Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: За мір трэба змагацца ў мірны час


Гэта Прэзідэнт адзначыў у выступленні падчас урачыстага сходу, прымеркаванага да Дня Незалежнасці і 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Урачыстым сходам і канцэртам майстроў мастацтва «Вызваленне» ўвечары 2 ліпеня распачаліся святочныя мерапрыемствы па ўсёй рэспубліцы.


Цана перамогі

Прэзідэнт назваў дату вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пунктам адліку новай гісторыі краіны — мірнай і стваральнай, які нават праз доўгія шчаслівыя гады пад чыстым небам нязменна вяртае нас у адзін з самых цяжкіх і гераічных перыядаў жыцця беларускага народа.

Амаль восем дзясяткаў гадоў таму на тэрыторыі Беларусі разгарэўся ачаг самай жорсткай ў гісторыі чалавецтва вайны. Менавіта на беларускай зямлі фашысцкія захопнікі, прайшоўшы паў Еўропы, упершыню сутыкнуліся з самым лютым супраціўленнем і панеслі першыя буйныя страты.

«Тут, на акупіраваных тэрыторыях, апантаныя помстай, яны асабліва бязлітасна распраўляліся з мірным насельніцтвам — старымі, жанчынамі і дзецьмі. Тут, зламаныя і азлобленыя, беглі, пакінуўшы за сабой след выпаленай зямлі, а ў сэрцах людзей — незагойную рану, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. —  Больш за тры гады гарэла Беларусь у пекле Вялікай Айчыннай. У першых бязлітасных баях нашы дзяды і прадзеды вучыліся ваяваць, а ў тыле ворага  — выжываць і змагацца.

Але, бачучы смерць таварышаў, сутыкаючыся з нечалавечай жорсткасцю, губляючы родных і блізкіх, захавалі веру ў сябе, веру ў сваё права на жыццё і ў непазбежную перамогу над ворагам. Мы ніколі не забудзем, якой цаной  дасталася нам  гэта перамога».

Беларусь страціла ў вайне каля трох мільёнаў чалавек. Калі палічыць і ненароджаных дзяцей, гэта лічба, па словах Прэзідэнта, пераверне нашу свядомасць і ўспрыманне страт, якія былі нанесены краіне.

З амаль 300 гарадоў і раённых цэнтраў больш за 200 былі разбураныя дашчэнту, а з 9000 знішчаных вёсак 600 спаленыя разам з жыхарамі.

«Вайна адкінула эканоміку Беларусі больш чым на 20 гадоў назад. Сельскай гаспадарцы быў нанесены вялізны ўрон, які падлічваўся мільярдамі тых рублёў. Амаль дзесяць з паловай тысяч прамысловых прадпрыемстваў былі знішчаны або вывезены ў Германію. Прамы матэрыяльны ўрон, нанесены акупацыяй, склаў 35 гадавых бюджэтаў рэспублікі. Была згублена гісторыка-культурная спадчына — наша духоўнае багацце », — нагадаў кіраўнік дзяржавы.

Штогод 3 ліпеня, у дзень вызвалення Мінска, беларусы перажываюць трагедыю тых гадоў і шануюць герояў, якія абаранілі нашу зямлю. У гэтыя дні сучаснікі схіляюць галовы перад усімі, хто жыццём заплаціў за мірнае будучае.

Прэзідэнт выказаў словы падзякі і брацкім народам «усім, хто змагаўся за нашы гарады і сёлы, як за сваю малую радзіму, хто вызваляў Беларусь і дапамагаў аднаўляць з руін і попелу ў пасляваенныя гады».


Моцныя ў цяжкасцях

Па словах кіраўніка краіны, Вялікая Айчынная вайна магла паставіць кропку ў нашай гісторыі, спыніць існаванне беларускага народа. Але ў страшных выпрабаваннях выявіўся нязломны беларускі характар, нацыянальная ментальнасць, якая ніколі не паддавалася рацыянальнаму разуменню тых, хто і раней прыходзіў з мячом на нашу зямлю. 

«Мы моцныя ў цяжкасцях. Менавіта ў выпрабаваннях найбольш ярка праяўляецца духоўная сіла беларусаў — сплаў мужнасці, смеласці, імкнення да справядлівасці і гатоўнасці аддаць жыццё, але не стаць на калені, не скарыцца, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — У імя гістарычнай справядлівасці мы не ідэалізуем гісторыю роднай зямлі. Не трэба гэта рабіць ніколі, як мы не рабілі ў навейшай гісторыі, не ўзвышаем яе, але ніколі і нікому не дазволім сцерці або перапісаць слаўныя старонкі гэтай гісторыі”.

Успомніў у сваім выступленні Прэзідэнт і пра шматлікія дыскусіі на тэму пралікаў, дапушчаных у пачатку Вялікай Айчыннай вайны: «Менавіта на гэтай цяжкай для нас тэме спекулююць і розныя дэструктыўныя сілы ўнутры краіны, але часцей звонку. Гэта праўда, пралікаў было нямала. Раней не прынята было пра іх казаць, і нават у апошнія гады Савецкага саюза. Гэтыя пралікі ў складаныя перыяды развіцця той ці іншай дзяржавы непазбежныя. Былі гэтыя пралікі і ў нас у 40-выя».

Нельга дазволіць змясціць акцэнты той эпохі і перакласці адказнасць за ваенныя страты на людзей, якія да апошняга верылі ў сумленнасць дасягнутых палітычных дамоўленасцей напярэдадні вайны.

«Мы не будзем судзіць мінулае, але будзем здабываць з яго ўрокі. Няхай нават жорсткія, непрыемныя ўрокі. Сёння мы дакладна ведаем, што за мір трэба змагацца ў мірны час. Гэта галоўны ўрок, якія выцякае з любой вайны, асабліва той вайны. Бачучы, як у сучаснай гісторыі дэвальвуецца сістэма міжнародных адносін, якая склалася, зноў абясцэньваецца чалавечае жыццё, мы павінны абавязкова трымацца разам, — падкрэсліў беларускі лідар. — Разам абараняць наш суверэнітэт, змагацца супраць войнаў і канфліктаў сваёй актыўнай пазіцыяй. Не адмоўчвацца, а заклікаць краіны свету да прыняцця адказных рашэнняў, каб пагасіць усе гарачыя кропкі на нашай планеце. Калі будзем маўчаць па прынцыпу наша хата з краю, заўтра гэта ўсё прыйдзе ў наш дом. Яно ўжо недалёка».


Каму і як абараняць краіну сёння

Не мог Прэзідэнт не пракаментаваць гарачыя дыскусіі, якія разгарнуліся наконт законапраекта пра вайсковую службу: «Ах дэпутаты дрэнныя. Бедны Раўкоў, міністр абароны, яго ўжо стапталі ўздоўж і поперак — не тое прапанаваў, не тое вайскоўцы ўнеслі на разгляд у парламент. А тыя нешта там прынялі, а заўтра будзе катастрофа. Ды супакойцеся. Прэзідэнт не паставіў яшчэ подпісу не на адным дакуменце, дзе вы думаеце пра катастрофу».

Суверэннасць і незалежнасць — дарагія рэчы, якія грамадства ўспрыняла «на ўра». «А калі паўстала пытанне пра доўг, пра цану незалежнасці, хаця б у частцы абароны суверэнітэту і незалежнасці, усе закрычалі: «Не». Трэба грамадства падзяліць на часткі, на класы нейкія — адны рабочыя і сяляне, як звычайна, у каго ўлады няма і не  прарвацца туды, яны хай абараняюць нас, мы ім дадзім ружжо і хай там паміраюць, абараняючы нас. А мы, канешне, за мяжой і яшчэ дзесьці будзем атрымліваць адукацыю і будзем выбіраць, дзе нам жыць і працаваць, але абараняць мы не будзем, ваяваць мы не будзем» — расказаў пра «прапановы» Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што паразважаў пра гэтыя «падкінутыя» высновы. «Можна звярнуцца ў НАТА, Паўночнаатлантычны блок, і папрасіць іх. Калі мы моцна папросім, яны нам паабяцаюць. І тыя, хто папісвае ў інтэрнэце з задавальненнем, гэта прымуць. Вы хочаце гэтага варыянта? Я не. Ёсць іншы варыянт, ён нам бліжэй — мы нядаўна ў такім варыянце існавалі — брацкая, родная нам Расія. Мы можам уступіць у склад Расіі, папрасіць іх, каб яны нас абаранялі, — пералічвае варыянты беларускі лідар. — Вы хочаце ў склад Расіі, каб яна нас абараніла? Не. І я  не хачу. Тады застаецца трэці варыянт — самі будзем абараняць сябе. І тыя, хто папісвае, так і разважаюць. Толькі думаюць, што не яны будуць з ружжом хадзіць ад Брэста да Смаленска, не яны будуць на бронетэхніцы і самалётах лётаць, абараняючы нашу краіну, а тыя, хто не могуць паступіць нікуды і так далей. Вы хочаце, каб было так? Я не. Пасля мяне, калі ласка».

Па словах Прэзідэнта, абараняць радзіму павінны ўсе, але, безумоўна, асаблівая адказнасць на мужчынах. «Мы сталі нахабнымі да такой ступені, што на жанчын сталі перакладваць і гэту праблему. Мала таго, што, як у спорце, дзве трэці жанчыны заваёўваюць медалі, адну трэць — мужыкі, і ўсюды апраўдваюцца. У Беларусі гэтага быць не павінна. Жанчына павінна адказваць за сваё, а мужыкі забяспечваць сям'ю і абараняць радзіму, сваю сям'ю і сваю жанчыну», — абурыўся лідар дзяржавы.


Перамога без вайны

Сваім мірным жыццём мы абавязаны ветэранам вайны, героям тылу, рабочым, сялянам, інтэлігенцыі пасляваенных гадоў. Мы памятаем загінулых, і дзякуем тым, хто пасля вайны, не маючы дасканалай тэхнікі, аднаўляў краіну — гэта яшчэ адзін подзвіг народа.

«І мы схіляемся перад імі, тымі хто аддаў сваё жыццё для таго, каб мы сёння маглі жыць. І доўг нашага пакалення — жыць так, як яны, як вы. Навучыць сваіх дзяцей, як вы, любіць Радзіму, працаваць на яе карысць і быць гатовымі пастаяць за Айчыну. Наш абавязак — узгадаваць у юных сэрцах пачуццё гонару за слаўнае пакаленне беларусаў, якія ў цяжкі час даказалі, што годныя гэтай краіны і гэтай незалежнасці. Таму дзень вызвалення Мінска ад нацызму стаў нашым галоўным дзяржаўным святам — Днём Незалежнасці», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Лёс беларускага народа — гэта шлях да стварэння суверэннай дзяржавы даўжынёй у некалькі эпох. І на ім былы і пад'ёмы, і падзенні.

«Сёння, узіраючыся ў падзеі мінулых стагоддзяў, мы бачым, як у цэнтры віру гістарычных падзей і лёсаў складана, але ўпэўнена фарміраваўся беларускі народ. Мы з вамі фарміраваліся, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы плод векавога развіцця цывілізацыі на гэтай Зямлі. А ў свядомасці людзей умацоўвалася думка аб стварэнні ўласнай дзяржавы па праву сваёй нацыянальнай унікальнасці і наяўнасці гістарычнай тэрыторыі. Але так склалася, што менавіта нам выпаў шанец ажыццявіць гэту мару. Мы здабылі суверэнітэт і разумеем вялікі гістарычны маштаб гэтай падзеі».

З амаль 2000 народаў толькі дзясятая частка здолела стварыць уласную дзяржаву. Сярод такіх і наша Беларусь. «І тое, што за чвэрць стагоддзя сваёй незалежнасці ва ўмовах магутнага палітычнага, інфармацыйнага і эканамічнага ціску (памятаеце, зусім нядаўна было) нам удалося абараніць суверэнітэт, захаваць мір і парадак у краіне. Гэта стала нашай з вамі агульнай перамогай у навейшай гісторыі. Перамогай без вайны, што вельмі важна», — канстатаваў кіраўнік краіны.

Памятаючы мінулае, Беларусь вядзе міжнародны дыялог па прынцыпах добрасуседства і ўзаемнай павагі, захоўвае міжканфесіянальную і ўнутрынацыянальную згоду, імкнецца да справядлівага і гарманічнага развіцця грамадства. Гэтаму навучыла нас гісторыя.

«Мы дакладна ведаем, што будучыня Беларусі ў згуртаванасці народа і нацыянальным адзінстве. Гэта самае вялікае дасягненне нашай дзяржавы і самая лепшая спадчына, якую мы пакінем нашым дзецям і нашым унукам. Мы ганарымся мужнасцю і гераізмам пераможцаў, сваёй працай, поспехамі і мэтамі ў мірным жыцці імкнёмся быць годнымі прадаўжальнікамі іх слаўнага подзвігу. Разам будуем моцную і незалежную дзяржаву. Усё, што зроблена сёння ў Беларусі, нязменна асацыіруецца са знакам самай высокай якасці. І гэта дзякуючы вам усім, хто любіць сваю краіну, працуе на сумленне ў імя нашай агульнай мэты: зрабіць яе сучасную гісторыю слаўнай і больш прыгожай. Мы ведаем, што ўсё дасягальна, але толькі калі будзем верыць ва ўласныя сілы, захаваем мір і зробім усё магчымае ў імя гэтага жыцця на гэтай Зямлі», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Народ Беларусі глядзіць у будучыню і ведае, што яна ёсць, пакуль берагуць памяць аб мінулым. І гэтую памяць ўвасабляе галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі чалавек становіцца кнігай. Што такое «Жывая Бібліятэка»?

Калі чалавек становіцца кнігай. Што такое «Жывая Бібліятэка»?

Аповеды ў «Жывой Бібліятэцы» заўсёды запамінаюцца «чытачам», бо «кніга» — сам чалавек з непаўторным жыццёвым досведам, сваім ладам жыцця...

Грамадства

Якімі шляхамі будзе развівацца зялёная эканоміка?

Якімі шляхамі будзе развівацца зялёная эканоміка?

Элементы «азелянення» эканомікі ўключаюць у сябе электратранспарт, гарадскую мабільнасць, разумныя гарады, арганічную сельскую гаспадарку і экалагічны турызм.

Культура

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум

За фестывальны тыдзень у Віцебску прайшло без малога дзве сотні падзей.