Вы тут

Адкрыццё мемарыяла «Урочышча «Пяскі» запланавана на другі квартал 2020 года


У адным з самых жалобных куткоў полацкай зямлі знайшлі апошні прыстанак амаль 150 тысяч ахвяр фашызму, 38—40 тысяч з якіх былі савецкімі ваеннапалоннымі з перасыльнага лагера «ДУЛАГ-125» у 1941—1944 гадах. Іх забівалі фашысты і тыф, ад якога штодня гінула дзвесце чалавек.


Да нядаўняга часу тут было дзевяць магіл, ледзь прысыпаных пяском. Акт абследавання ад 7 мая 1945 года сведчыць, што дзве магілы захопнікі перад адступленнем спрабавалі спаліць, каб утаіць сляды злачынства. У пасляваенныя гады тут сеялі збожжа, пасвілі коз, пасля была пустка...

«Увекавечыць памяць імкнуліся даўно — грошай не хапала. У 2010 годзе Полацкае аддзяленне Беларускага фонду міру звярнулася ў Полацкі гарадскі Савет дэпутатаў з адпаведнай прапановай, і ўвесь корпус аднагалосна прагаласаваў за тое, што наш абавязак перад загінулымі — стварыць ім помнік», — успамінае старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па заканадаўстве Наталля ГУЙВІК. Да падтрымкі гэтай ініцыятывы актыўна далучылася і «Звязда».

Кошт праекта мемарыяла склаў мільярд недэмінаваных рублёў, але пасля 2011-га будаўнічыя работы штогод даражэлі. Мемарыял «Урочышча «Пяскі» быў уключаны ў дзяржаўную праграму на 2015—2020 гады, і з дапамогай бюджэтных грошай першая чарга будаўніцтва ўжо здадзена ў эксплуатацыю.

Днём канчатковага адкрыцця мемарыяльнага комплексу ў Полацку можа стаць 9 мая ці 22 чэрвеня 2020 года, паведаміла журналістам падчас вахты памяці ва ўрочышчы «Пяскі» Наталля Гуйвік.

Па яе словах, гатоўнасць мемарыялу цяпер складае амаль 75 %, засталося сабраць каля двухсот тысяч рублёў, каб завяршыць стварэнне комплексу: пабудаваць уваходны партал у выглядзе крыжа і лаўровага вянка, пад'язную дарогу, стаянку, агароджу, дошку з імёнамі ўсіх, хто браў удзел у зборы сродкаў. Да яго, дарэчы, далучыліся не толькі беларусы, як кажуць, усім светам, але і замежжа: зрабілі ўнёсак горад-пабрацім Полацка нямецкі Фрыдрыхсхафен і жыхары Расіі. З'явіцца ў мемарыяле і помнік воінам 1812 года — бо на месцы пахавання ішлі баі і ў ХІХ стагоддзі: тут знойдзены гузікі салдат той вайны, эмблемы вайскавых злучэнняў.

«Да завяршэння будаўніцтва комплексу падступаліся некалькі разоў, і вось урэшце выходзім на фінішную прамую дзякуючы сумесным намаганням і мясцовай улады, і аблвыканкама, і грамадскіх аб'яднанняў. Сапраўды, праект грандыёзны, і сёння, калі абазначыліся ўжо ягоныя контуры, становіцца лёгка і радасна на душы. Гэта наша памяць, тое, што нас аб'ядноўвае», — адзначыў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэй ЮНІЦЫН.

На «генеральнай рэпетыцыі адкрыцця» слёзы выціралі нават мужчыны — настолькі кранула гледачоў тэатралізаваная пастаноўка з лагернай гісторыі. Прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб'яднанняў, вайскоўцы, ветэраны і моладзь усклалі кветкі да помніка, аддаўшы даніну памяці падчас хвіліны маўчання.

«На гэтым месцы асабліва відаць, колькі гора, бяды перанёс наш народ. Перамога палітая крывёю, зямля наша палітая крывёю. Наша задача — данесці нашчадкам памяць пра тое, што тут калісьці было. Работу мы да канца года завершым, зробім добраўпарадкаванне, і тут будуць заўсёды праходзіць мерапрыемствы, будзе збірацца моладзь, уключым мемарыял у маршруты дэлегацый», — паведаміў старшыня Полацкага райвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Мікалай ШАЎЧУК.

Варвара Марозава, г. Полацк

Фота Іллі ШВЯДКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».