Вы тут

У Бабруйску адначасова адзначылі некалькі падзей


Гараджане гучна, весела і, як заўсёды, з размахам адзначалі адначасова некалькі падзей — 75-ю гадавіну вызвалення Бабруйска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дзень горада, Дзень моладзі і XV міжнародны фестываль народнай творчасці «Вянок дружбы».


Яшчэ ў пятніцу на плошчы Леніна віравала святочнае жыццё, але галоўнай падзеяй стала адкрыццё фестывалю «Вянок дружбы» на вялікай сцэне «Бабруйск-Арэны». У юбілейным фэсце бралі ўдзел 22 калектывы з 17 краін свету. Упершыню сваю творчасць дэманстравалі артысты з Аргенціны, Узбекістана і Карэі. Відовішча незабыўнае — удзельнікі форума з'яўляюцца носьбітамі самабытных народных спеваў і танцаў. Разыначка гэтага фестывалю — тэатралізаванае шэсце ўсіх яго ўдзельнікаў.

У суботу 29 чэрвеня гулянні набылі патрыятычнае адценне. Бабруйск адзначаў Дзень горада і сваё вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Разам з жыхарамі шматлікія госці горада ўшанавалі гонар воінаў-вызваліцеляў, усклалі кветкі да мемарыяла па вуліцы Мінскай. На плошчы Леніна адбыўся мітынг і парад воінаў Бабруйскага гарнізона.

Сімвалічным стала адкрыццё алеі гарадоў. Як сведчаць арганізатары, гэтай падзеі паспрыяў менавіта фэст «Вянок дружбы».

— Фестываль з'яўляецца брэндам нашага горада. Удзел у ім творчых дэлегацый дазволіў стварыць больш сяброўскія ўзаемаадносіны з нашымі суседзямі. Расійскія гарады Нара-Фамінск, Уладзімір і Колпіна, а таксама славацкі Пухаў і латышскі Даўгаўпілс сталі гарадамі-партнёрамі Бабруйска, — адзначыў начальнік аддзела культуры Бабруйскага гарвыканкама Вадзім Шчэрбіч.

Удзельнікі «Вянка дружбы» далі святочны канцэрт на адкрытай пляцоўцы на плошчы Леніна, дзе былі ўшанаваны найлепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў.

Як заўсёды, шмат станоўчых эмоцый гараджанам і гасцям горада прынеслі фестываль «Запрашаем смачна есці!» з дэгустацыяй беларускіх страў і наведванне тэматычных пляцовак і горада майстроў. На «Бабруйск-Арэне» адбыўся канцэрт з удзелам Ірыны Дарафеевай, Аляксандра Саладухі, Георгія Калдуна і іншых беларускіх артыстаў. Некаторых з іх можна было ўбачыць на адкрытай пляцоўцы ў цэнтры горада, дзе, перад тым як неба расквеціў святочны салют у гонар Дня горада, таксама адбыўся вялікі канцэрт.

Дарэчы, на наступны дзень, у нядзелю, гулянні працягваліся. Ваенна-гістарычныя клубы дэманстравалі сцэны з паходнага жыцця, уражвала сваімі экспанатамі выстаўка ваеннай тэхнікі, запрашалі маленькіх гасцей дзіцячыя пляцоўкі. У раёне вёскі Думаноўшчына адбылося спартыўнае шоу «Гонкі трактароў», а аэрадром Сычкава прапаноўваў аматарам экстрыму захапляльныя палёты над горадам. У гэты ж дзень да новых сустрэч развітаўся з жыхарамі горада і фестываль «Вянок дружбы». Яго заключнае прадстаўленне адбылося на самай вялікай сцэне горада — «Бабруйск-Арэне».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта Бабруйскага гарвыканкам

Загаловак у газеце: Канцэрты, шэсце, выстаўкі-продажы...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».