Вы тут

Што было цікавага на «Кушлянскім фэсце»


Наведаць хату першага беларускага паэта, убачыць, як ткуцца сялянскія паясы, пакаштаваць напоі з зёлак ды лісця, навучыцца танцаваць пад старадаўнія мелодыі, запусціць паветранага змея і пазнаёміцца з постаццю Багушэвіча тых часоў, калі ён служыў у войску... Усё гэта можна было зрабіць на «Кушлянскім фэсце», які другі раз прагрымеў на выхадных у Музеі-сядзібе «Кушляны», каб «усім было чутна: ад краю да краю», як сцвярджаў лозунг свята.


Ад месца спачыну да роднай хаты

Тыя, хто выправіўся ў падарожжа разам з краязнаўцай Валянцінай КАРОТКІНАЙ, супрацоўніцай літаратурнага музея Максіма Багдановіча, узбагаціліся ведамі не толькі пра жыццё і творчасць паэта. Яны наведалі помнік Францішку Багушэвічу ў Жупранах і ўсклалі да яго кветкі. А пасля завіталі ў тамтэйшы касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла, узведзены ў сярэдзіне XІX стагоддзя. У той дзень там рыхтаваліся да сакраманту вянчання.

— Тут яскрава бачны элемент, характэрны для заходняй і паўночна-заходняй часткі Беларусі, — разынкавая муроўка. Звычайныя вялікія камяні з палёў дадаваліся ў тынкоўку разам з дробнымі каменьчыкамі. Такая канструкцыя больш трывалая, чым проста каменная муроўка. У касцёле праглядаюцца таксама і рэчы эклектычных элементаў у арках стылю Рэнесансу, у спробах зрабіць завостраныя вежы ў гатычным стылі і іншае, — расказала краязнаўца.

Пасля госці свята наведалі магілы Багушэвіча і яго родных і ўшанавалі іх памяць, запаліўшы свечкі. Здавалася, што такім чынам яны атрымалі пэўны дазвол наведацца ў родную сядзібу паэта.

Гаючы «нулявы кіламетр» беларускага народа

Аматары нацыянальнага каларыту і гісторыі як след наталілі культурна-літаратурную смагу ў фальварку паэта. Як сцвярджаюць арганізатары фэсту, Кушляны — гэта «нулявы кіламетр» беларускага народа, дзе абудзілася яго родная мова.

— Людзей на свяце становіцца ўсё больш, а гэта значыць, што ў нас ёсць будучыня, а ў Беларусі — культура, якая нічым не горшая за замежныя. Мы адны з тых культур, што ствараюць сусветную палітру, — зазначыў Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл РЫБАКОЎ.Мы ўспамінаем свае карані — усё тое, што стварае наша жыццё, каб нам было куды расці і помніць, чым мы можам ганарыцца.

Гэта зямля, якая дала зыходны пункт голасу і годнасці беларусаў, стала роднай для ўсяго народа. Дзеля захавання беларускай мовы і літаратуры і ладзіцца гэты фэст.

— Калісьці нас адвучалі ад нашай культуры, і быў пасыл, што яе ў нас няма, бо мы то «ўсходнія крэсы», то «паўночна-заходні край». А беларуская гісторыя мае глыбокія карані, і мы знаходзімся на гістарычнай зямлі першага нацыянальнага паэта, які не баяўся і не цураўся роднай мовы. І варта помніць пасыл паэта: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі», — выказаўся намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзь БЫЧКО.

Багушэвіч быў першы паэт, які загаварыў пра існаванне беларускай нацыі, адзначаючы агульнасць мовы і роднай зямлі. Іван САВЕРЧАНКА, літаратуразнавец, прафесар, доктар філалагічных навук, крытык і празаік, заўважыў:

— Ва ўсіх вершах паэта выказаны фундаментальныя рэчы, якія арганізуюць нацыянальнае жыццё. Ён гаварыў пра волю, неабходнасць абароны праўды, справядлівасць.

Акунуцца ў даўніну

Хата Багушэвіча — адзіны аўтэнтычны прыклад пісьменніцкай сядзібы XІX стагоддзя. Яе гаспадарліва даглядае захавальнік Алесь ЖАМОЙЦІН, які дэталёва ведае спадчыну паэта. Ён не толькі правёў для гасцей цудоўную экскурсію па хаце-музеі, але і сыграў на дудцы і сказаў: «Будзьце як дома, адчувайце сябе як дома, і памятайце пра Беларусь».

У маёнтку ўсё працята даўніной і захавана ў максімальна некранутым стане. Падчас экскурсіі па мястэчку ў нейкі момант да прысутных выйшаў сам Францішак Багушэвіч у грэнадзёрскай форме. Няхай гэта і забаўка для турыстаў, аднак калі прыпыніцца каля капліцы, то можна сапраўды ўявіць, што душа паэта дагэтуль недзе тут.

Падарункам да свята і ўсёй навукова-краязнаўчай суполкі Беларусі стала адкрыццё Змітра ЮРКЕВІЧА, гісторыка-архівіста, старшыні артсуполкі імя Тадэвуша Рэйтана. Ён знайшоў невядомыя звесткі пра брата паэта Валяр'яна Язэпа, радавое пахаванне якога сёлета выпадкова, як прызнаецца сам гісторык, адшукаў на Вітэнбергскіх могілках у Германіі.

Знакавы ўзор і душэўны напой

На працягу фэсту госці цешыліся песнямі ды танцамі, назіралі за творчай «бойкай» дудароў з Глыбокага і Мінска, слухалі званы Багдана Бярозкіна, загадчыка аддзялення Мінскага духоўнага вучылішча.

Самыя цікаўныя прайшліся па аборы і падзівіліся на прылады сялянскай працы. Перад кароўнікам для дзетак арганізатары зладзілі гульні, а па-за межамі падворка запускалі паветраных змеяў.

Дарослыя ж вучыліся танцаваць і ўдзельнічалі ў майстар-класах па лінаграфіі, вырабе беларускай лялькі, выцінанкі ды пляценні старажытных паясоў. Геаметрычны арнамент апошніх, дарэчы, хоць і вольны, аднак утрымлівае пэўныя знакі: жыцця, сонца і іншыя. Традыцыйная колеравая адметнасць беларускіх паясоў чырвона-чорная або бела-чырвоная. Зялёны дадаецца як сімвал расліннага свету, жыцця і росквіту, расказала Таццяна ЗЯНОВІЧ, загадчык аддзела традыцыйнай культуры Раённага дома рамёстваў Смаргоні, якая на пляцоўцы ткала новыя вырабы:

— Паясы ткуцца ў тэхніцы на ніце. Яна лічыцца самай складанай, зрадні кроснам. Тут выкарыстоўваюцца нічальніца (кабылка) ды чаўнок. З поясам звязана ўсё жыццё чалавека, як і з ручніком. Пры нараджэнні дзіцяці яму павязвалі паясок, які матуля давала яму з сабой у войска. Маладзіца ў пасаг ткала сабе да 50 паясоў. Іх не толькі немаўляці павязвалі, але і на студню, на вядро, як ішлі даіць карову. І нам варта не губляць гэтыя традыцыі.

Смаргонская пагранічная група, як абвяшчала праграма, «зварыла зацірку, дык аж гоніць слінку». Госці каля пляцоўкі маглі падмацоўвацца гарбатай ды салдацкай кашай. Больш вытанчаны густ прысутныя задавальнялі ў фітабары «Дайнаўскі пачастунак».

— Наш раслінны свет вельмі багаты, і мы спалучаем смакі, экперыментуем. Хоць натуральныя зёлкавыя зборы смачныя самі па сабе, аднак для ласуноў прапануем сочыва з лясной маліны, сіроп з каліны ці айвы, — кажа Зміцер МУРАШКА, гаспадар сядзібы «Дайнаўскі пачастунак».

Тут прапанавалі традыцыйны купальскі збор з лугавых кветак, ліпы, чабару, канюшыны. Напой «духмяны» з лавандай і зуброўкай, «яблыневы» — з ферментаваным лісцем яблыні і кветкамі. Так што было на фэсце і воку прыемна, і жывату...

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?