Вы тут

«Беларусьфільм» правярае маладых аўтараў па фільмах пра вайну


Некаторы час таму Нацыянальная кінастудыя прыдумала ствараць альманахі дэбютантаў, у якіх рэжысёры маглі б паказаць сябе і закласці аснову для будучай супрацы. Тэматыка першага раскідалася па пажаданнях саміх аўтараў, а ў выпадку з другім у «Беларусьфільма» атрымалася аб’яднаць сваю культурную задачу запрашаць навічкоў з тэмамі, што стаяць на парадку дня. Парадак дня гэтым разам нагадаў пра 75-годдзе вызвалення, таму новы зборнік кароткаметражак прысвяціў сябе тэме Вялікай Айчыннай вайны. Карціна «Вайна. Застацца чалавекам» умясціла чатыры навелы і стала паказальнай з пункту гледжання апрацоўкі новым пакаленнем нашай ключавой тэмы. Упершыню фільм быў прадэманстраваны на кінафестывалі «Лістапад», але ў сваім завершаным выглядзе трапіў у пракат толькі ў маі гэтага года.


Я б разбіла альманах на дзве часткі  — адна з іх уключана ў Вялікую Айчынную як нацыянальная трагедыя, а другая засяроджана на сваім кароткім метры як форме, на якую трэба нейкім чынам насадзіць змест. То-бок некаторыя рэжысёры рэфлексуюць аб мінулым, а іншыя ад яго свядома ці несвядома адмяжоўваюцца. Для першых зададзеная тэма становіцца нагодай папрацаваць з гістарычнымі траўмамі, для другіх  — толькі ўмовай задачы, якую трэба рашыць экранам.

Прадбачліва зборнік пачынаецца з навелы «Франка» Мітрыя Сямёнава-Алейнікава  — найлепшага фільма альманаха, які прадставіў гледачу і кінематаграфічнае рашэнне, і станоўчы сігнал культурнай памяці, і, нарэшце, цвярозы погляд на неадназначнасці вайны. Па сюжэце на хутар, дзе жывуць і гаспадараць адны жанчыны, трапляе паранены немец. Пакуль адны намагаюцца яго вылечыць, Франка, што ў спаленай вёсцы страціла дзяцей, не можа прымірацца з прысутнасцю чужынца. Але прадузятасць здымаецца, калі на хутары з’яўляюцца нядобразычлівыя госці, а Рыхард  — так завуць немца  — выратоўвае жанчын ад згвалтавання і памірае сам. У фінальнай сцэне Франка ставіць на магілу збавіцеля самаробны крыж.

Чорна-белая кароткаметражка, дзе колер з’яўляецца толькі ў снах Франкі, можа апроч іншага сімвалізаваць чорнабелае ўспрыманне свету часоў вайны і ад яго адыход, што ва ўсведамленні галоўнай гераіні адбыўся так жа, як у беларускім грамадстве (хоць дзе-нідзе яшчэ сустракаецца, прычым правакуецца не толькі асабістымі рахункамі).

Адыход ад крыўдных палюсоў у «Францы» адцяняецца фільмам «Млечны шлях» Дзмітрыя Федаровіча, знятым па рамане Кузьмы Чорнага, толькі з куды больш дрымучымі абагульненнямі. З’яўленне іх не становіцца сюрпрызам: калі сучасны дыскурс у дачыненні да Другой сусветнай перакрочыў узровень «беларусы  — героі, немцы  — злачынцы», агульная неталерантнасць працягвае давацца ў знакі.

Галодныя беларус, паляк і немец натыкаюцца на быка і ідуць за ім, каб ім жа паабедаць. Яны трапляюць у вясковую хату, дзе знаходзіцца акадэмік з Мінска з дачкой. Станоўчасць і адмоўнасць персанажаў вызначаецца іх нацыянальнасцю, і нікога няма лепшага за беларуса. Дзіўна, што сучасная карціна не толькі не змякчае палюсы літаратуры Чорнага, але пэўнымі маніпуляцыямі нават абвастрае розніцу паміж нізкім немцам, злосным і ганарыстым палякам і ва ўсіх сэнсах станоўчым беларусам (хоць у канцы і аб’ядноўвае герояў адзіным кірункам). А гэта, вядома ж, вузкі і неактуальны погляд на людзей, нацыянальнасці і вайну.

Разам з «Млечным шляхам» павярхоўнасць дэманструе работа «Будны дзень» Кацярыны Тарасавай. Кіно-кіно, герой у запаволенай здымцы, незямны свет, жаночы вобраз у чырвоным як фантом, мяжа паміж жыццём і смерцю — ніякіх рэфлексій (у цэлым і не трэба, стварэнне кінематаграфічных прыгажосцяў на фоне гісторыі — таксама жанр).

Камандзір і два яго падапечныя бягуць ад немцаў, пакуль адзін з іх  — самы інфантыльны  — не наступае на міну. Тут яны ўсе разам аказваюцца на абедзе каля вясковай хаты ў сонечны дзень ды з прыгожай жанчынай то тут, то там. Цудоўная адлучанасць ад вайны, трупаў на дарозе і немцаў, што наступаюць на пяткі, аказваецца пераходам у іншы свет, у якім камандзір загадвае аднаму з персанажаў вяртацца ў рэальны. За дымам пасля ўзрыву мы бачым, што той па-геройску закрыў сабой інфантыльнага таварыша.

Гэта таксама паказальна: сучаснае пакаленне настолькі адхіленае ад траўмы XX стагоддзя, што можа на яе матэрыяле ствараць містычныя ці якія яшчэ сюжэты (веянне не новае). Праўда, у гэтым выпадку настолькі адхілена, што няважным становіцца, што тут за вайна, як яна сябе праяўляе (толькі фактам, што на ёй паміраюць), чым яна адметныя і галоўнае — чаму гэты сюжэт трапіў у альманах. Калі ўзяліся за серыю кароткаметражак пра вайну — працуйце з культурнай памяццю, уносьце ўклад у сучасны дыскурс і  — баюся нават агучваць  — закранайце непапулярныя падтэмы!

Апошняя навела «Фота на памяць» Ігара Васільева  — з той паловы, якая быццам пра глыбіню. З часоў вайны карціна перакінулася на сённяшнія дні і сканцэнтравалася на тым, наколькі памяць пра Вялікую Айчынную застаецца ў тонусе. Ветэран, нягледзячы на ўсе свае недамаганні, храбрыцца і заязджае па сябра, каб паехаць на арганізаванае ў гонар перамогі свята. Калі ён заходзіць у адмысловы інтэрнат па трэцяга таварыша, даведваецца, што той пайшоў з жыцця, але нічога не расказвае астатнім. У выніку на ўрачыстай цырымоніі тайнае ўсё роўна становіцца яўным, і пасля вяртання дадому ўражаныя сыходам сябра героі задаюцца пытаннем, ці будуць пра іх помніць.

Дзеля агучвання гэтага пытання фільм стварыў фікцыю  — фальшывыя ўсмешкі на ўрачыстасці, клопат фатографа пра «жывыя» фотаздымкі і цэлы свет, што апякуецца тым, каб выказаць ветэранам пашану. Вельмі прыгладжанае наваколле заняло вялікі экран і выклікала недавер, а сум старых людзей, якіх не наведваюць дзеці, а паплечнікі паміраюць, прапанаваў маладым гледачам памятаць пра ветэранаў, толькі зрабіў гэта няшчыра.

Уласна такой «Беларусьфільм» паказаў культурную памяць — то са здаровымі тэндэнцыямі, то з нездаровай нецярпімасцю, то з жаданнем паглыбіцца ў тэму, то з намерам выкарыстаць яе ў якасці фону для сваіх інтэнцый. Нацыянальная кінастудыя зняла чарговы ў сваёй гісторыі фільм пра вайну — і прадэманстравала, якой становіцца Вялікая Айчынная, калі замест натуральнай патрэбы асэнсаваць моцную траўму мінулага стагоддзя трэба спешна прымеркавацца да даты. Але значнага сучаснага ўнёску ў культурную памяць, на жаль, не атрымалася.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Застацца рэжысёрам

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».