За заслугі ў галіне літаратуры і мастацтва» і айчыннага ордэна Францыска Скарыны. Зоя Луцэвіч сярод іншых замежных гарадоў выстаўлялася, напрыклад, у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Мастачак звязваюць стасункі настаўніцы і вучаніцы, а таксама хроснай маці і хросніцы.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Зоя на Зою

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».