Вы тут

У Брэсце ўрачыста адкрылі Кобрынскі пуцеправод


У Дзень Незалежнасці шмат людзей сабралася каля Кобрынскага моста. Ён ужо два месяцы дзейнічаў напоўніцу, па ім у абодва бакі хадзіў транспарт, але да гэтага дня працягвалася добраўпарадкаванне. Ды і момант адкрыцця стаў свайго роду падвядзеннем вынікаў вялікай работы, якая доўжылася больш за два гады.


Кобрынскі пуцеправод — не проста адзін з гарадскіх мастоў. Ён у пэўным сэнсе галоўны мост у горадзе. Ён злучае ўсходнюю частку — вуліцу Маскоўскую, якая плаўна пераходзіць у трасу М1, — з заходняй і цэнтральнай. Турысты, госці горада, якія накіроўваюцца ў крэпасць, абавязкова праязджаюць па мосце. Шлях большай часткі гараджан, што жывуць у спальных раёнах Усход, Кавалёва, іншых мікрараёнах, штодня праходзіць праз названы пуцеправод. Ужо трыццаць гадоў аўтар гэтых радкоў ездзіць на работу праз Кобрынскі мост. Дом друку ў Брэсце знаходзіцца зусім побач з мостам, яго відаць з акон нашых рабочых кабінетаў. А паколькі у працэсе рэканструкцыі мост пашырылі, то ён стаў бліжэйшым да нас у прамым сэнсе. Так што адкрыццё пуцеправода — сапраўды падзея для нас, многіх і многіх гараджан, а не толькі адно з мерапрыемстваў у рамках святкавання тысячагоддзя.

Кобрынскі пуцеправод упершыню быў узведзены прыкладна сто гадоў таму. За стагоддзе ён перажыў некалькі рэканструкцый. Цяпер яго цалкам знеслі і перабудавалі наноў. Праўда, зносілі часткамі, каб не перакрываць рух цалкам на такой важнай дарозе. І сёння трэба сказаць слова пахвалы дарожнікам, будаўнікам, інжынерам, якія сумелі правесці такую гіганцкую работу з мінімальнымі нязручнасцямі. Напрыклад, перад пачаткам будоўлі гаварылася пра тое, што адна паласа пэўны час будзе адкрыта толькі для грамадскага транспарту. Але за ўвесь час работы так і не перакрывалі рух для іншых машын нават на дзень.

Дарожнікі працавалі ў холад, дождж і спёку. Увесь чэрвень Брэст літаральна млеў ад пякельнага сонца. Скажам, яшчэ за два дні да ўрачыстага адкрыцця каля чацвёртай вечара, калі тэмпература паднялася пад сорак, асфальт і бетон патыхалі гарачынёй, выпраменьвалі яе так, што хацелася хутчэй прабегчы і схавацца ў цень, рабочыя працавалі. І такіх дзён было нямала. Так што гэта было найперш іх свята, тых, чыімі рукамі і мазгамі гэты прыгожы мост стаў рэальнасцю.

Новы мост узвялі для брастаўчан работнікі ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 4 Брэста». Яго генеральны дырэктар Ігар ШУГАЕЎ, уручаючы сімвалічны ключ кіраўніку Брэсцкага ДЭП, адзначыў, што да добрага прывыкаеш хутка, таму, відаць, сёння ўжо шмат хто забыўся, у якім стане знаходзіўся мост да рэканструкцыі. А тут узведзена, па сутнасці, два новыя пуцеправоды, на кожным з якіх маюцца тры паласы руху. З'явіўся падземны пешаходны тунэль, а таксама інфраструктура, якая служыць бяспецы перамяшчэння пешаходаў і транспарту.

Цяпер ужо дарожнікі кажуць, што гэты аб'ект быў вельмі складаны і тым цікавы, бо ўзводзіць яго давялося ў цэнтры горада пры поўнай загрузцы ды інтэнсіўнасці руху. І калі названы трэст выступіў генпадрадчыкам будоўлі, то яго субпадрадчыкамі сталі ААТ «Мостабудаўнічы атрад-58 КУП «Брэстжылбуд», ПКУП «Камунальнік», ТАА «Фактарбуд», філіял ЭМУ-9 ААТ «Белэлектрамантаж». І ўсе папрацавалі так, што старшыня гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК назваў іх работу працоўным подзвігам.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС падкрэсліў значнасць мерапрыемства менавіта ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, калі на пляцоўку каля моста сабралася вельмі шмат людзей, каб павіншаваць адно аднаго са святам.

Сімвалічную стужку перарэзалі каля ўваходу ў падземны пераход. З гэтага дня ён таксама адкрыты. Там устаноўлены ўказальнікі напрамкаў руху. Маюцца зручнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Будаўніцтва моста абышлося краіне прыблізна ў 20 мільёнаў рублёў. На адкрыцці адзначалі, што яшчэ пяць гадоў таму такая рэканструкцыя выглядала амаль што нязбыўнай марай. Але дзякуючы таму, што аб'ект быў уключаны ў праграму святкавання тысячагоддзя, мара здзейснілася. Цяпер брастаўчанам засталося як след даглядаць мост. І на гэтым шляху зроблены пэўныя крокі. Напрыклад, устаноўлена арыгінальная падсветка, так што ў цёмны час сутак мост будзе выглядаць надзвычай прыгожа. Як заўважыў кіраўнік горада, цяпер вядзецца работа над падсветкай Заходняга абходу, які таксама рыхтуецца да здачы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Загаловак у газеце: У добры шлях па мосце!

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.