Вы тут

Персаналіі Беларусі: кітайскае прачытанне


У Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі складваюцца трывалыя сувязі. Спрыяюць гэтаму частыя візіты кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, арганізатараў вытворчасці, бізнэсменаў, навукоўцаў, дзеячаў культуры. І, канешне ж, — пісьменнікаў, журналістаў.


Толькі за апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў у Пекіне, іншых гарадах Паднябеснай пабывалі празаікі, паэты, літаратуразнаўцы, публіцысты, перакладчыкі Алесь Бадак, Міхаіл Шыманскі, Дар’я Нечыпарук, Мікола Трус, Ірына Шаўлякова, Навум Гальпяровіч, Аляксей Чарота і іншыя. Зразумела, кожная з паездак паікдала след не толькі ў памяці падарожніка, але і заставалася адбіткам у тых ці іншых публікацыях. Як вынік — новыя вершы, апавяданні, публіцыстычныя артыкулы. І мастакі, мастацтвазнаўцы — таксама руплівыя збіральнікі памяці, руплівыя, энергічныя камунікатары нацыянальных культур.

За апошнія гады ў Кітаі пабывалі скульптары Аляксандр Фінскі, Уладзімір Слабодчыкаў, жывапісцы Марына Эльяшэвіч, Уладзімр Пракапцоў... Але шмат хто і ў Кітаі, і ў Беларусі адкрывае свет праз літаратурныя, дакументальныя крыніцы, праз мас-медыя, кнігу. І калі такіх крыніц недастаткова, то і веданне можа быць абмежаваным. У нас, у Беларусі, дзе адкрытыя шырока дзверы і для кнігі, для мас-медыя на рускай мове і створаных у суседняй Расіі, здаецца, такой інфармацыі, усходазнаўчага досведу хапае. А вось у Кітаі наколькі развіта беларусазнаўства, наколькі там прадстаўлена інфармацыйна беларусістыка, усё, што звязана з Беларуссю..?

Зразумела, пытанне рытарычнае. І адказ на яго ясны — кітайцы найперш адкрываюць далёкую ад іх Беларусь праз асабісты камунікат. Кніг, публікацый у Кітаі пра Беларусь, за выключэннем кароткіх інфармацыйных паведамленняў, не так ужо і шмат.

Таму высокай падзеяй у беларуска-кітайскіх гуманітарных адносінах на сучасным этапе можна смела лічыць выданне ў Пекіне кнігі нарысаў, прысвечаных дзесяці знакамітым беларусам, ураджэнцам Беларусі. Выключнасць дадзенага грунтоўнага выдання заключаецца найперш у тым, што і выбар персанажаў кнігі, і аўтарства — усё гэта справа кітайскага боку.

За гады супрацоўніцтва КНР і суверэннай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь склалася новая сістэма каардыянат. Беларусь, беларуская тэма выходзяць з «ценю» савецкай гісторыі і, канешне ж, з улікам папярэдняга досведу, але і з разлікам на асэнсаванне новага гістарычнага ўкладу жыцця Кітай і кітайцы пачынаюць асэнсоўваць Беларусь і беларусаў. Праект зборніка персаналій нарадзіўся некаторы час назад у сценах Другога Пекінскага дзяржаўнага універсітэта замежных моў. Тут існуе Цэнтр даследванняў Беларусі. Велізарны ўклад у фарміраванне атмасферы цікаўнасці да Беларусі ўнесла і працягвае ўносіць прафесар доктар філалагічных навук спадарыня Чжан Хуэйцінь.

За гады існавання Цэнтра ў ім пабывалі і госці з Беларусі, створаны асобны кабінет Цэнтра, склалася немалая бібліятэка, якая пачала папаўняцца за кошт намаганняў Пасольства Рэспублікі Беларусь у КНР і пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкага дома «Звязда», Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Якія ж нарысы ўвайшлі ў кнігу? Адкрывае выданне жыццяпіс Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, якога добра ведаюць у Кітаі, які не аднойчы досыць грунтоўна выказваўся адносна характара развіцця беларуска-кітайскіх адносін у розных галінах. Пасля ідуць нарысы пра Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы, першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Пятра Машэрава, славутага першадрукара Францыска Скарыну, народных песняроў Беларусі Янку Купалу, Якуба Коласа, класіка беларускай паэзіі Максіма Багдановіча, мастака Марка Шагала, народнага мастака СССР Міхаіла Савіцкага, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святлану Алексіевіч, славутага харэографа Валянціна Елізар’ева. Відавочна, што дадзеная кніга дае толькі самае агульнае ўяўленне пра асоб, якія ў той ці іншай ступені фарміравалі і працягваюць фарміраваць свядомасць народа Беларусі. І ўсё ж падаецца надзвычай цікавым сам характар выбару герояў выдання.

Генератарамі праекта, асноўнымі аўтарамі, акрамя спадарыні Чжан Хуэйцінь, з’яўляюцца былы дарадца па справах СМІ ў Пасольстве Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Ван Сянцзюй, а таксама — былы дарадца па справах адукацыі ў Пасольстве КНР у Рэспубліцы Беларусь спадар Бэй Вэньлі. У складанні кнігі прымалі ўдзел прафесары Кітайскага інстытута па міжнародных справах, Цэнтра даследванняў Беларусі пры Другім Пекінскім універсітэце замежных моў, Усходне-Кітайскага педагагічнага універсітэта (г. Шанхай), а таксама магістранты згаданых ВНУ ў Пекіне і Шанхаі.

— Мы спадзяёмся на працяг работы такога кшталту, — гаворыць спадарыня Чжан Хуэйцінь. — У нас складваюцца добрыя адносіны з мас-медыя Беларусі, з шэрагам ВНУ Рэспублікі Беларусь. Несумненна, усе нашы задумы скіраваны на тое, каб у самы бліжэйшы час з’явілася і кніга «Сто асоб Беларусі» на кітайскай мове. У Кітаі ёсць памкненне ведаць, адкрываць Беларусь. Шмат хто з аспірантаў, магістрантаў вучыўся і вучыцца ў Мінску, Гомелі, іншых гарадах Беларусі. Канешне ж, яны фарміруюць свой партрэт вашай краіны, канешне ж, у іх свядомасці складваюцца ўяўленні пра гісторыю сінявокага края, пра ролю тых ці іншых асоб у палітыцы, культуры, навуцы Беларусі. Каб такая праца насіла характар адпаведнасці, была надзвычай аб’ектыўнай, — відавочна, трэба яе разглядаць, аналізаваць, рэцэнзіраваць і ў Беларусі. А мо нават і перакласці на беларускую мову...

Будзем лічыць, што выданне, прысвечанае дзесяці гістарычным асобам у лёсе Беларусі і выдадзенае па-кітайску, — добры знак у развіцці і пашырэнні беларуска-кітайскіх гуманітарных адносін.

Відавочна, што да стварэння падобных прац мог бы спрычыніцца і беларускі бок. Найперш — праз сетку Рэспубліканскіх інстытутаў кітаязнаўства імя Канфуцыя, якіх у беларуксіх ВНУ ужо працуе некалькі. Чаму б не арганізаваць выданне кшталту «Дзесяць асоб у літаратуры Беларусі» (ці — «Дзесяць пісьменнікаў Беларусі»), «Дзесяць асоб у жывапісе Беларусі» (ці — «Десяць мастакоў Беларусі», а мо яшчэ — і «Дзесяць скульптараў Беларусі»), «Дзесяць акцёраў Беларусі», «Дзесяць кампазітараў Беларусі», «Дзесяць музыкантаў Беларусі», «Дзесяць спевакоў Беларусі» (уявіце, якім магутным мог бы быць склад такой кнігі — у ёй проста павінны быць нарысы пра жыццё і творчасць Уладзіміра Мулявіна, Наталлі Гайды, Аляксандра Ціхановіча, Ядвігі Паплаўскай, Ларысы Александроўскай), «Дзесяць рэжысёраў кіно Беларусі»... 

Тым болей, што ў Беларусі працуе шмат магістрантаў, аспірантаў, якія рыхтуюць дысертацыі па розных галінах культуры, мастацтва. Пад кіраўніцтвам беларускіх прафесараў яны змаглі б, улічваючы характар успрыняцця інфармацыі кітайскім чытачом, досыць прафесійна расказаць пра гісторыю Беларусі праз адлюстраванне лёсаў розных асоб, пра іх месца ў лёсе нашай краіны.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.