Вы тут

Уладальнік «Залатой пальмавай галіны» выходзіць у мінскі пракат


Аднадушна расхваленая прафесійнай публікай карціна «Паразіты» Пона Джун Хо, якая на апошнім Канскім кінафестывалі атрымала «Залатую пальмавую галіну», з 4 да 17 ліпеня будзе паказвацца ў Falcon Club Буцік Кіно і кінатэатрах «Кінавідэапракату».


Фота: daily.afisha.ru

На галоўным кінааглядзе свету «Паразіты» былі сардэчна прынятыя як журы, так і крытыкамі. The Guardian назваў новую работу аўтара фільмаў «Маці», «Гаспадар» і «Окча» «раскошна глядзібельнай сатырычнай саспенс-драмай», а The Hollywood Reporter — «цёмным сямейным фарсам, дзе адзінымі монстрамі з’яўляюцца людзі». У цэлым карціну называюць драмай, трылерам, нуарам, а сам Пон Джун Хо — «камедыяй без клоўнаў і трагедыяй без злачынцаў».

Гаворка ідзе пра беспрацоўную сям’ю Кі Тэк, якая зарабляе толькі тым, што складвае з нарыхтовак каробкі для піцы. Аднойчы старэйшаму сыну шчасціць, падрабіўшы дыплом, трапіць на цудоўнае месца прыватнага рэпетытара для дачкі багатага бізнесмена. Ён прыходзіць у шыкоўны дом свайго працадаўцы пад новым імем Кевін і пакідае ў яго жыхароў, сям’і з таксама чатырох чалавекаў, добрае ўражанне. Ён рознымі спосабамі і на розныя вакансіі пераводзіць сюды ўсю сваю сям’ю, з чаго мае пачацца ўсё самае цікавае.

Пон Джун Хо — адзін з найцікавейшых сучасных рэжысёраў Паўднёвай Карэі, яго карціны «Успаміны пра забойства» і «Гаспадар» былі лідарамі праката, а «Окча» удзельнічала ў конкурсе Канскага кінафестывалю 2017 года. «Паразітаў» ужо параўналі з уладальнікам «Залатой пальмавай галіны» мінулага года — японскай сацыяльнай драмай «Магазінныя зладзюжкі» Хіракадзу Карээды, а таксама знайшлі агульнае з вядомымі паўднёвакарэйскімі фільмамі «Служанка» Пака Чхан Ука і «Палаючы» Лі Чхан Дона.

4 ліпеня паказ адбудзецца ў рамках праекта «Зала № 4» — фільм прадставіць праграмны дырэктар кінафестывалю «Лістапад» Ігар Сукманаў.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».