Вы тут

Адкрылася выстаўка «Леанід Левін. Філасофія творчасці»


Выстаўка «Леанід Левін. Філасофія творчасці» адкрылася ў фотадакументальнай экспазіцыі Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Яна праходзіць у межах мерапрыемстваў, прысвечаных 50-годдзю з дня адкрыцця мемарыяльных комплексаў «Хатынь» і «Курган Славы».


Комплекс «Хатынь» набыў сусветную славу і стаў знакавым месцам і візітнай карткай Беларусі. Мемарыял аб'яднаў у сабе памяць пра жыхароў вёскі Хатынь, спаленых карнікамі ў сакавіку 1943 года, і жыхароў беларускіх вёсак, якія раздзялілі іх лёс. Творчая група аўтараў мемарыялу — архітэктары Леанід Левін, Юрый Градаў, Валянцін Занковіч і скульптар Сяргей Селіханаў — змаглі паказаць трагедыю ахвяр фашызму і ўсяго беларускага народа.

Леанід Левін — вядомы архітэктар, грамадскі дзеяч, Заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Ленінскай прэміі камсамола, двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэат многіх прэстыжных конкурсаў, акадэмік Міжнароднай і Беларускай акадэмій архітэктуры.

Творчасць Леаніда Левіна — шматгранная і шматпланавая. Яго імя шырока вядома не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Работы Леаніда Левіна, выкананыя ім асабіста і ў суаўтарстве з калегамі, даўно сталі сімвалам многіх беларускіх гарадоў. Гэта мемарыяльны комплекс «Прарыў» (1974-ы, у суаўтарстве з Юрыем Градавым і Анатолем Анікейчыкам), мемарыяльны комплекс «Пракляцце фашызму» ў памяць спаленых населеных пунктаў Докшыцкага раёна і вёскі Шунеўка (1983-і, у суаўтарстве з Юрыем Градавым і Анатолем Анікейчыкам), мемарыял «Шталаг-342» у Маладзечне (1990-ы), мемарыял ахвярам Халакоста «Яма» (2000-ы), мемарыяльны комплекс загінулым яўрэям Гарадзейскага гета, мемарыял дзецям —ахвярам вайны ў Красным Беразе Жлобінскага раёна і іншыя. Праект мемарыяльнага комплексу «Трасцянец» ва ўрочышчы Благаўшчына, прадстаўлены ў 2013 годзе, быў рэалізаваны пасля смерці аўтара.

Леанід Левін — не толькі архітэктар, але і філосаф, гуманіст, майстар па стварэнні лаканічнай простай формы, якая выклікае ў той жа час пачуццё хвалявання і дасканаласці. Кожная яго работа прымушае задумацца пра месца чалавека на вайне і ў свеце, каштоўнасць жыцця.

На выстаўцы прадстаўлена невялікая частка творчай спадчыны архітэктара, якая ўключае работы розных гадоў — з канца 1960-га да 2014-га, макеты помнікаў, асабістыя рэчы. На выстаўцы прадугледжаны паказ дакументальнага фільма «Маналог», расказа Леаніда Левіна пра стварэнне сваіх работ. Наведвальнікаў суправаджаюць развагі пра кожны помнік. Літаратурны талент Леаніда Левіна падарыў нам напоўненыя бясцэннымі ўспамінамі пра творчы пошук і перыпетыі лёсу кнігі «Хатынь» і «Перажыць перажытае», поўны напружанай глыбіні паэтычны зборнік «Імгненне», драму «Вайна і каханне». Хатынь назаўжды засталася для яго часцінкай жыцця. У сваіх успамінах Леанід Левін пісаў: «Зямны шар. Як гэта многа і як мала. Сёння для нас цэнтрам зямнога шара стала Хатынь. Гады творчасці, гады жыцця. Не адзін і не два аддалі мы гэтаму маленькаму кавалачку беларускай зямлі...»

Выстаўка падрыхтаваная дзяржаўнай установай «Гісторыка-мемарыяльны комплекс «Хатынь» сумесна з унітарным прадпрыемствам «Творчая майстэрня архітэктара Левіна Л. М.» і сям'ёй архітэктара.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Філасофія творчасці Леаніда Левіна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».