Вы тут

Мажор у гасцёўні


У мастацкай галерэі раённага цэнтра рамёстваў супрацоўнікі Бярэзінскай раённай бібліятэкі зладзілі літаратурна-мастацкую гасцёўню для мясцовай інтэлігенцыі «Бацькоўскі край — жыцця калыска і творчасці Парнас», прымеркаваную да 70-годдзя бярэзінскага мастака, паэта і журналіста Уладзіміра Несцяровіча. Прадстаўленыя ў галерэі карціны земляка стварылі мажорны настрой і сталі нагодай для задушэўнай размовы пра яго творчасць. Уладзімір Несцяровіч — аўтар 4 кніг, член Баларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі, адзін з нямногіх прафесійных мастакоў Бярэзіншчыны, хто мае каля 500 карцін.


Творца падзяліўся сакрэтамі таго, што стала першым стымулам напісання вершаў, як ён, выпускнік звычайнай вясковай школы, пасля трох гадоў працы токарам вытрымаў конкурс у 18 чалавек на месца і паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча. Удзельнікі гасцёўні атрымалі магчымасць дадаць новыя штрыхі ў творчы партрэт земляка, адчуць непрытоенае здзіўленне, калі перад імі паўстала жыццё высокага чалавечага духу і творчага імпэту.

Магчымасць пачуць голас мастака, знаходзячыся каля яго карцін, — сапраўднае задавальненне. Пейзажны жывапіс стаў цудоўным аздабленнем вершаў, якія паэт прадставіў сам, упрыгожваючы іх вабнай аўтарскай інтанацыяй. Цікавасць выклікалі разважанні пісьменніка аб сваіх зборніках прозы «Непрыручанае рэха» і «Круты ўзлёт».

70-гадовы юбіляр адрасаваў землякам адмысловае пасланне-наказ. Гаспадыня гасцёўні Тамара Круталевіч уручыла шаноўнаму госцю арыгінальныя шаржы і эпіграмы-прысвячэнні. Музычны тонус пасяджэнню забяспечыла выступленне бярэзінскага гарманіста Міхася Папругі.

Ірына СЯМАШКА, метадыст аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.