Вы тут

Узбекскі паэт Кучкор Наркабіл напісаў верш, прысвечаны Беларусі і Мінску


Узбекскі паэт і празаік Кучкор Наркабіл, збіраючы ў Беларусі матэрыялы для сваёй новай кнігі пра Вялікую Айчынную вайну, напісаў верш, прысвечаны краіне-партызанцы, гораду-герою Мінску.


Фота muzaffar.uz

У Саюзе пісьменнікаў Узбекістана яму параілі паехаць да беларускіх сяброў і пабачыць на свае вочы тыя адрасы, дзе народ праліваў кроў, дзе разам з беларусамі змагаліся з фашыстамі ўзбекі. Кучкор Наркабіл наведаў Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны, сустрэўся з вартавымі памяці ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Беларускія сябры дапамаглі ўзбекскаму калегу ажыццявіць паездку па мясцінах партызанскай памяці ў Пухавіцкі раён. Добрым апавядальнікам пра вайну для ўзбекскага госця выступіў дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Аляксандравіч Прановіч.

І ўжо амаль развітваючыся з Беларуссю, Кучкор Наркабіл перадаў новым беларускім сябрам верш, які напісаў у чэрвеньскія дні. Напісаў у Беларусі, у Мінску, у самы пярэдадзень Дня Незалежнасці Беларусі, у самы пярэдадзень Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Твор пераклаў на беларускую мову Навум Гальпяровіч.

— Цяпер, пасля сустрэчы з Беларуссю, — сказаў на развітанне з гераічным Мінскам, новымі знаёмымі і сябрамі спадар Наркабіл, — я проста абавязаны напісаць кнігу пра Беларусь ваенную, пра ўзбекаў, якія пралівалі тут кроў. І як толькі напішу і выдам гэты твор — адразу ж першым падарункам будзе кніга, адпраўленая ў Беларусь, у ваш музей Вялікай Айчыннай. Нізкі паклон беларусам, якія так старанна захоўваюць памяць пра драматычныя і гераічныя падзеі мінулага.

Сяргей Шычко.

Кучкор Наркабіл

* * *

Слаўны Мінск. Гэты велічны новы музей.

Тут з парога я ўбачыў вайну.

Сэрца цісне ў мяне і ў людзей

Праз самотную цішыню.

Нібы я у Афгане. У памяці зноў

Усплываюць трывожныя дні.

Але тут з той, Айчыннай, убачыў я кроў.

Яна ў сценах, ты толькі крані.

Гэта Гітлер, той жудасны людажэр,

Бойню ў гэтай зямлі развязаў.

Лютаваў тут фашыст ненасытны,

як звер.

І ў вачах маіх сёння сляза.

Тут зганялі людзей да смяротнай сцяны,

І рыдала ў адчаі дзіцё.

А фашыст з кулямёта бязлітасна біў,

Адымаючы ў людцаў жыццё.

І не дождж, а з нябёсаў пралілася кроў,

І заплакалі хмары і дол

Пра загінулых тут і дачок і сыноў.

І ўсё ў жудасці стыла вакол.

Ты, дзяўчына прыгожая, сёння не плач,

Бо слязамі ўжо поўна зямля,

Толькі помні заўжды і за здзек не прабач,

Хоць з гадоў мы ўзіраем здаля.

Ў Беларусі загінуў адзін ад траіх,

Гэты боль тут не ў сілах суняць,

І жыве гэтым кожны пакутлівы ўздых.

І бярозкі аб гэтым шумяць.

Я выходжу з музея. Цябе, Беларусь,

Прыціскаю да сэрца свайго,

Я твой боль назаўсёды з сабой забяру,

І ты будзеш як вечны агонь.

З узбекскай
Пераклад Навума Гальпяровіча

Загаловак у газеце: Забраць увесь боль

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».